КСУП “Рухчанскі” адзін з тых, хто пераступіў палавінны рубеж па ўборцы збожжавых і зернебабовых яшчэ ў пачатку тыдня. Па ўраджайнасці збожжавых гаспадарка на чацвёртым месцы пасля лідараў. Але калі ўлічваць бальнасць зямлі, то сярэдні ўраджай у 40 цэнтнераў з гектара выдатны. Пшаніцы намалочваюць па 54,5 цэнтнера з гектара – гэта трэці паказчык на Століншчыне, які значна вышэй за сярэднераённы.Чатыры камбайны гаспадаркі завіхаюцца на палетках. Вопытныя і разам з тым маладыя камбайнеры і вадзіцелі не даюць тэхніцы без прычын стаяць ні хвіліны.
Галоўны аграном гаспадаркі Таццяна Іванаўна Рашэцкая дзеліцца сакрэтамі такога ўраджаю на землях з невысокай бальнасцю:
– Усё патрэбна рабіць своечасова – падкарміць, апрацаваць ад хвароб. Калі ў некаторых гаспадарках гэтага не робяць, то мы перакананы, што барацьба з захворваннямі акупляе сябе. Напрыклад, рапс – культура, якая добра адклікаецца на клопат. Таму тэхналогіі вырошчвання не парушаем, а гэта прыносіць добры вынік. Сёлета ў нас ура-джайнасць зімовага рапсу склала 30,1 цэнтнера з гектара.
Пра будучы ўраджай пачынаюць клапаціцца за год і нават раней. Ужо зараз у гаспадарцы ідзе лушчэнне ржышча, уборка саломы, вывозіцца ўгнаенне на палі, каб глеба была падрыхтавана, каб не спазніцца з тэрмінамі і своечасова пачаць сяўбу.
Ды ў любых тэхналогіях, любой справе самае галоўнае – людзі. Пра іх, дбайных і працавітых, адказных і старанных, у гаспадарцы клапоцяцца. На жніве наладжана двухразовае харчаванне. Да камбайнаў дастаўляюцца прахаладжальныя напіткі.
Дырэктар КСУП “Рухчанскі” Генадзь Станіслававіч Харавец расказвае:
– Лепшы ўраджай мы ўжо сабралі. І ён у нас у гэтым годзе меншы, чым у мінулым. Калі ў 2017-ым намалацілі пшаніцы па 60 цэнтнераў з гектара, то сёлета 54. У пшаніцу ўклалі многа і атрымалі добры вынік. Але тут патрэбна разглядаць у разрэзе ўмоў надвор’я. Сёлета практычна не было вясны. На змену зіме прыйшло рэзкае пацяпленне, што неспрыяльна адбілася на азімых культурах. Умовы надвор’я ўносяць свае карэктывы і ў даспяванне культур. Пшаніца сёлета хутка паспела. А ўборку жыта толькі пачалі.
Выканалі дзяржзаказ азімай пшаніцы – 379 тон. Яшчэ застаецца здача жыта. Хаця дажджы і не даюць у поўную моц убіраць, каб тэхніка працавала з ранку і да вечара, а пры такіх умовах чатыры камбайны гаспадаркі могуць убіраць 50 гектараў, але ў надвор’і знаходзяць і карысць. Гэта рост кукурузы. Яна ўжо вымахала ў КСУП “Рухчанскі” да двух метраў.
Чатыры экіпажы камбайнераў ідуць па намалотах практычна ў адным рытме. Сярод маладых камбайнераў на адвозцы вылучаецца экіпаж Аляксандра Мікалаевіча Рашэцкага і Сяргея Генадзьевіча Хараўца. Яны працуюць на самым старым камбайне ў гаспадарцы – “Бізоне”. Ды, нягледзячы на гэта, занесены на раённую Дошку гонару ўпраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні, бо хлопцы старанныя. Аляксандр са сваіх 30 гадоў ужо 10 як штогод працуе камбайнерам. На ўчарашні дзень экіпаж намалаціў 496 тон збожжа. Сяргей Генадзьевіч працуе механікам у гаспадарцы, але на час уборкі садзіцца за руль камбайна, бо яму гэта цікава і даспадобы.
Дванаццаты сезон на ўборцы сямейны экіпаж братоў Ігара Васільевіча і Васіля Васільевіча Трушко.
На адвозцы збожжа ад камбайнаў старанна працуюць Колб Лявонцій Іванавіч, Буднік Анатоль Мікалаевіч і Колб Мікалай Лявонцьевіч.
Лявонцій Іванавіч усё сваё працоўнае жыццё з году ў год завіхаецца на ўборцы. 13 сезонаў адпрацаваў на камбайне. А вось ужо 14-ты сезон на МАЗе.
З камбайнерамі і вадзіцелямі перакінулася некалькімі словамі, хутка зрабілі фотаздымкі і яны літаральна ўскочылі ў кабіны, каб працягнуць жніво. Час ад часу паглядалі на неба – ухапіць сонечныя не тое што гадзіны, а нават хвіліны сёлета вельмі важна. Таму і спяшаюцца.
– Надвор’е нам патрэбна, а астатняе ўсё зможам самі, — гаворыць Аляксандр Рашэцкі і хутка садзіцца ў кабіну свайго камбайна.
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара