Сарочына паляванне

Источник материала:  
20.07.2018 — Разное

Сарочына паляванне

Заўсёды прыемна адзначыць, што, змяняючы месца жыхарства, ураджэнцы Будакашалёўшчыны не забываюць сваю малую радзіму і радуюць нас сваёй літаратурнай творчасцю, прысылаючы яе на рэдакцыйную пошту. Так, напрыклад, паэтка, празаік, аўтар і выканаўца песень аб роднай зямлі Таццяна Атрошанка для самых маленькіх жыхароў раёна прыслала павучальную казку “Сарочына паляванне”, напісаную на роднай мове, якую мы з вялікім задавальненнем прадстаўляем вам.

Шум-гам стаяў па-над пушчаю… Гучна шчабечучы, сакочучы ды каркаючы, абганяючы адно аднаго, да вялізнага гнязда, якое зіхацела на сонцы так, што балюча было вачам, зляталіся птушыныя хмары. Госці рассаджваліся на вялізных галінах, упрыгожаных рознакаляровымі стужкамі ды камянямі. Яны прыгладжвалі растрапаныя ветрыкам пёркі, ветліва віталіся ды з затоеным дыханнем глядзелі ўверх, туды, дзе ў цэнтры гнязда каля шыкоўнай альтанкі іграў адмысловыя мелодыі аркестр і адкуль неўзабаве пад шквал апладысментаў паказалася імянінніца-прыгажуня сарока. Яна ўпэўнена ступала сваімі доўгімі стройнымі ножкамі, упіваючыся вострымі, нібыта лязо, кіпцямі, у кару дрэва. Прайшоўшы на сярэдзіну, імянінніца акінула хваткім поглядам з-пад веек, густа абсыпаных дыяментавым пылам, прысутных і горда ўзняла крылы:

– Вітаю вас, сябры мае! – застракатала яна па-над пушчаю. Я вельмі рада, што вы завіталі да мяне на баль! Вялікае свята чакае вас! Лепшыя музыкі будуць граць вам! Лепшыя салаўі спяваць вам будуць песні! Каштуйце лепшыя ў свеце напоі! Танчыце самыя вясёлыя ў свеце танцы!

– Віват, прыгажуня! – пачулася адусюль. Палілася музыка… Заспявалі птушкі на ўсе галасы хвалебныя песні ў гонар прыгажуні-сарокі. З паклонам падносілі ёй каштоўныя падарункі. Радасцю і гонарам свяціліся чорныя яе вочы. Здавалася, не было на ўсім белым свеце істоты, шчаслівейшай за яе. Але гэтак толькі здавалася…Ні песні, ні хвалебныя словы, ні дарагія падарункі не маглі задаволіць яе. Прага ўсё расла і расла ў яе сэрцы. Бляск дыяментаў затуманьваў яе позірк, пазбаўляў волі… Яна, абсыпаная золатам і срэбрам, зыркала навокал і заўважала нават самы тоненькі пярсцёнак на пальчыку якой-небудзь госці.Бачыла самы цьмяны каменьчык у завушніцы сяброўкі, які ўжо горача жадала, хацела мець сама… Млела ад зайздрасці, заходзілася ад сквапнасці яе маленькае сэрца.

– Годзе!!! – узляцеўшы над шумным гняздом, застракатала сарока… А цяпер – на паляванне!!!

Годзе нам танцаваць!
Возьмем, што можна ўзяць!
Пойдзем мы паляваць!
Не злодзей, калі не дагнаць!!!

Прыціх птушыны гоман… Вераб’і, спалохаўшыся, кінуліся ўрассыпную. Галубы адмовіліся і паляцелі па сваіх справах. Вораны моўчкі разляцеліся. Засталася сарочая зграя. Шумна і весела стракочучы, паляцелі яны ў горад. Зазіраючы ў вокны, зоркія іх вочкі прыкмячалі розныя бліскучыя рэчы, а цэпкія лапкі хваталі іх і з пераможнымі крыкамі адносілі ў гняздо сарокі. Вяселле панавала навокал, і нішто не магло яго азмрочыць – ні памыйныя каты, што злосна шыпелі на птушак, якія нізка праляталі над імі, ні вялікія сабакі, што верай і праўдай ахоўвалі дабро гаспадароў.

– Удалага палявання! – неслася адусюль.

– Віват, прыгажуня! – святкавалі чарговы трафей птушкі. Груда золата, сотні срэбраных лыжак, куча бляшанак ды бітых шклянак былі акуратна складзены ля парога сарочынага гнязда. Шчасцем палалі чароўныя вочы сарокі. Стаміўшыся, птушыная зграя, весела стракочучы, паляцела назад. Але недзе там, дзе згасаў апошні прамень вячэрняга сонца, нешта бліснула дзівосным полымем. Заіграла, пераліваючыся вясёлкай, і знікла…

– Што гэта? Што гэта такое? – узбуджана застракатала сарока. – Як вы маглі не заўважыць гэта?! Станавіся на крыло! Паляванне працягваецца! Здабудзьце мне гэты цуд, за якімі б замкамі яно не было схаванае!

Паднялася зграя ў неба. Шумам і гвалтам аглушыла рэдкіх унізе прахожых. Сарока, страціўшы спакой, ляцела наперадзе, распіхваючы іншых моцнымі крыламі ды драпаючы вострымі кіпцюрамі. Вочы ёй засціў туман, а сэрца ірвалася туды, дзе гарэў, пераліваўся дзіўны казачны агонь. Ён зачароўваў, заварожваў, напаўняў сэрца таго, хто глядзеў на яго, ціхай радасцю і шчасцем. І вось, крычучы і драпаючыся, звалілася птушыная зграя ля акна дома, дзе жыла птушка Фенікс. Ад бляску крылаў, нябачанай дагэтуль прыгажосці сарочына брація прыціхла і заплюшчыла вочы. Птушка Фенікс спявала… Вясёлкі запальваліся ў небе ад гэтых гукаў. Ад павеваў чароўных крылаў ішоў крыштальны дождж, гоячы душы няшчасных. Глыбокія сінія вочы яе свяціліся цёплым мяккім святлом, дорачы шчасце… Птушкі прыціхлі, услухоўваючыся ў кожны гук, у кожнае слова птушкі Фенікс.Яны бліжэй і бліжэй падступалі да акенца, хочучы лепш разгледзець гэты цуд. Зусім забыўшыся пра сароку, яны прыгладзілі сваё пер’е і сталі падпяваць птушцы Фенікс. А калі песня скончылася, усе шумна залопалі крыламі, смеючыся ад радасці…

– Кар-р-р-р!!! – раптам нема каркнула сарока. Стоячы адна ззаду, яна пераводзіла злосны позірк з птушак на птушку Фенікс.

– Каррррр!!! – хлюпала і клекатала ў яе горле, – схапіце яе! Разбіце акно! Вырвіце ў яе ўсё пер’е! Паглядзім пасля, якія песні яна будзе спяваць!
Птушка Фенікс уздрыгнула і змоўкла… Сарочына брація, нібыта прачнуўшыся ад сну, захлопала крыламі, затопала лапамі і ўслед за сарокай пасунулася да акенца.Падышоўшы шчытна да яго, сарока нешта прахрыпела і што было моцы ўдарыла моцным клювам па шклу. Раздаўся звон… Хмара сарок увалілася ў пакой, схапіла птушку Фенікс. Прыгажуня сарока падышла да яе і паглядзела сваімі чорнымі шклянымі бусінкамі ў яе сінія вочы:

– Што, Фенікс, змоўкла? Заспявай цяпер, калі зможаш!

Сарока сваімі лапамі рвала пер’е на чароўнай птушцы… Блакітная кроў яе блішчэла, капала з кіпцюроў на халодную падлогу. Кінуўшы нежывое цела птушкі Фенікс на падлогу, сарока святкавала перамогу:

– Каррр! Каррр! Няма цяпер птушкі Фенікс! Няма цяпер яе гнюсных песенек! Цяпер я буду самай чароўнай на зямлі!

Сарока, бяснуючыся, каркаючы, гагочучы, у запале не адчуваючы болю, ірвала на сабе сваё прыгожае пер’е, кідала яго ў застылых ад жаху сваіх супляменнікаў. Яна хапала пер’е птушкі Фенікс і ўтыкала іх сабе пад скуру. Адтуль прасочвалася чорная сарочына кроў, намяртва прыклейваючы пер’е да яе цела… Уткнуўшы апошняе пяро сабе ў крыло, сарока пракаркала:

– Ну, вось і ўсё!!! Адгэтуль і назаўсёды я цяпер буду птушкай Фенікс!!! І усе вы, – акінуўшы чорным сваім поглядам спалоханы натоўп, прашыпела яна, – будзеце слухаць тыя песні, якія я вам буду спяваць! І, набраўшы паболей паветра ў дзюбу, сарока каркнула…

– Каррр, каррр, каррр, – булькала і клекатала навокал…
Апрытомнеўшы ад жудасных гукаў, раптам адкрыла вочы птушка Фенікс. Лежачы ў крыві, яна ледзь паварушыла вейкамі і ўбачыла сваё пер’е, што гарэла дзівосным агнём на сароцы. Боль і невыносныя пакуты мучылі птушку Фенікс. Ёй заставалася толькі плакаць, умывацца сваімі слязьмі…

Так, шаноўны мой чытач… Не ўсе казкі заканчваюцца хэпі-эндам… І ў нашай мог быць сумны фінал, калі б не адно «але»… Бо мы ведаем, што слёзы птушкі Фенікс маюць гаючую сілу… Плачце, сябры мае, калі вам сумна, і гэта пазбавіць вас ад непатрэбных вам пакут… Плакала і наша птушка Фенікс, шчодра акрапляючы сябе гаючай вільгаццю. І жыццё зноў засвяцілася ў яе вачах… І яна пакрылася новым пер’ем і стала яшчэ прыгажэйшай… Яна стаяла і з сумнай усмешкай глядзела на поўную трыумфу сароку. І раптам… Пераможны крык захрас у яе горле… Яна спалохана глядзела, як пер’е птушкі Фенікс, якія яна загнала сабе пад скуру, сталі разгарацца і раптам успыхнулі, апаліўшы сароку цалкам… Калі дым рассеяўся, пасярод пакоя стаяла голая сарока, густа пакрытая сажай і рэшткамі свайго пер’я.Так, мае сябры… Вы, відаць, забыліся яшчэ пра адну чароўную здольнасць птушкі Фенікс? Так, яна раз-пораз згарае, каб потым аднавіцца з попелу… Вось пер’е і згарэла, апаліўшы заадно і сарочына. Перапалоханы сарочы натоўп спачатку кінуўся наўцёкі ад гэткага жудаснага віду. Але пасля гучна рассмяяўся, бачачы разгублены сарочы погляд… Сарока зноў кінулася да птушкі шчасця, хочучы зноў знішчыць яе, але Фенікс добра вывучыла ўрок, які навучыў яе не падпускаць да сябе блізка тых, хто гэтага няварты. Адкінуўшы ад сябе абсмаленую сароку, Фенікс паляцела ўвысь, глянула на сарочыну брацію і знікла… Вы мяне спытаеце, куды? Ніхто цяпер не ведае… Усе шукаюць, пытаюцца дарогу ў старцаў, ходзяць сакрэтнымі сцежкамі ў непралазных лясах… Гавораць нават, што цяпер яе не зможа знайсці ніхто. Але часам яна прылятае сама і спявае таму, каму хоча падараваць шчасце…

←Ремонт тепловых сетей проводится в городе Белоозерске

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика