Залатыя юбіляры Вольга Іванаўна і Іосіф Іосіфавіч Гернаты з аграгарадка Іёды

Источник материала:  
27.07.2018 — Разное

Залатыя юбіляры Вольга Іванаўна і Іосіф Іосіфавіч Гернаты з аграгарадка ІёдыУмець кахаць — вялікі дар прыроды.

Не кожнаму даецца гэты дар,

Каб несці цераз буры і нягоды

У душы любові залаты пажар.

У чым заключаецца сямейнае шчасце? Ва ўзаемнай павазе, любові, вернасці, адданасці адзін аднаму? Канечне, гэта так. А як жа трэба ўмець пражыць, каб на працягу многіх год зберагчы гэтыя пачуцці? Даведацца адказ на такое пытанне мы вырашылі ў сям’і Іосіфа Іосіфавіча і Вольгі Іванаўны Гернат з аграгарадка Іёды. 28 ліпеня яны адзначаюць залаты юбілей — пяцідзесяцігоддзе сумеснага жыцця.

Сядзіба Гернатаў размешчана амаль у цэнтры пасёлка, у зацені зялёных дрэў і вылучаецца сваёй дагледжанасцю. Навокал буяюць шыкоўныя рознакаляровыя ружы, лілеі, растуць дэкаратыўныя дрэвы і кустарнікі, расліны-экзоты. Шмат пакаёвых кветак і ў самім доме, гаспадары якога гасцінна запрасілі нас да сябе.

— Пяцідзесяцігадовы юбілей сумеснага жыцця — гэта перыяд, калі можна падвесці пэўныя вынікі. А з чаго ўсё пачыналася? — спыталі мы ў Іосіфа Іосіфавіча і Вольгі Іванаўны.

— Вядома ж з кахання, — упэўнена і ў адзін голас адказалі нам муж з жонкай.

— Нарадзіўся я і вырас на Міёршчыне, — прадаўжае гаспадар. — Пасля школы закончыў Мар’інагорскі сельгастэхнікум і атрымаў размеркаванне на першае месца працы ў тагачасны калгас “Шлях Леніна” з цэнтрам у вёсцы Васюкі. Быў тут прызначаны на пасаду агранома.

— У гэтай жа вёсцы жыла я, — далучылася да размовы Вольга Іванаўна. — А сустрэча наша аказалася выпадковай, але лёсавызначальнай. У адзін з выхадных дзён я са сваімі сяброўкамі крочыла з танцаў з вёскі Мішуты. Насустрач нам ішоў з Васюкоў Іосіф. Спаткаўшыся, мы з ім прыпыніліся, пра нешта пачалі гаварыць. Сяброўкі тым часам пакрочылі далей, а мы ж удваіх яшчэ доўга стаялі, ласкава пазіраючы адзін аднаму ў вочы. Нечакана, неспадзявана паміж намі ўзнікла пачуццё ўзаемнай сімпатыі. Ведаеце, з таго вечара мы з Іосіфам пачалі сустракацца. Мне зайздросцілі многія дзяўчаты, бо пасябравала са статным прыгажуном з кучаравым чубам на галаве. У хуткім часе ў нашых душах нарадзілася вялікае і светлае пачуццё — каханне.

Пасля школы я паступіла ў Магілёўскі педагагічны інстытут. Добра памятаю, як на заканчэнні другога курса вучобы да мяне ў Магілёў завітаў Іосіф. Ён прапанаваў мне стаць яго жонкай і забраў да сябе. Бацькі, канечне, таксама далі сваю згоду на шлюб, але з той умовай, каб я закончыла вучобу. Вяселле згулялі ў Васюках, урачысты роспіс адбыўся 28 ліпеня 1968 года ў Дулінскім сельсавеце. У 1970 годзе ў нашай сям’і нарадзіўся першынец — сынок Сяргей.

Кіраўніцтва раёна ў гэтым жа годзе перавяло майго мужа на працу ў былы калгас 1-га Мая. Але не доўга нам прыйшлося затрымацца ў Іёдах. У тым жа годзе мы пераехалі жыць у Германавічы. Муж працаваў у калгасе “Буравеснік”, з’яўляўся старшынёй Германавіцкага сельсавета, затым узначальваў агранамічную службу гэтага сельгаспрадпрыемства. Я ж працаўладкавалася ў мясцовую сярэднюю школу. Тут жа, у Германавічах, нарадзіўся наш другі сын Аляксандр. Муж паступіў на завочнае аддзяленне ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, навучанне ў якой закончыў ужо на пасадзе старшыні калгаса “Іскра”.

— У 1979 годзе на агульным калгасным сходзе мяне абралі кіраўніком гаспадаркі, — прадаўжае Іосіф Іосіфавіч. — Стан сельгаспрадпрыемства быў не з лепшых. Навокал бездараж, патрабавалася будаўніцтва вытворчых памяшканняў, жывёлагадоўчых ферм, жылля калгаснікам. Гэтым мы, кіраўніцтва гаспадаркі і самі калгаснікі, і займаліся грунтоўна. З дапамогай меліяратараў пабудавалі дарогі да Слабадской СШ, да вёсак Алашкі, Грыблы, іншых населеных пунктаў. Быў пабудаваны жалезабетонны мост праз раку Быстрыца ў Абалоні. Здалі ў эксплуатацыю найноўшы па тых часах жывёлагадоўчы комплекс у Жукоўшчыне на 1.200 галоў БРЖ. У канцы 1980-х гадоў усе вёскі гаспадаркі былі заасфальтаваныя.

— А я настаўнічала ў Слабадской сярэдняй школе, гады працы ў якой і калектыў педагогаў мне запомніліся на ўсё жыццё, — кажа Вольга Іванаўна. — Тут працавалі сапраўдныя інтэлігенты: вельмі адукаваныя, тактоўныя, ураўнаважаныя. Маладыя педагогі, і я ў тым ліку, бралі з іх прыклад. Калектыў быў выключным.

Тое ж магу сказаць і пра сваіх калег з Іёдскай СШ. Дзесяць год мы жылі ў Жукоўшчыне, а затым пераехалі ў Іёды, дзе адпрацавалі да выхаду на заслужаны адпачынак: муж у агранамічнай службе калгаса, а я настаўніцай мясцовай школы.

Імкліва, нібы знічка, праляцелі пяцьдзясят год. Выраслі дзеці, стварылі ўласныя сем’і. Старэйшы сын Сяргей жыве ў Міёрах, з’яўляецца старшым памочнікам грамадзянскага марскога судна. Малодшы Аляксандр пражывае з намі ў аграгарадку на адной вуліцы, працуе намеснікам дырэктара ААТ “Буеўшчына”. Маем дзвюх унучак — Паліну, яна жыве ў Мінску, і Лізавету, якая восенню пойдзе ў адзінаццаты клас.

На развітанне мы спыталі ў юбіляраў пра сакрэт іх доўгага шчаслівага сумеснага жыцця, бо разам пражыць паўстагоддзя — гэта без перабольшвання вялікая заслуга для мужа і жонкі.

— Трэба разумець, умець дараваць адзін аднаму, як мага часцей быць разам і ў горы, і ў радасці, — адказалі Іосіф Іосіфавіч і Вольга Іванаўна. — Праяўляць пяшчоту, клопат і берагчы самае дарагое, што дае нам Бог — жыццё свайго бліжняга чалавека, жыццё сваёй сям’і.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Оставить комментарий

Яндекс.Метрика