В ОАО «Деменец» уже не первый год занимаются выращиванием гречки
Нябесна-блакітны колер мае зараз поле ля Хадакова і на кантрасце з зелянінай кустоўя і жаўцізной суседніх участкаў рапсу выглядае вельмі прывабна. Ужо два тыдні махнатыя пчолкі з усяго наваколля накіроўваюцца сюды, дзе цвіце “Лакнея”. Змянілася кіраўніцтва ў ААТ “Дземенец”, але планы па вырошчванні грэчкі – нязменныя. Сёлета карысная культура займае плошчы каля 10 гектараў. Быццам бы і нямнога, але гаспадарка гатова забяспечыць патрэбы насельніцтва раёна ў карысным прадукце.
– У першую чаргу арыентуемся на землякоў, на ўшачан, – расказвае выконваючы абавязкі дырэктара таварыства Генадзь Аляксандравіч Шалыга. – Не ўносілі ніякіх угнаенняў, прадукт атрымаем абсалютна экалагічна чысты. Закупілі насенне эліты. “Лакнея” – сорт беларускі, выведзены навукова-практычным цэнтрам па земляробстве Нацыянальнай акадэміі навук. Грэчка мае высокія крупяныя якасці, смак па ацэнках экспертаў – выдатны: “пяць” па пяцібальнай шкале. Зрэшты, у тым, што мы прапануем толькі лепшыя сарты, унесеныя ў спіс каштоўных, ушачане маглі ўпэўніцца ў папярэднія гады.
Грэчка – культура непатрабавальная ў вырошчванні, але ў “Дземенцы” прыклалі клопат пры сяўбе. Тры разы поле праходзілі культыватарам, некалькі дзён чакалі – потым яшчэ апрацоўка два разы, і толькі тады насенне лягло ў глебу. Такая далікатная падрыхтоўка неабходна для знішчэння пустазелля. Закрывалі пасевы ў канцы мая, пасля заканчэння масавай сяўбы, бо ахілесава пята грэчкі – боязь халадоў. Таму сеюць яе ў час, калі гарантавана не будзе замаразкаў.
– А наогул грэчка можа быць страхавой культурай для перасеву загінуўшых азімых ці шматгадовых траў, – кажа галоўны аграном гаспадаркі Ігар Уладзіміравіч Іванюта. – Каранёвая сістэма добра засвойвае злучэнні фосфару, а салома грэчкі – выдатнае арганічнае ўгнаенне, яе заворванне павышае ўрадлівасць глебы. Да таго ж грэчка з’яўляецца добрым папярэднікамі для многіх іншых культур.
Гэта таксама выдатны меданос, і кіраўніцтву гаспадаркі не шкада сваіх палёў для пасечнікаў, тым больш што гэта карысна і расліне – у выніку апылення павышаецца ўраджайнасць. Па словах І.У. Іванюты, цвісці яна будзе дзесьці яшчэ два тыдні.
Гудуць пчолкі, носяць мядок, а Г.А.Шалыга выношвае планы абзавесціся ў гаспадарцы ўласнай пасекай. А ў блізкай перспектыве пасля ўборкі ўвесь ураджай будзе адпраўлены на “Гомельхлебапрадукт”. Гэта адзіны ў краіне вытворца, які перапрацоўвае сыравіну грэчкі. На сучасным абсталяванні зерне ачышчаецца, прапарваецца разам з абалонкай, што дазваляе захаваць усе карысныя якасці. У “Дземенец” грэчка вернецца ў таварным выглядзе, гатовая да выкарыстання. Сельгаспрадпрыемства ўжо мае заказы з-за межаў раёна, але, як запэўніла адміністрацыя гаспадаркі, яны гатовы паставіць прадукцыю нашым установам адукацыі, бальніцам, райспажыўтаварыству, грамадзянам – ушачане ў прыярытэце.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.
На здымку: І.Іванюта, Г.Шалыга.