Прызёры энергасістэмы
У апошні тыдзень чэрвеня прайшлі рэспубліканскія спаборніцтвы брыгад па рамонце і абслугоўванні ВЛ 35 кВ і вышэй, на якіх РУП «Мінскэнерга» былі прадстаўлены брыгадай філіяла «Стаўбцоўскія электрычныя сеткі» пад кіраўніцтвам намесніка галоўнага інжынера Аляксандра Ліхачэўскага.
Такое права каманда стаўбцоўскіх энергетыкаў заваявала падчас абласных спаборніцтваў, якія праходзілі ў маі, дзе яна заваявала першае месца.
– На рэспубліканскіх спаборніцтвах, якія праходзілі ў п. Мухавец Брэсцкага раёна, быў прадстаўлены высокі ўзровень прафесійнага майстэрства энергетыкаў Беларусі. Наша каманда выступіла дастойна і выйшла ў лік прызёраў, саступіўшы камандам РУП «Брэстэнерга» (першае месца) і РУП «Гроднаэнерга» (другое месца), – адзначае інжынер службы размеркавальных сетак Стаўбцоўскіх электрасетак Яўген Вайцяшэнка.
Спаборніцтвы ўключалі ў сябе шэсць этапаў, у тым ліку праверку ведаў дзеючых правіл і інструкцый на ПЭВМ, вызваленне пацярпелага ад дзеяння электрычнага току і аказанне яму першай дапамогі з выкарыстаннем манекена і трэнажора, замена дэфектнай распоркі і дэфектных ізалятараў, злучэнне на стэндзе шлейфу провада анкернай металічнай апоры ВЛ 330 кВ, якая знаходзіцца пад напружаннем, ліквідацыю ачага пажару ў ахоўнай зоне ВЛ 35 кВ.
Каманда-пераможца і каманды-прызёры атрымалі з рук першага намесніка генеральнага дырэктара – галоўнага інжынера ДВА «Белэнерга» Сяргея Машковіча дыпломы, памятныя медалі і кубкі. Камандзе «Брэстэнерга» (філіял «Баранавіцкія электрычныя сеткі») прадстаіць прадстаўляць беларускую энергасістэму на міжнародных спаборніцтвах прафесійнага майстэрства.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ