На Миорском физкультурно-оздоровительном комплексе накрыта крыша
"Народная будоўля". Менавіта так называе аднаўленне пасля пажару фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў райцэнтры галоўны інжынер ПМК-55 Леанід КАСЕВІЧ.
— Лесаматэрыялы для аздараўленчага комплексу пастаўляюць Дзісенскі лясгас, Міёрскае ПМС, прыватная фірма “Капіталдрэўпрадукт”, — пералічвае Леанід Ігнатавіч. — Цесляры нашага ПМК-55 пры падтрымцы спецыялістаў “Капіталдрэўпрадукта” ўстанавілі кроквы і абрашотку. Гэта дазволіла брыгадзе Дзмітрыя Анашкі заняцца металачарапіцай. Схіл даху ад вуліцы Камуністычнай у панядзелак-аўторак закончым, потым работа прадоўжыцца на схіле са двара.
Франтоны з сілікатных блокаў аднавіла брыгада ПМК-55 пад кіраўніцтвам Аляксандра Шаўлюгі. Завезены ўсе мансардныя вокны, палавіна з іх устаноўлена — па боку ад вуліцы. Як толькі металачарапіца пакрые дах, пачнуцца ўнутраныя работы — устаноўка газасілікатных і гіпсакардонных перагародак, да справы прыступяць аддзелачнікі.
Аддзелачнікі пад кіраўніцтвам Ірыны Бялевіч закончылі шпатлёўку сцен у памяшканнях былой дыспетчарскай ПМК-55, наперадзе афарбоўка і абклейванне сцен шпалерамі.
Работнікі сектара спорту і турызму райвыканкама Ларыса Малецкая і Міхаіл Курашэвіч кожны рабочы дзень пачынаюць у нас, каардынуюць намаганні падсобных рабочых, якія наводзяць парадак у памяшканнях комплексу.
Сродкаў для завяршэння аднаўлення аздараўленчага комплексу дастаткова. Мяркую, калі не ўмяшаецца надвор’е, работы закончацца ў жніўні.
Фотаматэрыял аўтара.
Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.