Звінела песня, і музыка гучала. У Несцерава адзначылі дзень вёскі
Вёска Несцерава Падсолтаўскага сельскага Савета — месца асаблівае і знакавае. Таму не дзіўна, што жыхары папрасілі абраць яго для правядзення чарговага дня вёскі.
Сёлета вёска адзначае 380-гадовы юбілей. З 1638 г. гэта месца актыўна развівалася. У розныя гады тут існавалі цагельны завод, вінакурня, млын, школа. А яшчэ Несцерава — радзіма аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Віцебскай вобласці ў Вялікую Айчынную вайну, камандзіра Багушэўскай партызанскай брыгады і сакратара Багушэўскага падпольнага РК КП(б)Б Я. Прахарэнкі.
Зараз у вёсцы пражывае 30 чалавек. Падчас правядзення дня вёскі ўсе яны з задавальненнем прынялі ўдзел у мерапрыемстве. Да вяскоўцаў прыехала старшыня Падсолтаўскага сельскага Савета Аксана Лісоўская, якая праінфармавала прысутных аб галоўных падзеях у раёне, адказала на хвалюючыя пытанні і пацікавілася ў жыхароў іх жыццём і праблемамі.
Бібліятэкар Падсолтаўскай сельскай бібліятэкі Ларыса Брахун падрыхтавала для вяскоўцаў разнастайную літаратуру па вядзенні хатняй гаспадаркі, рукадзеллю, цікавыя рэцэпты са спецыялізаваных часопісаў.
Прысутныя змаглі азнаёміцца з асартыментам тавараў ААТ «Бытавыя і паліграфічныя паслугі «Мсціслаўчанка».
Несцераўцы з радасцю сустракалі самадзейны калектыў Падсолтаўскага сельскага клуба «Ліся, песня». Сваёй творчасцю парадавалі прысутных Ала Піруцкая, Аляксандр Шалабода, Лілія Саўчанка і іншыя артысты. Людзі з задавальненнем спявалі з імі разам, а несцераўчанкі Раіса Старчанка і Тамара Аніхоўская нават узгадалі любімыя танцы маладосці і парадавалі прысутных іх выкананнем.
Жыхарка Несцерава Вера Трапачова падзялілася сваімі ўспамінамі і жыццёвым вопытам. Ад імя вяскоўцаў выступіла стараста Валянціна Шпакава. Яна падзякавала гасцям за свята і выдатны настрой, а таксама паабяцала, што жыхары вёскі прыкладуць усе намаганні, каб яна стала самым прыгожым і дагледжаным куточкам на тэрыторыі сельсавета.