Дэмаграфічная сітуацыя ў Стаўбцоўскім раёне
На пасяджэнні савета па дэмаграфічнай бяспецы быў зроблены аналіз дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне.
Загадчыца паліклінікі ЦРБ Інэса Дударэвіч паведаміла, што ў Стаўбцоўскім раёне на 1 студзеня 2018 года насельніцтва складае 39 216 чалавек, з іх 16 946 чалавек – гарадское насельніцтва, 22 240 чалавек – сельскае. Па ўзросце: дзеці да 18 гадоў – 7 525 чалавек (19%), працаздольнае насельніцтва – 20 661 чалавек (52,7%), старэй працаздольнага ўзросту – 11 640 чалавек (29,7%).
За першае паўгоддзе 2018 года сярэдняя працягласць жыцця склала 73,6 года, што ніжэй нарматыўнага 74,6 гадоў. Прагноз на 2018 год – 75 гадоў.
За апошнія пяць гадоў адзначаецца зніжэнне агульнай колькасці насельніцтва раёна на 1022 чалавек (каля 255 чалавек у год). Разам з тым, адзначаецца рост колькасці гарадскога насельніцтва на 474 чалавекі і зніжэнне колькасці сельскага насельніцтва на 1 506 чалавек.
За шэсць месяцаў 2018 года ў раёне памерлі 385 чалавек (горад – 88 чалавек, вёска – 297 чалавек). Асноўная прычына смерці – гэта ад хваробы сістэмы кровазвароту, затым – па ўзросце (старасць) і смяротнасць ад новаўтварэнняў. За бягучы перыяд узяты на анкаўлік 93 чалавекі, выяўлена ў запушчанай стадыі 25 чалавек. Яшчэ адна прычына смяротнасці – гэта ад траўм і атручванняў. За студзень-чэрвень 2018 года зарэгістраваны адзін суіцыд. Па сельскай мясцовасці дапушчаны рост смяротнасці ў Заямнаўскім, Вішнявецкім, Дзераўнянскім, Навасвержанскім, Літвенскім, Шашкоўскім сельскіх саветах, зніжэнне – у Старасвержанскім, Рубяжэвіцкім, Мікалаўшчынскім сельскіх Саветах.
За паўгоддзе паказчык смяротнасці ў асоб працаздольнага ўзросту склаў 2,56% (53 чалавекі), з іх – 5 выпадкаў асоб старэйшых за 60 гадоў. Найбольшы працэнт насельніцтва працаздольнага ўзросту складае ўзроставая група 50-59 гадоў (17,2%). Гэта выклікае праблему па фактарах рызыкі і захваральнасці.
На жаль, у раёне ёсць выпадкі смяротнасці і ад атручвання алкаголем (5 чалавек).
Ва УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» арганізавана работа з групай рызыкі. Па тэрапеўтычных участках складзены спісы, вядзецца абследаванне, кансультаванне, па неабходнасці пацыенты накіроўваюцца ў абласную бальніцу, арганізавана правядзенне рэабілітацыі.
За 6 месяцаў 2018 года ў раёне нарадзіліся 196 дзяцей (горад – 111, вёска – 85). З мэтай паляпшэння нараджальнасці адкрыты кабінет мужчынскага бясплоддзя, на ўліку ў доктара-ўролага знаходзіцца 131 мужчына. Абследавана і атрымліваюць лячэнне з пачатку 2018 года 17 пацыентаў, у 12 адзначаецца станоўчая дынаміка. Арганізавана работа па перадабортным кансультаванні. За 2018 год праведзена 19 перадабортных кансультаванняў, з іх сталі на ўлік па цяжарнасці 13 жанчын. Жанчыны, якія стаяць на ўліку па бясплоддзі, кансультуюцца на вышэйстаячых узроўнях, з іх 2 прааперыраваны. ЭКА ў 2018 годзе не выконвалася, запланавана адно ЭКА на 2-е паўгоддзе.
У ЦРБ арганізавана работа па планаванні сям’і: падрыхтоўка да жаданай цяжарнасці, абследаванне і лячэнне бясплодных пар, выбар аптымальнага метаду кантрацэпцыі, работа па паловым выхаванні дзяцей і падлеткаў, павышэнне ўзроўню ведаў па данай праблеме дактароў і сярэдняга медперсаналу.
Дзіцячая смяротнасць за 1-е паўгоддзе 2018 года – адзін выпадак. Для зніжэння дзіцячай смяротнасці ва УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» забяспечаны 100-працэнтны дыспансэрны ўлік дзяцей з захворваннямі, з правядзеннем лячэбна-дыягнастычных мерапрыемстваў.
На пасяджэнні былі заслуханы і абмеркаваны інфармацыі па дэмаграфічнай сітуацыі старшыняў Вішнявецкага, Налібацкага і Літвенскага сельвыканкамаў.
Нэлі АСТРЭЙКА