У маляўнічых ваколіцах «Церамка»

Источник материала:  
27.07.2018 — Разное

У маляўнічых  ваколіцах  «Церамка»

«Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…» – такой тэматычнай старонкай адкрыў сваю другую змену сезон «Лета-2018″ дзіцячы аздараўленчы лагер «Церамок», які належыць ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод». Яго кіраўнік – Таццяна Трацяк.

Свае абрусы лагер раскінуў на ўлонні лесу, непадалёку ад берага слаўнага Нёмана. Штогод у свае казачныя абдымкі прымае лагер больш як 600 дзяцей з г.Мінска і Мінскай вобласці. Хлопчыкі і дзяўчынкі маюць магчымасць адпачыць і аздаравіцца ў гэтым цудоўным кутку непаўторных коласаўскіх мясцін. А гэта дае ўнікальную магчымасць сам-насам сустрэцца з гістарычнай спадчынай сваёй роднай зямлі, пашырыць веды аб нацыянальнай культуры і яе традыцыях, пранікнуцца зачараванасцю і любоўю да сваёй Радзімы,сфарміраваць станоўчую грамадзянскую пазіцыю.

Звіняць тут ад ранку да позняга вечара дзіцячыя галасы, льюцца, не змаўкаюць песні, музыка, смех, пераможныя воклічы спартыўных спаборніцтваў. Здаецца, што ў насельнікаў гэтага «Церамка» сваё жыццё, свой рытм дзён, свой побыт, свае ўласныя адносіны адзін да аднаго, дзе, як і належыць сябрам, «усё тут дзеляць папалам». Пры планаванні работы на бягучую змену надаецца асаблівая ўвага фарміраванню здаровага ладу жыцця, фізкультурна-аздараўляльным мерапрыемствам і гульням на свежым паветры, якія садзейнічаюць аздараўленню дзяцей, набыццю якасцей калектывізму, узаемадапамогі,   конкурсам, дзякуючы якім выхаванцы могуць прадэманстраваць свае творчыя здольнасці і таленты, узбагаціць сябе духоўна. Вялікая ўвага ўдзяляецца патрыятычнаму станаўленню, а таксама выхаванню бяспечнасці жыццядзейнасці. У гэты сезон гасцяць і праводзяць штодзённыя трэніроўкі ў сценах «Церамка» 60 рабят з РМГА «Беларуская федэрацыя брэйк-данса». Сярод іх ёсць дзеючыя чэмпіёны Беларусі ў гэтым накірунку. Іх відавочны прыклад пастаяннай работы над паляпшэннем свайго спартыўнага, гімнастычнага і танцавальнага майстэрства дапамагае іншым выхаванцам актывізаваць і свае асабістыя фізічныя магчымасці: сілу волі, вынослівасць, мужнасць.

Тут маецца разнастайнае спартыўнае абсталяванне:сталы для гульні ў настольны тэніс, більярд, батуты, каркасныя басейны, аснашчаны трэнажорны, гімнастычны і барцоўскі залы, працуе кіназала. Таксама функцыянуе і бібліятэка, дзе дзеці могуць выбраць кнігі на свой густ. Кіраўніцтва завода кожны год удзяляе шмат намаганняў для абнаўлення і папаўнення матэрыяльнай базы свайго лагера, штогод робіцца касметычны і бягучы рамонт памяшканняў і прылеглай тэрыторыі, якая, сапраўды, казачная.

Нельга не згадаць пра прывабныя ранішнія зарадкі ў лагеры, якія праводзіць пад рытмічнае танцавальнае музычнае суправаджэнне інструктар па фітнэсе міжнароднага класа, сапраўдны прафесіянал сваёй справы – Кірыл Дарафееў. Дзеці, акунаючыся ў водар сасновага лесу, з задавальненнем выконваюць танцавальныя практыкаванні пад музыку, атрымліваюць станоўчы эмацыянальны настрой на ўвесь дзень. Вопытны педагагічны калектыў – творчыя, уважлівыя выхавацелі, кіраўнікі гурткоў, арганізатары фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў, сацыяльны педагог, педагог-арганізатар, псіхолаг прыкладаюць усе намаганні, каб адпачынак у сценах «Церамка» быў для дзятвы максімальна каштоўным, карысным, каб ім зноў і зноў хацелася вярнуцца сюды. Яшчэ шмат чаго цікавага можна апавядаць, таму што кожны дзень тут яркі, насычаны, непаўторны, поўны станоўчых эмоцый і разнастайных падзей.

Так, на адным дыханні, праляціць 21 дзень змены. Рабяты вярнуцца дадому, ўзбагаціўшы свой жыццёвы вопыт, несучы ў сваіх дзіцячых сэрцах агеньчык любові да сваёй роднай зямлі і яе людзей.

НА ЗДЫМКАХ: на сцяжынках «Церамка»; дзень пачынаецца з зарадкі; выступленне вучаніцы балетнай школы ў час конкурсу.

             Людміла Касцюкевіч

←Дан старт развитию в Пинске хоккея на профессиональной основе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика