Кожны колас – на вагу золата
Працаўнікі ААТ «Жацерава» першымі прыступілі да ўборкі азімага рапсу, які размяшчаўся на 230 гектарах, і першымі, літаральна за пяць дзён, абмалацілі гэтую тэхнічную культуру на ўсёй пасяўной плошчы. У ліку першых жацераўскія хлебаробы пачалі ўбіраць і збожжавыя.
– Азімы рапс мы убралі хутка і намалацілі 473 тоны пры ўраджайнасці 20,5 цэнтнера з гектара, выканалі і дзяржзаказ, – расказвае галоўны аграном Іна Леўкавец, якая пастаянна знаходзіцца ля камбайнаў і карэкціруе ход уборачных работ. – Разлічвалі, зразумела, на вышэйшы паказчык, і ўсё для гэтага зрабілі. Угноілі глебу, набылі новыя гібрыды, пасеялі своечасова, падкармілі і належным чынам апрацавалі пасевы, але не паспрыяла засушлівае надвор’е. А зараз ідуць дажджы, якія перашкаджаюць жаць збажыну. Жніво сёлета выдалася даволі складанае. Пасевы гатовы да ўборкі, але з-за неспрыяльных пагодных умоў экіпажам прыходзіцца пастаянна вяртацца ў гараж.
На мінулым тыдні ва ўрочышчы за вёскай Горкі на палеткі выйшлі пяць камбайнаў. Шчыравалі экіпажы ў складзе Мікалая Міхайлоўскага і Максіма Леўкаўца, Уладзіміра Праскуры і Мікалая Куркова, Артура Рокаша і Андрэя Жука – маладзёжны, Аляксандр Ганчарэнка і Віталій Тарабэш. Першай абмалочвалі азімую пшаніцу, якая займае ў гаспадарцы плошчу 391 гектар. Ураджайнасць пакуль што невысокая, 25,4 цэнтнера на круг, але разлічваюць намалаціць у межах 30 цэнтнераў. Жнуць і азімае трыцікале. Больш складанае становішча з нізкарослымі ячменямі, дзе пайшлі расці падсада і пустазелле.
–Убіраць іх будзе даволі праблематычна, – дадае Іна Анатольеўна. – Пэўную частку пасеваў ячменю апрацуем гліфасатамі, а вось зернебабовыя падсушым на ўсёй пасяўной плошчы. Нялёгка прыходзіцца, але выкарыстоўваем кожную пагодлівую хвілінку і спадзяёмся, што ў бліжэйшы час усталюецца добрае надвор’е. Нашы работнікі настроены максімальна захаваць вырашчаны ўраджай. Яны стараюцца абмалочваць збажыну якасна, вядуць камбайны на невялікай хуткасці, бо разумеюць, што сёлета кожны гектар, кожны колас на вагу золата. Дарэчы, у гэтым годзе ў нас павялічаны расцэнкі за якасць ўборкі.
Дырэктар сельгаставарыства Аляксандр Дударэвіч, з якім сустрэліся на полі, вельмі трывожыцца за лёс ураджаю. Ён праехаў разам з камбайнерам у кабіне, каб агледзець поле і праверыць правільнасць настроек камбайна. Завітала на палеткі і старшыня прафкама Ганна Новік, якая азнаёміла камбайнераў з арганізацыяй спаборніцтва на жніве.
Збожжа новага ўраджаю дастаўлялі на збожасушыльны комплекс вадзіцелі Мікалай Дударэвіч, Часлаў Сідаровіч, Мікалай Амельчыц, Арцём Бялоў і Аляксей Кістанаў. На дзень наведвання быў задзейнічаны толькі адзін з двух збожжасушыльных комплексаў ЗСК-15. Кругласутачна дапрацоўваюць збожжа аператары Уладзімір Аўласін і Максім Яшчык, Віталій Амельчыц і Сяргей Крылоў. На гэтым тыдні ўключыўся ў работу і КЗС-25, дзе шчыруюць Дзмітрый Казакевіч і Аляксей Салапонаў.
Для занятых на ўборачнай арганізавана ў абедзены час гарачае харчаванне ў сталовай, выдаецца мінеральная вада, гарачыя падвячоркі дастаўляюцца непасрэдна на поле.
Хлебаробам таварыства сёлета патрэбна ўбраць збожжавыя і зернебабовыя з плошчы 1106 гектараў. Жніво паступова набірае тэмпы і ў гаспадарцы пастараюцца правесці ўборачную кампанію ў аптымальныя тэрміны, своечасова пачаць падрыхтоўчыя работы да сяўбы азімага рапсу і азімых збожжавых.
НА ЗДЫМКАХ: аптымістычны настрой у галоўнага агранома Іны Леўкавец; маладзёжны экіпаж у складзе Артура Рокаша і Андрэя Жука; старшыня прафкама Ганна Новік гутарыць з камбайнерамі Мікалаем Міхайлоўскім і Максімам Леўкаўцом; вадзіцель Аляксей Кістанаў.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара