Как увлечение стало бизнесом для Снежаны Косориго из Докшицкого района

Источник материала:  
19.07.2018 — Разное

Как увлечение стало бизнесом для Снежаны Косориго из Докшицкого района
Аэрадызайн, якім захапілася круляўчанка Сняжана Касарыга, для яе не проста хобі, а і спосаб заробку грошай. Занялася яна дэкарыраваннем паветранымі шарамі выпадкова. Па адукацыі Сняжана – медыцынская сястра, але ёй заўсёды па душы было дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, таму старалася вынайсці хвілінку для творчасці: малявала, вышывала. Гэта яе ўменне асабліва прынагодзілася, калі дзеці пайшлі ў сад. Там шмат праводзілася творчых конкурсаў, работы для ўдзелу ў якіх яна з задавальненнем дапамагала ім ствараць. Аэрадызайн засвоіла ў мінулым годзе, калі на выпускны дачкі Валерыі, якая заканчвала пачатковую школу, было вырашана ўпрыгожыць залу паветранымі шарыкамі.
– Мне так спадабалася фантазіраваць з гэтым няпростым і далікатным матэрыялам, што вырашыла навучыцца дэкарыраванню шарыкамі. Чытала шмат тэматычнай літаратуры, наведвала спецыяльныя майстар-класы. Вельмі была рада, калі атрымалася зрабіць цудоўны букет рамонкаў. Пасля пайшлі больш складаныя рэчы – розныя чалавечкі, шматузроўневыя фігуры, і знікла пытанне выбару падарункаў родным і знаёмым. А потым да маіх работ праявілі цікаўнасць іншыя людзі. Так з’явілася магчымасць зарабіць на сваім захапленні. Аформіла рамесную дзейнасць і стала працаваць аэрадызайнерам.
Самым складаным у аэрадызайне Сняжана лічыць нараджэнне самой ідэі. Часта прыходзіцца ўвасабляць у жыццё неверагодныя задумы кліентаў, якія трэба пралічыць, намаляваць, каб усё было роўненька і трывала. Прыходзіцца працаваць і ноччу. Цікава, але шарыкі настолькі цесна ўвайшлі ў жыццё Сняжаны, што яна практычна не выпускае іх з рук: круціць, верціць, эксперыментуе.
Паслугі аэрадызайнера Сняжаны Касарыга ўжо спатрэбіліся пры афармленні сцэны да Дня аграгарадка Крулеўшчына і крулеўшчынскага панадворка на раённым Фестывалі дзвюх рэк. Акрамя гэтага, зробленыя ёй надзьмутыя падарункі ўручалі ўдзельнікам фестывалю “Сонечны круг”. Майстэрства мамы з задавальненнем пераймаюць дзеці, якія ўжо паспелі завая­ваць некалькі ўзнагарод за ўдзел у творчых раённых конкурсах. Заўсёды падтрымліваюць фізічна і маральна яе муж і бацькі.
Талент не ведае межаў. Сняжана Касарыга не спынілася на дызайне паветранымі шарамі, а знайшла для сябе яшчэ адно цікавае захапленне: выраб роставых кветак. Дарэчы, на сёлетнім свяце нацыянальнай культуры “Зберагаем вытокі свае”, што прайшло ў Таргунах, рознакаляровыя, у рост чалавека, расліны карысталіся вялікай папулярнасцю ў аматараў сэлфі.
– Сапраўды, такія кветкі шыкоўна выглядаюць у фотазонах, – гаворыць майстар. – Многія ўпрыгожваюць манументальнымі ружамі, рамонкамі, півонямі і іншымі кветкамі з гафрыраванай паперы хатні інтэр’ер. Ва ўсякім разе, пасля майго дэбюту на свяце ў Таргунах я атрымала шмат заказаў.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Сняжана Касарыга сярод сваіх шыкоўных папяровых кветак.

←Беларусь продолжит использовать латвийские порты для перевалки нефтепродуктов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика