У Хоцімскім раённым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адбыліся прыемныя змены
Хоцімскі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва за апошні час істотна змяніўся. Сумныя шэраватыя сцены набылі прыемную яркую афарбоўку, у памяшканнях з’явілася новая мэбля, стала вельмі ўтульна і светла. Гэтыя перамены заўважылі ўсе, і ў першую чаргу пастаянныя наведвальнікі аддзялення для пажылых людзей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі.- У Цэнтры адбыліся вельмі прыемныя пераўтварэнні, якія мы, наведвальнікі ўстановы, адразу заўважылі. Цяпер прыходзіць сюды стала прыемней, абстаноўка тут набліжана да дамашняй. Многія пакоі ў Цэнтры набылі зусім новы выгляд. Напрыклад, у пакоі для прыёму ежы з’явілася новая прыгожая мэбля, мы тут зможам не спяшаючыся піць гарбату і размаўляць. Яшчэ мне вельмі падабаецца пакой, дзе можна рукадзельнічаць — вельмі люблю нешта рабіць сваімі рукамі, — дзеліцца адна з самых актыўных наведвальніц Цэнтра Людміла Кавалёва.
Сёння з упэўненасцю можна сказаць — Цэнтр каласальна змяніўся, набыў новы сучасны дызайн. Але галоўнымі яго задачамі заўжды былі і застаюцца наступныя: ахапіць увагай і клопатам як мага больш грамадзян, якія патрапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю. Дырэктар цэнтра Вольга ХОМЧАНКА ўпэўнена, што дасягнуць гэтага можна толькі абапіраючыся на сумесную, добрасумленную, якасную працу ўсяго калектыва ўстановы і ўсіх неабыякавых людзей Хоцімшчыны.
— Сучасны будынак быў перададзены РЦСАН у 2013 годзе. Сваю працу тут ажыццяўляюць 6 аддзяленняў, гэта ўлічваючы аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў установы “РЦСАН” у а/г Забялышын. У цэнтры запатрабавана аддзяленне для пажылых і людзей з абмежаванымі магчымасцямі на пастаяннай аснове, якое наведвае 25 чалавек.
Сюды прыходзяць за дапамогай і добрым словам не толькі шматдзетныя сем’і, але і людзі з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама пажылыя і інш., якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Штодзённа згуртаваны калектыў Цэнтра з поўнай самааддачай ідзе насустрач тым, хто мае патрэбу ў падтрымцы. Таму вельмі важна, каб умовы, у якіх штодзённа знаходзяцца людзі, якія сюды прыходяць былі камфортнымі, каб людзі разумелі, што яны не адзінокія і могуць разлічваць на падтрымку.
На бягучы рамонт РЦСАН выдзелены сродкі з раённага бюджэту. Асобыя словы падзякі хочацца выказаць старшыні райвыканкама Дзмітрыю Рубану, намесніку старшыні Мікалаю Хучаву, якія прыклалі шмат намаганняў дзеля таго, каб усе, хто наведваецца сюды адчувалі камфорт, клопат і цеплыню. Таксама хочацца падзякаваць начальніка ПМК №276 Міхаіла Кошкіна і працаўнікоў, якія робяць абнаўленне будынка за прафесіяналізм і адказны падыход да сваёй справы. Грамадскае аб’яднанне “Беларускі фонд міра” таксама не засталося ўбаку — дапамаглі закупіць абсталяванне для памяшкання ўжывання ежы. Актыўны ўдзел і сваю лепту ўнеслі і прадстаўнікі раённага аб’яднання прафсаюзаў, якія закупілі неабходныя ў паўсядзённым ужыванні прадметы, — каментуе начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Алена Барадзенка.
Напрыканцы хочацца дадаць, што РЦСАН наведваюць не толькі людзі, якія апынуліся ў пэўных няпростых жыццёвых сітуацыях, але людзі вельмі таленавітыя, моцныя духам і вельмі добрыя. Яны пастаянна ўдзельнічаюць у раённых спаборніцтвах, мерапрыемствах, да якіх рыхтуюцца з вялікай адказнасцю і цеплынёй, сваімі рукамі робяць прыгожыя вырабы, у якія ўкладваюць часцінку свайго сэрца. Думаю, многія могуць далучыцца і зрабіць сённяшні дзень гэтых людзей дабрэй, бо кожная іх усмешка варта нямалага. І, паверце, нават наша невялікая ўвага да іх можа зрабіць неверагодныя цуды, а свет больш радасным і светлым.
Вольга Зайцава