Падзеі і здарэнні
ЗАГСам зарэгістраваны па раёне два шлюбы, а таксама скасаваны адзін сямейны саюз. Пасведчанне аб нараджэнні атрымалі два маленькія жыхары Стаўбцоўшчыны: Давід Майбарада і Ульяна Шырко.
Зямны шлях закончыўся для дзесяці жыхароў раёна.
У пажарнай часці згадалі пажар у Русаках (Рубяжэвіцкі сельсавет). Агонь знішчыў дом, у якім ніхто не пражываў. Прычына здарэння высвятляецца.
Міліцыяй зарэгістравана 150 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана пяць крымінальных спраў, у трох з іх устаноўлены падазроныя. Гаспадарчы інвентар прапаў з дома ў вёсцы Хутар-Барок. У Раёўшчыне з прылеглай да падворка тэрыторыі ўкрадзены 27 індычанят і сем куранят, з-за чаго гаспадыні нанесена шкода амаль на 400 рублёў. У Тонаве з гаспадарчай пабудовы ўкрадзены матацыкл «Ява-350″. У Стоўбцах на вуліцы Цэнтральнай хуліган пашкодзіў лакафарбавае пакрыццё аўтамабіля «Нісан Альмера».
Пракуратурай раёна ў ходзе праверкі раённага аддзела Следчага камітэта выяўлены парушэнні тэрміну накіравання даручэння службовым асобам устаноў аховы здароўя аб прадастаўленні медыцынскіх картачак, не прыняцце мераў па забеспячэнні належнага кантролю за своечасовасцю прадастаўлення дадатковых матэрыялаў для правядзення экспертызы, што выклікала парушэнне тэрмінаў вырабу экспертызы і вырашэння заяў і паведамленняў аб злачынствах. Кіраўніцтву РАСК вынесена патрабаванне аб ухіленні ўказаных парушэнняў заканадаўства.
Суд асудзіў 41-гадовага жыхара Дзераўной, які нанёс удар прахожаму і выхапіў у яго бутэльку гарэлкі, да двух месяцаў арышту. Да яго таксама прыменены меры прымусовага лячэння ад хранічнага алкагалізму.
ДАІ выявіла 106 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – пяць п’яных вадзіцеляў і столькі ж вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 11 недысцыплінаваных пешаходаў. Зафіксаваны два дарожна-транспартныя здарэнні, у адным з іх вадзіцель аўтамабіля «Жыгулі», які рухаўся па гравійнай дарозе Аталезь –Зуберава, з’ехаў у кювет і сутыкнуўся з прыдарожным дрэвам. Згодна з папярэдняй інфармацыяй, ён знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення.
«Хуткая» атрымала 243 выклікі, у тым ліку 20 зваротаў звязаны са станам алкагольнага ап’янення.
Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ