На беразе хуткаплыннага Нёмана

Источник материала:  
17.07.2018 — Разное

На беразе  хуткаплыннага Нёмана

На турбазе «Высокі бераг», на маляўнічым беразе хуткаплыннага Нёмана, прайшла ІІІ-я летняя спартакіяда работнікаў РУП «Мінскае абласное агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру», прысвечаная Году малой радзімы.

Пасля ўрачыстага шэсця каманды-ўдзельніцы спартакіяды ўсіх філіялаў і бюро Мінскай вобласці пастроіліся ля імправізаванай мізансцэны. Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Падняць сцяг спаборніцтваў прадстаўляецца капітанам каманд. Трапяткое палотнішча ўзнімаецца ў блакітнае неба.

– У нас склалася добрая традыцыя правядзення летніх спартакіяд, – сказаў, адкрываючы спаборніцтвы, дырэктар прадпрыемства Пётр Лаўроў. – Гэта сапраўднае спартыўнае свята, на якое прыехалі больш за 150 супрацоўнікаў. Спорт выхоўвае ў чалавека такія выдатныя якасці, як мэтанакіраванасць, рашучасць, арганізаванасць, згуртаванасць, якія дапамагаюць дабівацца перамог не толькі ў спартыўнай, а і ў прафесійнай дзейнасці. Жадаю ўсім удзельнікам спартыўнага азарту, паспяховых стартаў і яркіх перамог, а балельшчыкам пабольш станоўчых эмоцый.

Звярнулася да прысутных і ганаровы госць – старшыня аб’яднанай галіновай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў прыродакарыстання і геатэхналогій   Ганна Трацэўская, якая адзначыла, што акрамя вытворчага працэсу і агульных задач, якія ставіць перад работнікамі прадпрыемства дзяржава, усіх аб’ядноўвае членства ў адной прафсаюзнай арганізацыі. А гэта магчымасць сабрацца на ўлонні разам, адной дружнай сям’ёй. Ганна Іванаўна адзначыла высокі ўзровень арганізацыі мерапрыемства і прыгожую эпікіроўку каманд.

Спаборніцтвы разгарнуліся на ўсіх спартыўных пляцоўках адначасова. Тут хоць і панаваў дух саперніцтва, але мацнейшым усе аддавалі даніну павагі за майстэрства.

А вечарам, пад патрэскванне кастра, над хвалямі Нёмана ліліся песні, чуўся вясёлы смех. У конкурсе «Візітка», хоць яго вынікі і не ўключаліся ў агульнакамандны залік, барацьба была напружанай. Аднак дзяржынцам тут не было роўных. Для ўдзельнікаў спартакіяды падрыхтавалі і прыемны сюрпрыз – начное неба расквеціў святочны феерверк.

Другі дзень спаборніцтваў не ахаладзіў запалу барацьбы. Завяршаліся паўфінальныя і фінальныя матчы на футбольнай і валейбольнай пляцоўках. У гульні за трэцяе месца дзяржынскія валейбалісты вырвалі перамогу. У асабістым спаборніцтве па настольным тэнісе Павел Гапановіч і Вольга Барута не пакінулі ніводнага шанцу сваім сапернікам – яны перамаглі. Удалася гульня ў більярд Дзмітрыю Іванілаву, які заняў першае месца. Прызавое другое месца па дартсе ў Вольгі Карпіевіч. Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны кубкамі, граматамі і медалямі.

Першае агульнакаманднае месца занялі спартсмены Слуцкага філіяла, другое – галаўнога прадпрыемства і трэцяе – Дзяржынскага філіяла.

Завяршальным акордам спаборніцтваў стала развітанне са спартакіядай – імправізацыя на тэму алімпійскага мішкі.

Сярод асноўных задач усіх спартыўных мерапрыемстваў з’яўляецца прапаганда здаровага ладу жыцця і спорту, захаванне нацыянальных традыцый беларускага народа. Дарэчы, кіраўнікі структурных падраздзяленняў абласнога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства наведалі мемарыяльную сядзібу народнага песняра Беларусі Якуба Коласа ў Альбуці.

Ад’язджалі ўдзельнікі спартыўнага мерапрыемства з удзячнасцю арганізатарам спартыўнага свята – намесніку дырэктара РУП «Мінскае абласное агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру» Андрэю Гузу, начальніку Дзяржынскага філіяла Таццяне Арцюхоўскай і старшыні прафкама Паўлу Гапановічу, загадчыкам Уздзенскага, Стаўбцоўскага і Нясвіжскага бюро Максіму Шобіку, Валянціне Гашнікавай і Андрэю Пігулю. І з надзеяй на чарговую сустрэчу ў маляўнічых коласаўскіх мясцінах.

Надзея БАТАЛКА,

фота аўтара

←Приглашают оценить работу надзорных органов предлагают в Беларуси

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика