В гармонии с природой живёт минчанин в Докшицком крае (+ ФОТО)

Источник материала:  
28.07.2018 — Разное

В гармонии с природой живёт минчанин в Докшицком крае (+ ФОТО)
Здараецца, што чалавек у юнацтве ставіць для сябе шэраг мэтаў – атрымаць добрую адукацыю, рэалізавацца  ў прафесіі, падняцца па службовай лесвіцы або арганізаваць уласны бізнес,  стварыць матэрыяльны дабрабыт, пабываць у многіх краінах свету і т.д. На дасягненне запланаванага траціцца шмат часу і сіл. А калі ўсё задуманае здзяйсняецца, адбываецца пераацэнка каштоўнасцей: чамусьці аказваецца, што ранейшы тэмп жыцця стамляе, справы, якія раней здаваліся архіважнымі, становяцца другараднымі, у пабудаваным доме-палацы, якім так ганарыўся, робіцца няўтульна і некамфортна. Крызіс сярэдняга ўзросту, калі  “ломіць” усведамленне – жыву не так і не для таго, – аб гэтым усё часцей гавораць псіхолагі. Але бывае і па-іншаму, калі чалавек першапачаткова разумее, “бачыць” яшчэ адну грань сваёй натуры і, рэалізаваўшы сябе ў адной сферы, пераключаецца на другую, часам дыяметральна процілеглую. У героя нашага далейшага аповеду, як падаецца, адбылося менавіта так.

Алег Цішчанка – мінчанін, па адукацыі – эканаміст, па характары – аптыміст, па стылі жыцця – вельмі актыўны, мабільны, дзейсны, мэтанакіраваны і працавіты чалавек. Прынамсі, інакш і быць не можа, калі прымаць пад увагу імклівы рост яго кар’еры, пасады, якія яму даводзілася займаць, і справы і ідэі, якія даводзілася праводзіць у жыццё. Шмат гадоў ён жыў у такім тэмпе: нарады, дарогі, калі за дзень трэба было пабываць у некалькіх гарадах, заўсёдная гатоўнасць да аператыўнага вырашэння безлічы самага рознага роду пытанняў і праблем. Не, гэта гонка не стамляла яго, не выбівала з каляі і не выцягвала жыццёвыя сілы, і ў такім кругазвароце ён адчуваў сябе як рыба ў вадзе. Але, дасягнуўшы пэўных вышынь, гэты цікавы і неардынарны чалавек вырашыў паспрабаваць штосьці іншае, зусім не падобнае да звыклага ўкладу.
… Лясная звілістая дарога, нібы ў казцы, вядзе нас, здаецца, ва ўсё больш і больш непралазны гушчар, але раптам лес расступаецца, і мы аказваемся на вялікай, залітай сонцам паляне, дзе каля ціхай Бярэзіны, схаванай ад людскога вока ў высокіх травах і зарасніках лозаў, прытулілася звычайная вясковая хатка з гаспадарчымі пабудовамі і гародам. Насустрач, абганяючы адзін аднаго, бягуць два немаленькія па памерах рыжыя сабакі.
В гармонии с природой живёт минчанин в Докшицком крае (+ ФОТО)
– Не бойцеся, Міша і Маша заўжды гасцям рады, і я таксама, – гаспадар сядзібы прыязна ўсміхаецца, а ўжо ж яго рыжыя гадаванцы праяўляюць радасць ад сустрэчы ўсялякімі спосабамі, на якія толькі здольны.
Ідзём аглядаць Алегавы ўладанні. Гас­падарка, трэба адзначыць, для вяскоўца дастойная. Козы – кожны дзень на стале свежае карыснае малако. За хлеўчуком, у загарадцы, на свабодзе “пераворваюць” зямлю ў пошуках карэньчыкаў вушастыя “в’етнамцы” Белка і Стрэлка, і спачывае ў цяньку кабанчык беконнай пароды “кармал” Пончык. Прагназуецца, што Пончык вырасце да 200 кг і будзе пакрыты густой шэрсцю, як у дзіка. Пакуль жа ён яшчэ падлетак і ў сувязі з летняй спякотай крыху паліняў. У асобных “харомах” – птаства розных парод. Ёсць два дагледжаныя агароды, адзін каля старой хаты, другі – каля новага будынка, пра які крыху пазней. Такім чынам, забяспечанасць уласнымі экалагічна чыстымі прадуктамі харчавання практычна поўная.
– Для мяне праца на зямлі не ў навінку, – распавядае Алег. – Вырас у Калодзішчы, пад Мінскам, у прыватным доме. Тата ў мяне па прафесіі будаўнік, мама была галоўным аграномам Мінскай вобласці, таму не толькі вялікі агарод апрацоўвалі, а яшчэ і ў доме на падаконніках расла бульба розных гатункаў. Да фізічнай працы я прывучаны з маленства, пры гэтым без аніякага падзелу на мужчынскую і жаночую: трэба згатаваць – згатую, трэба памыць адзенне ці падлогу – памыю. Козам вось на зіму сена трэба – нарыхтую.
Сенажаці тут, варта заўважыць, немалыя, а косіць гаспадар не трымерам, як зараз стала звыклым, а ручной касой, дзедаўскім, так сказаць, спосабам, і знаходзіць у гэтай адвечнай мужчынскай рабоце задавальненне.
Былы засценак Млынок, што ў Тумілавіцкім сельсавеце, які з першага погляду спадабаўся сталічнаму бізнесмену і куды ён, набыўшы хатку, з радасцю прыязджаў ці не кожныя выхадныя і вольныя дні на працягу амаль дзясятка гадоў, зараз зарэгістраваны як агратурфірма “Чарнічка”. Ужо год, як гаспадар жыве тут пастаянна і будуе новы прасторны дом, у якім будзе прымаць ахвотных адпачыць на лоне роднай прыроды. У тым, што адпачываць туды паедуць, няма сумнення: мясціны вельмі прыгожыя, рэчка, дзе можна паплаваць і павудзіць рыбу, а таксама напіцца найсмачнейшай крынічнай вады, – два крокі ступіць, навакол грыбы-ягады, азёры блізка – рай на зямлі, не патрэбны ніякія Мальдывы. Камфорт пражывання Алег, вядома, забяспечыць. Рабіць усё ён прывык якасна і фундаментальна, пра што гаворыць ужо той факт, што на балоцістае месца, дзе запланаваў узводзіць дом, прывезена шэсцьдзясят тон зямлі. У двухпавярховым “маёнтку” два санвузлы, падлога з падагрэвам – больш за трыста метраў правадоў пайшло. Будынак з натуральнага дрэва, фарбы на воднай аснове, высокай якасці. Усё аздабленне, мэбля, прадметы інтэр’еру будуць таксама натуральнымі, каб у доме дыхалася лёгка, спалася салодка.
Знадворку шмат каменнай кладкі, якая прыгожа глядзіцца ў падмурку, аснове калон і асабліва ў шматступеньчатым ганку. Яшчэ гара камення чакае свайго часу для новых задум. Многія работы гаспадар выконвае сам. Прызнаецца, што ўстае рана і працуе, як сапраўдны вясковец, да змяркання, а калі патрэбна, то і пазней, бо вельмі не любіць незакончаных спраў. Дом яшчэ не завершаны, а побач ужо разбіты альпійскія горкі, клумбы – гэта ўжо справа рук Алегавай спадарожніцы жыцця, як і клопат пра агароды.
Вялікага ўмяшальніцтва ў гармонію прыроднага наваколля – газонаў, металапрофільных агароджаў, бетанаваных дарожак і таму падобнага – Алег не плануе: навошта парушаць натуральнае хараство, дзе ад водару кветак і траў ажно кружыцца галава, дзе крынічная вадзіца дае сілы, а цішыня лечыць і супакойвае, дзе на векавым дубе ўтульна і надзейна жывецца буслінай сям’і, а на старой разложыстай ліпе – цэламу паселішчу шпакоў? Такі пункт погляду цалкам зразумелы: усё больш і больш гараджан імкнецца вырвацца з асфальтна-гмахавых ціскоў мегаполісаў, каб адчуць асалоду яднання з прыродай, займець магчымасць жыць у іншым рытме і з іншымі прыярытэтамі, так, як жылі нашы продкі. Мінчанін Алег Цішчанка – адзін з тых, хто адчуў прыцягальнасць зямлі, і кардынальна памяняў лад жыцця. Жадаем яму, каб усё задуманае паспяхова здзейснілася, каб ён адчуваў сябе шчаслівым у гэтым маляўнічым куточку Докшыччыны і мог дзяліцца сваім шчасцем, сваім светаўспрыманнем з іншымі.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота А. Варанковіча.

←Три Янки Купалы в одном кадре

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика