Пажарныя выратавалі бусла
30.07.2018
—
Разное
Гэта адбылося 26 ліпеня, на наступны дзень пасля таго, як выратавальнікі адзначылі прафесійнае свята. На маёй прыдамавой тэрыторыі знаходзіцца лазня, на коміне якой буслы звілі вялікае гняздо. З гэтага гнязда звісаў кавалак вяроўкі, дык вось у гэтай вяроўцы заблытаўся малады бусел, які з усіх сіл хацеў вырвацца, але знясілеў і ўжо ледзь-ледзь трапятаўся.
Я, інвалід і пенсіянерка, у тую хвіліну нічым не магла дапамагчы птушцы, таму патэлефанавала нашым выратавальнікам. У хуткім часе прыехаў баявы разлік з Целяхан. Уладзімір Квашэвіч, адзін з выратавальнікаў, прадэманстраваў сваю сілу і лоўкасць. Ён узняўся на вышыню, дапамог буслу распутацца, стаць на ногі і на крыло. Птушка ўзнялася ў паветра, паляцела. Мяне літаральна накрылі радасць і ўдзячнасць нашым паважаным выратавальнікам, якія ў цяжкую хвіліну прыходзяць на дапамогу як чалавеку, так і братам нашым меншым.
Яўгенія Іванаўна ЛУКАШЭВІЧ,
жыхарка г. п. Целяханы.