На озере Вечелье прошли соревнования по вейкбордингу
“Хлебануў вады?! Не страшна – яна мінеральная!” – жартаваў вядучы над падзеннямі райдараў. А няўдачы ўдзельнікаў трэцяга этапу Кубка Беларусі-2018 па вейкбордзінгу гледачы сустракалі апладысментамі нават больш гарачымі, чым удалыя элементы складаных праграм. Атмасферу, якая панавала ў мінулую суботу на водна-аднаўленчым цэнтры Сяргея Фаміна можна ахарактарызаваць некалькімі кароткімі, але ёмістымі словамі – сяброўства, прыгажосць, настрой. Ну і без моднага маладзёжнага “драйву” не абысціся – куды ж без яго на такіх спаборніцтвах. І нават дождж не астудзіў запалу спартсменаў. Ён, зрэшты, толькі вада, а гэта – іх стыхія.
Возера Вечалле для вейкбардыстаў становіцца культавым месцам. А членаў сям’і гэтага яскравага і відовішчнага віду спорту з гадамі толькі прыбывае. І калі хто наведаўся на водна-аднаўленчы цэнтр ва Ушачах, абавязкова імкнецца сюды зноў. Сёлета геаграфія ўдзельнікаў была традыцыйна шырокай – Наваполацк і Віцебск, Брэст і Мінск, не абышлося і без замежных гасцей, спартсменаў са Смаленска.
На этапах Кубка краіны, адзін з якіх у апошнія гады абавязкова праводзіцца на Вечаллі, кожны год з’яўляюцца навічкі, але ёсць ва ўшацкай публікі і любімцы – пастаянныя ўдзельнікі. Напрыклад, адзін з мацнейшых вейкбардыстаў краіны, навапалачанін Герман Белякоў, які сёлета нават у заяўцы значыўся як ушачанін. Прычым, не адзін ён – “змяніць прапіску” і выступаць за гаспадароў пажадала і яшчэ некалькі іншагародніх ўдзельнікаў, папоўніўшы і без таго вялікае прадстаўніцтва каманды водна-аднаўленчага цэнтра. Многія з яе складу разам з С.Фаміным былі задзейнічаны і ў падрыхтоўцы спаборніцтваў. Напрыклад, Аляксандр Пугач, Дзмітрый Шаўчэнка, Уладзімір Корабаў, Дзмітрый Долгі на воднай гладзі ўстанавілі новы элемент – трубу, заязджаць на якую рызыкнулі толькі нямногія вопытныя райдары. А Д.Долгі, да таго ж, выступіў і ў якасці аднаго з вядучых. І трэба адзначыць, гэта яму бліскуча ўдалося – не раз трапныя жарты Дзмітрыя выклікалі смех удзельнікаў і гледачоў.
Між тым, камандныя спаборніцтвы не праводзілася, і ўдзельнікі змагаліся за прыступкі п’едэсталу ў індывідуальных катэгорыях. Адкрыў этап спартсмен… 2013 года нараджэння! Цімур Белякоў, безумоўна, прадоўжыць сямейную дынастыю, бо ўжо ў 5 год даволі ўпэўнена трымаецца на дошцы і нават спрабуе выконваць прасцейшыя элементы.
Перад пачаткам заездаў суддзі з Беларускай федэрацыі вейкбордзінга і вадналыжнага спорту прасілі праехаць па дыстанцыі і абліць фігуры – жадаючых зрабіць гэта аказалася зусім нямнога – калі вядомы парадкавы нумар твайго выступлення і ўсё бліжэй хвіліны старту, то думкі ўжо на дарожцы. Першымі на яе выйшлі самыя юныя ўдзельнікі. Лепшы ўзровень падрыхтоўкі паказаў Ягор Міхайлаў, а для ўшачан заезды ў гэтай катэгорыі сталі адметныя тым, што на другую прыступку п’едэстала ўзняўся наш зямляк Антон Латышаў. Тройку прызёраў замкнуў Валерый Сытых. Трэба адзначыць, што ўсе хлопцы нягледзячы на юны ўзрост з’яўляюцца даволі вопытнымі райдарамі і пацвердзілі свой клас, бо раней ужо станавіліся прызёрамі этапаў Кубка краіны, у тым ліку і сёлетніх.
Чаго не скажаш пра Ілью Бабаедава. Трэцяе месца ў катэгорыі аматараў – безумоўны поспех, улічваючы, што гэта было дэбютнае выступленне на спаборніцтвах такога ўзроўню і на дошку хлопец стаў не так даўно. У катэгорыі выступала даволі вялікая колькасць райдараў, а перамогу атрымаў Юрый Дубовік, апярэдзіўшы пастаяннага наведвальніка вечальскіх этапаў Івана Дальчаніна.
Самай жа прадстаўнічай аказалася катэгорыя “Мастэрс”, дзе выступалі вопытныя вейкбардзісты. У ёй, дарэчы, было заяўлена шмат ушачан, але разлічваць на поспех ім было цяжка – змагацца з такімі майстрамі, як Дзмітрый Узкі, Аляксандр Хатулёў і Сяргей Міхайлаў, якія ў такім парадку і занялі месцы з першага па трэцяе, вельмі складана.
Адна вышэйшая прыступка п’едэсталу ўшачанам усё ж дасталася – перамога сярод ветэранаў прысуджана Сяргею Фаміну. І нават калі браць у разлік, што ў катэгорыі пажадалі выступіць усяго двое ўдзельнікаў і Сяргей Васільевіч апярэдзіў толькі свайго сябра Аляксандра Стрынгаловіча, гэта не ўмаляе заслуг узроставых вейкбардыстаў.
“Двайны эс бэнд”, “фронт фліп” і “верлі бёрд” – не дасведчанаму чалавеку назвы складаных трукаў, якія выконвалі ў сваёй катэгорыі прафесіяналы, нічога не скажуць. Але гэта вышэйшы пілатаж, які закрываў праграму спаборніцтваў. Сюрпрызаў не было – у лідары вырваліся вядомыя райдары, якія ведаюць смак перамог на спаборніцтвах самага высокага ўзроўню, у тым ліку і міжнародных. Першае месца заваяваў Эдвард Садоўнікаў, другое – Дан Асачоў, трэцім стаў Герман Белякоў, якога, напэўна, падтрымлівалі найбольш горача. Прыкрае падзенне перашкодзіла яму выступіць лепш, але спартсмен сабраўся і рэабілітаваўся ў конкурсе выканання складаных фігур, дзе атрымаў бліскучую перамогу.
Цікавае супрацьстаянне разгарнулася і ў спаборніцтвах цудоўнай паловы. Восем спартсменак рознага ўзросту выступалі ў адной катэгорыі. Перамога ж дасталася самай вопытнай Юліі Лебедзевай, другое і трэцяе месцы занялі адпаведна Валерыя Нікіціна і Анастасія Навіцкая.
Выступленні дзяўчат і прафесіяналаў праходзілі пад няспынны акампанемент дажджу, але нават ён не змыў усмешкі з твараў удзельнікаў, балельшчыкаў і гледачоў – арганізацыю этапу аднагалосна прызналі выдатнай.
Усе пераможцы і прызёры адзначаны Федэрацыяй вейкбордзінга і вадналыжнага спорту, спонсарамі. Цікавасць да спаборніцтваў з кожным годам расце, падчас іх правядзення на берагі Вечалля палюбавацца відовішчам прыязджаюць нават знакамітыя спартсмены іншых відаў. Сёлета сюрпрызам стала прысутнасць неаднаразовага чэмпіёна свету па тайскім боксе навапалачаніна Сяргея Скібы, які ўзнагароджваў пераможцаў у адной з катэгорый.
Конкурс на кіданне дошкі і іншыя забавы для гледачоў, спартыўныя і гульнявыя пляцоўкі, водар шашлыкоў і лепшая музыка ад лепшых дзі-джэяў – нязменныя атрыбуты спаборніцтваў на водна-аднаўленчым цэнтры Сяргея Фаміна, якія пераўтвараюцца у сапраўднае спартыўна-культурнае свята. А райдары, дарэчы, нягледзячы на мудрагелістыя прычоскі і бароды, дзіўныя халаты, адмысловы гумар і слэнг, уласцівыя прадстаўнікам гэтай можна сказаць суб-культуры, у абсалютнай большасці з’яўляюцца ветлівымі і звышпазітыўнымі людзьмі, мець зносіны з якімі – адно задавальненне. Не верыце? Прыходзьце на наступныя спаборніцтвы і ўпэўніцеся ў гэтым самі!
Д.Раманоўскі.