Вясной з цёплых краін вяртаюцца дамоў буслы. Туды, дзе вывеліся, дзе было іх гняздо. Інтуітыўна яны імкнуцца на радзіму. Так і чалавек: нават з самай камфортнай мясціны цягне яго пабываць там, дзе нарадзіўся, дзе зрабіў першыя крокі і ўбачыў птушыныя гнёзды, адчуў водар кветак на лузе…
Мая родная вёска ў Нясвіжскім раёне называецца Панюцічы. Малая радзіма сёння стала сапраўды малой, на жаль, таму што многія аднавяскоўцы даўно пайшлі з жыцця, маладыя павыязджалі ў гарады. Але нельга сказаць, што яна пусцее зусім. Тут, акрамя старажылаў, ёсць некалькі сем’яў, што пераехалі з Мінска ў бацькоўскія хаты. Людзі не забываюць сваіх каранёў, жывуць на зямлі продкаў.
У гады майго дзяцінства вёска поўнілася вясёлымі галасамі хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх у кожнай хаце было па 3-4. А ў сям’і Уладзіміра Міхайлавіча і Надзеі Іосіфаўны Апанасік і наогул — восем. Мы дружна працавалі, ніхто не ленаваўся пасвіць кароў ці наглядаць за свойскай птушкай. У нас было шмат абавязкаў, і нікому ў галаву не прыходзіла ігнараваць іх. Маміна слова — закон. Між іншым, як мы зразумелі ў дарослым жыцці, гэта дапамагло потым дабівацца ўжо сваіх мар і дасягненняў. Як кажуць, работа не псуе нікога. Памятаю, на летніх канікулах мы, падлеткі, працавалі па вечарах ля льномалатарні, падавалі вязанкі на транспарцёр, сачылі, як са спелых галовак сыпалася насенне ў бункер, і прымалі гэтыя снапкі ўжо абмалочанымі. А праз колькі дзён рассцілалі разам з дарослымі жанчынамі льносаломку на траве. У кароткіх перапынках жанкі прасілі нас заспяваць што-небудзь. І мы спявалі — што ведалі і ўмелі.
Дзеці прымалі ўдзел ва ўсіх сельгасработах, ім было цікава і весела. Мае аднагодкі памятаюць і водар сена, якое касілі бацькі на лузе, а мы зграбалі і сушылі. І такую цяжкую работу, як рэзанне торфу ля вёскі Баяры. Падлеткі стаялі ля канавы, лавілі чорныя мокрыя цаглінкі і складалі ў стажкі для прасушкі.
Вечарам можна было пайсці на рэчку памыцца. Паміж вёскамі Высокая Ліпа і Панюцічы была лазня, у яе па пятніцах хадзілі мыцца жанчыны, па суботах — мужчыны. Вяскоўцы не плацілі за яе, расходы брала на сябе праўленне калгаса “17 Верасня”, старшынёй якога быў тады У.А. Галушка. Пры ім у Высокай Ліпе пабудавалі Дом культуры, з глядзельнай і танцавальнай заламі, сярэднюю школу.
Добры след у душы пакінулі і мае настаўнікі Высакаліпскай васьмігадовай школы. Вучылі дабрыні, працавітасці. Я і сёння ўдзячна тым людзям, што навучылі чытаць і пісаць, думаць, любіць свой край. На жаль, яны пайшлі з жыцця, але іх імёны не забыты. Гэта Я.І. Шпілеўская, В.В. Дуброўская, П.Р. Раманчук, І.П. Рудзешка, Н.А. Кудрук, піянерважатая Я.М. Пажытка. Памятаю, некаторыя з іх удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці, ігралі ў спектаклях. Мы глядзелі ў клубе іх выступленні і ганарыліся сваімі таленавітымі педагогамі. А як весела было ў клубе, калі там ладзіліся святы, іграў духавы аркестр! Моладзі было многа, абсалютная большасць — культурныя, выхаваныя юнакі і дзяўчаты.
На Новы год усіх віншаваў тадышні аграном калгаса А.У. Галушка, чалавек актыўны, камунікабельны. Пазней ён пераехаў з сям’ёй у Мінск, стаў вучоным аграномам.
Вёска жыла, працавала, мянялася. Асабліва памятны 1989 год, калі ў нас праводзілі прыродны газ. Людзі радаваліся, а тадышні старшыня калгаса “17 Верасня” Р.П. Сасноўскі паклапаціўся, каб ветэранам Вялікай Айчыннай вайны мантаж батарэй у хатах быў бясплатным. Па вуліцы потым паклалі асфальт, паставілі электрычныя слупы з ліхтарамі. У гаспадарцы з’явілася многа механізаваных працэсаў. У Высокай Ліпе пабудавалі лазне-пральны камбінат.
Мае землякі выбралі розныя шляхі ў жыцці. Вось людзі старэйшага пакалення: Рэгіна Васільеўна Сокал (Бейня) працавала свінаркай, Таццяна Іванаўна Хвір — даяркай, Аляксандра Адамаўна Хвір (Ціхамірава) — настаўніцай, яе брат Вячаслаў Адамавіч Хвір — інжынерам, Мікалай Ула-дзіміравіч Сямёнік — брыгадзірам. Зінаіда Міканораўна Хвір была звеннявой па льну, а Яўгенія Васільеўна Хвір — па кукурузе. Абедзве — добрыя рука-дзельніцы, ткачыхі. Інстытут замежных моў закончыла некалі Ніла Сяргееўна Кароль (Савасцей). Яна жыве ў Санкт-Пецярбурзе, штогод на лета прыяз-джае ў бацькоўскую хату. Урачом-кардыёлагам стала Вольга Канстанцінаўна Апанасік. Настаўнікам — Валянціна Аляксандраўна Станкевіч. Мы са Святланай Мазан (Башылавай) звязалі лёс з журналістыкай. Яўгенія Іванаўна Клім (Шчурко) стала інжынерам-тэхнолагам прадзільнай вытворчасці, жыве ў Маскве. У Расіі жыве і афіцэр запасу Вячаслаў Аляксандравіч Хвір.
Многа дастойных землякоў сталі настаўнікамі, медыкамі, інжынерамі, рабочымі, поварамі. Кожны знайшоў сваё месца ў жыцці і ніхто не забывае малой радзімы. Ёю лічу і іншыя суседнія вёскі, куды ў маладосці хадзілі на танцы, знаёміліся з хлопцамі і дзяўчатамі. Зямля была адна, калгас адзін.
Нашы Панюцічы раздзялілі лёс астатніх беларускіх вёсак, усяго беларускага народа ў гады Вя-лікай Айчыннай вайны. 10 мужчын — яе жыхароў — былі арыштаваны фашыстамі 6 жніўня 1941 года. За што? Дзе і калі расстраляныя? Адказы на гэтыя пытанні так і не знойдзены. Але землякі, родныя памятаюць Аляксандра Іосіфавіча Бейню, Васіля Іосіфавіча Бейню, Уладзіміра Зайца, Сямёна Карловіча, Анатоля Сцяпанавіча Сержана, Уладзі-міра Мікалаевіча Сержана, Ула-дзіміра Віктаравіча Турко, Сяргея Паўлавіча Чурылу, Адама Міхайлавіча Хвіра, Антона Міхайлавіча Хвіра. Апошнія два, дарэчы, — мае родныя дзядзькі, бацькавы браты.
За свабоду, незалежнасць і мірнае жыццё змагаліся з ворагам на франтах радавыя Міхаіл Паўлавіч Кароль, Мікалай Міхайлавіч Раткевіч, Міхаіл Данілавіч Заяц, Іосіф Антонавіч Апанасік і іншыя. Радавыя вайны загінулі хто — у Польшчы, хто — у Венгрыі, хто — у Аўстрыі ці ва Усходняй Прусіі.
Жыў у вёсцы і блакаднік Ле-нінграда — Хрыстафор Васільевіч Апанасік. Ён да вайны служыў у горадзе на Няве і застаўся ў ім, калі вораг захапіў паўночную сталіцу ў кальцо…
Ваяваў з фашыстамі і мой бацька, Нікадзім Міхайлавіч. А мама, Лукер’я Іосіфаўна, была такой майстрыхай! Вязала, прала, ткала…
Настальгічныя ўспаміны заўжды выклікаюць лёгкі смутак у душы. І хочацца зноў пабыць у тым далёкім часе, калі жылі бацькі, калі побач былі сябры і аднакласнікі. Пабегчы на луг за агародамі, апусціць босыя ногі ў невялікую рачулку Сноўку, адчуць пах ружовых званочкаў і паслухаць птушыны шчэбет.
На маёй малой радзіме і сёння людзі жывуць, працуюць, гадуюць дзяцей, унукаў, каб ніколі не парвалася тая сувязь, што трымае на зямлі кожнага з нас.
І яшчэ пра сувязь пакаленняў. Мой стрыечны брат Георгій Адамавіч Хвір, інжынер па прафесіі, у свой час ажаніўся на балгарцы і паехаў жыць у Габрава. Мы з ім перапісваліся, абменьваліся фатаграфіямі. Ён, на жаль, пайшоў з жыцця. Яго дачка Наташа, ужо сама маці і бабуля, захацела насіць прозвішча бацькі — Хвір, каб яно захавалася на зямлі. Прыемна, што наша беларускае прозвішча жыве і ў далёкай сонечнай Балгарыі.
Раіса ХВІР,
г.Нясвіж.