Жыццесцвярджальны ролік
Як паведамілі ў раённым камітэце БРСМ, падведзены вынікі раённага конкурсу на лепшы сацыяльны ролік, накіраваны на прафілактыку распаўсюджання наркаманіі.
Першае месца прысуджана рабоце Шашкоўскай школы, другое – Вішнявецкай школы, трэцяе месца раздзялілі Рубяжэвіцкая і Дзераўнянская школы. Крытэрыямі ацэнкі выступалі мастацкія сродкі адлюстравання тэмы, жыццесцвярджальнасць, пазітыў і прапаганда здаровых жыццёвых каштоўнасцяў. «Нядрэнныя ўсе сацыяльныя ролікі, якія былі прадстаўлены на конкурс, аднак сацыяльны ролік Шашкоўскай школы на сто працэнтаў адпавядаў усім гэтым патрабаванням», – падкрэслівае першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская.
Члены пярвічнай арганізацыі БРСМ Шашкоўскай школы (сакратар — Анастасія Слабейка) назвалі сваю работу «Зрабі правільны выбар». Статыстычныя даныя адносна таго, колькі чалавечых жыццяў забірае наркаманія, яны аздобілі выказваннямі вядомых людзей. Вельмі яркая і арыгінальная – заключная частка, якая змяшчае фрагменты відэа з розных раённых мерапрыемстваў (Дзень моладзі, раённы баль выпуснікоў, акцыя «Аднаўленне святыняў Міншчыны», палатачны лагер і т. п.). У цэлым у роліку тэма хутка развіваецца (на працягу амаль трох мінут) і пакідае цэласнае ўражанне. Да кожнага з тэматычных блокаў роліка падабрана свая музыка.
Сацыяльны ролік-пераможца будзе прадстаўлены для ўдзелу ў абласным конкурсе, а таксама змешчаны ў сацыяльных сетках у групе «Моладзь Стаўбцоўшчыны». «Пярвічка» Шашкоўскай школы вызначылася і ў ІІ раённым конкурсе плакатаў «Наркадылер – не прафесія».
Таццяна ПЯТКЕВІЧ