Скарыстоўваць пагодлівыя хвіліны

Источник материала:  
21.07.2018 — Разное

Скарыстоўваць пагодлівыя хвіліны

У мінулы чацвер жніво стартавала ў ААТ «Шашкі». Ва ўрочышчы за вёскай з аднайменнай назвай шчыраваў экіпаж у складзе старшага камбайнера Аляксандра Кутаса і яго памочніка Анатолія Вяршыны. Убіралася на насенне азімая пшаніца айчыннага сорту «аўгусціна», якая размясцілася тут на 60 гектарах. На час наведвання, збожжам новага ўраджаю запаўнялася першая аўтамашына. Услед за камбайнам прасавалася салома. Збожжавыя і зернебабовыя займаюць у таварыстве плошчу 1720 гектараў. На жніве будуць задзейнічаны шэсць камбайнаў.

На гэтым тыдні з-за даждлівага надвор’я спыняліся ўборачныя работы на палях усіх гаспадарак раёна. Азімы рапс выспеў, але зжаты ён нямногім больш, як на палове плошчаў. Сярэднераённая ўраджайнасць невысокая, пакуль што намалочана 13,4 цэнтнера масланасення з гектара. Умовы надвор’я не дазвалялі ўбіраць збожжавыя, хоць агратэхнічныя тэрміны ўборкі ўжо надышлі. Што адбываецца сёння з пасевамі збожжавых культур і якія прагнозы на будучы ўраджай? Аб гэтым наша гутарка з начальнікам аддзела раслінаводства ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Мікалаем Клаўшуном.

– Усяго сёлета па раёне неабходна зжаць збажыну на 21 885 гектарах. І рабіць гэта трэба ўжо сёння, скарыстоўваючы кожную магчымасць, каб вывесці камбайны ў поле. Азімыя выспелі, на многіх участках можна ўбіраць і яравыя.

Аднак уборачная кампанія ў гэтым годзе чакаецца даволі нялёгкай з-за таго, што ў пасевах збожжавых назіраецца развіццё пустазелля – дажджы справакавалі яго рост з насення. Асабліва на ячмянях (яны сёлета нізкарослыя), пустазелле абганяе іх у росце. Да таго ж, з каранёў пачало расці маладое калоссе – падсада. І працэс гэты нічым не спыніць. Вышэйназваныя нюансы вельмі ўскладняць уборку яравых. Дарэчы, на азімых культурах гэтыя працэсы развіваюцца ў меншай ступені.

– Падобная карціна назіраецца ва ўсіх сельгаставарыствах?

– Амаль ва ўсіх, за выключэннем гаспадарак паўднёвай групы, дзе суглінкавыя глебы ўтрымлівалі вільгаць і пасевы там былі менш пашкоджаны засухай. Расліны лепш сфарміраваліся па вышыні і падсада закранула іх у меншай ступені. У паўночных гаспадарках справы абстаяць горш, такіх плошчаў налічваецца больш за палову.

– Ці ёсць выхад з гэтай даволі сур’ёзнай сітуацыі?

– Каб пазбегнуць страт, неабходна на такіх пасевах правесці дэсекацыю – апрацаваць спецыяльным пестыцыдам або гліфасатутрымліваючымі прэпаратамі, каб знішчыць пустазелле і падсушыць ячмень на карані. Апрацаваць расліны на максімуме плошчаў і па магчымасці зрабіць гэта трэба тэрмінова. Калі ж убіраць, не выканаўшы даную тэхналагічную аперацыю, то гэта прывядзе да забівання рабочых органаў камбайнаў і камбайнерам прыйдзецца ачышчаць іх па некалькі разоў на дзень – марна траціць каштоўны час, ды і страты зерня могуць быць немалымі. Магчымы і паломкі тэхнікі, таму што вага камбайнаў за кошт зялёнай масы, якая будзе наліпаць, стане вышэйшай.

Зразумела, у такой сітуацыі, якая склалася, ураджайнасць чакаецца ніжэйшай за запланаваную. А колькі тысяч тон збожжа намалоцяць хлебаробы раёна, пакажуць вынікі жніва.

– Мікалай Мікалаевіч, а як развіваюцца прапашныя культуры?

– Няблага расце кукуруза, асабліва ў тых гаспадарках, дзе яна была пасеяна ў агратэхнічныя тэрміны, падкормлена і своечасова апрацавана супраць пустазелля. Вытрымалі засуху цукровыя буракі і бульба, расліны зараз нармальна развіваюцца.    

На здымках: вадзіцель Анатолій Бельскі, галоўны аграном Святлана Талстая, дырэктар таварыства Валерый Мормыш, камбайнеры Анатолій Вяршына і Аляксандр Кутас; механізатар Станіслаў Калошыч.                                              

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

←Тележурналист Cергей Дорофеев: «Я сильно поседел из-за истории с «Выбором»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика