“Жыццё пражыць — не поле перайсці» — народная прымаўка раскрывае ўсю сутнасць чалавечых лёсаў. Толькі ўлюблёным у яго і моцным духам можна справіцца з выпрабаваннямі лёсу і ўпэўнена крочыць наперад.
Найдаражэйшы ў свеце куточак
Соф’я Канстанцінаўна шчаслівая тым, што жыве на аюцавіцкай зямлі. Яе мама і тата пражылі тут, абраннік жыцця аказаўся мясцовым, сама ўвесь час і шмат шчыравала ў жыцці. «Маё купала тут», — па-сялянску проста гаворыць яна і дадае, што гэта найдаражэйшы куточак у свеце і любы сэрцу ва ўсе поры года. Вясна прабуджае наваколле, лета дорыць рознакаляровыя фарбы, восень радуе багатымі ўраджаямі, зіма ўражвае бялюткім покрывам. У горадзе такой прыгажосці не заўважыш.
Яна прыгадала, як аднойчы дачка забрала ў горад. Жывуць заможна і дружна ў кватэры з усімі выгодамі. Маці адчувала сябе камфортна ў родных людзей, але час ад часу ў думках вярталася на маленькую радзіму. «Бацькаўшчына валодае прыцягальнай сілай, тут усё сваё і блізкае сэрцу. Родны куточак немагчыма нічым у свеце замяніць», — пераканана жанчына.
Аснова з асноў
У пятнаццаць гадоў Соф’я пазнала цану працы. Бацька не вярнуўся з вайны, і дзяўчынцы рана давялося стаць самастойнай. Маці працавала да сёмага поту, а дачка старалася не адстаць ад яе. Яна была паляводам у калгасе «Савецкая Беларусь», а затым даяркай на ферме ў Аюцавічах.
Пра працу даяркі часта ўспамінае: «Даілі кароў у той час тры разы ў дзень апаратамі, малако ішло ў бак, а затым вёдрамі насілі ў агульную ёмістасць. На ферме працавала шэсць асноўных даярак і адна падменная. Работу цяжкай не назаву, а вось адказнай трэба. Ад нашых адносін да справы залежалі вынікі. Я жывёлу любіла, і гэта ўжо дапамагала ў працы. Шчыравала як магла, па-іншаму не ўмела».
Па меркаванні субяседніцы, праца — аснова з асноў. Рана ўстаць і позна легчы, паспець своечасова на рабоце і дома, прыгледзець за дзецьмі — прыярытэты вясковага жыцця. У Соф’і Канстанцінаўны яны былі і засталіся, і сёння любіць парадак і чысціню ў хаце і на падворку.
Блізкія людзі
Падчас нашага візіту ў доме Соф’і Канстанцінаўны гасцявала ўнучка Маргарыта. Яна прыехала з дзецьмі Захарам і Міронам з Расіі. Дарагім гасцям бабуля вельмі рада. Утульная хата поўніцца дзіцячымі галасамі, і ў такія хвіліны яна — самы шчаслівы чалавек.
Разам з мужам Соф’я Канстанцінаўна выхавала двух дзяцей, і яны выраслі дастойнымі і годнымі людзьмі. Лёс распарадзіўся па-свойму: ужо другі год няма сына Васілія, хвароба забрала з жыцця. Дачка Тамара жыве ў далёкай Расіі. Маці не перашкаджала выбару дачкі і любіла паўтараць: «Сям’я ёсць сям’я, і яе трэба трымацца. Бог злучыў і няхай трымае да старасці. Куды іголка, туды і нітка…»
Пра зяця Аляксандра расказвае ахвотна: з’яўляецца апорай і падтрымкай у жыцці. Жыве за сотні кіламетраў, але яго клопат пастаянна адчуваецца. «Аляксандр праходзіў службу ў Афганістане, разумее цану жыццю, шмат працуе і дзяцей вучыць гэтаму», — зазначае маці.
Жанчына падтрымлівае шчырыя ўзаемаадносіны з дзецьмі і ўнукамі, стараецца ладзіць з суседзямі, задаволена дапамогай па дому сацыяльнага работніка — яны сталі для пажылой жанчыны блізкімі людзьмі.
Вялікі скарб
Для Соф’і Канстанцінаўны Дзеніс з аграгарадка Аюцавічы жыццё з’яўляецца вялікім скарбам, які ўмее сабраць і правільна размеркаваць.
— Я пражыла перад Богам і людзьмі дастойна, — сцвярджае яна. — Мне 84 гады. У мяне ёсць памяць і розум, а гэта нямала для майго ўзросту. Праўда, ногі баляць, але мне гадоў багата ды пражыты не дарэмна. Старалася шмат працаваць, па-людску жыць, гэтаму вучыла дзяцей.
Галоўнае ў маім узросце — не паддавацца гадам. Жыццё трэба шанаваць, бо ўжо вялікае шчасце прачнуцца раніцой, убачыць свет сваімі вачыма і сказаць: «Дзякуй Богу, што жыву! Дзякуй за ўсё!»