Фінальным акордам рэалізацыі мясцовай ініцыятывы “Адкрый сябе”, якая ажыццяўлялася ў рамках праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, стаў дабрачынны канцэрт-акцыя “Сонечны круг”.
У фае кінаканцэртнай залы “Іскра” было шумна і весела: гэта госці свята з задавальненнем удзельнічалі ў забаўляльнай праграме з конкурсамі і віктарынамі. Пасля такога актыўнага адпачынку ўсіх запрасілі ў глядацкую залу, дзе на сцэне ўжо чакалі свайго выхаду юныя таленавітыя артысты. Прысутных шчыра вітала адказны выканаўца па рэалізацыі мясцовай ініцыятывы, дырэктар раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Святлана Януковіч.
– Рэалізацыя ініцыятывы распачалася ў снежні мінулага года, – паведаміла Святлана Антонаўна. – Яе асноўнай мэтай было тое, каб дзеці з абмежаванымі магчымасцямі і з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця не адчувалі сябе адзінокімі, а патрэбнымі, творчымі і ўмелымі. Дасягнуць гэтага дапамагала своеасаблівая арт-тэрапія. На базе нашага цэнтра быў створаны клуб “Натхненне”, у якім нарадзіўся творчы калектыў – ансамбль песні і танца “Сузор’е”, удзельнікі якога сёння прадэманструюць, чаму навучыліся за гэтыя паўгода.
Як адзначыла Святлана Януковіч, нічога б не атрымалася без падтрымкі мясцовай улады. Новых ідэй і поспехаў ва ўсіх пачынаннях пажадала прысутным старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч. “Зорны час” на свяце атрымалі самабытныя мастакі, члены клуба “Натхненне”, маляўнічыя работы якіх былі прадстаўлены падчас мерапрыемства на выставе “Творчасць без межаў”.
Канцэртная праграма распачалася са знаёмства з калектывам “Сузор’е”. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія ўпершыню выступалі перад вялікай колькасцю гледачоў, змаглі перамагчы сарамлівасць і не толькі зарадзіць усіх добрым настроем, але і самім атрымаць ад выступлення вялікае задавальненне. Ужо на другім куплеце першай песні яны настолькі ўжыліся ў ролю артыстаў, што і сумнення не было – спевы і танцы для іх сапраўды занятак па душы. Шчырымі апладысментамі віталі гледачы салістак “Сузор’я” Машу Шылкову і Лізу Пацейчук. Побач з пачынаючымі артыстамі таксама выступала ўзорная вакальная студыя “Тоніка”. Танцамі заварожвалі дзяўчаты ўзорнага харэаграфічнага калектыву “Сюрпрыз”. Шмат вершаў прагучала ў выкананні таленавітых чытальнікаў тэатральнага калектыву цэнтра Насці Уладзіміравай, Пашы Судніка і Машы Жук.
Завяршылася мерапрыемства салодкім фуршэтам.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.