У майстэрні пад небам
На базе адпачынку «Вербкі», што пад Бабруйскам, прайшоў рэспубліканскі конкурс-пленэр «Пераўвасабленне дрэва», арганізатарамі якога выступілі Беларускі прафсаюз работнікаў лесу і прыродакарыстання, канцэрн «Беллесбудпрам» і ААТ «ФанДОК».
Мінскую вобласць прадстаўляў на конкурсе рэзчык манументальнай скульптуры са Стаўбцоўшчыны Леанід Сенька.
Ён удастоены дыплома ІІІ ступені. За тыдзень на ўлонні прыроды з бервяна майстар стварыў скульптуру любімага казачнага героя дзятвы – Бабы-ягі. Гэта няпростая задача-прыдумаць вобраз, увасобіць у дрэве творчую задуму ў адкрытай майстэрні пад небам. Назіраць, як увасабляецца талент людзей, што працуюць з такім жывым пахучым матэрыялам, выклікае захапленне. Пры дапамозе простых інструментаў грубыя кавалкі дрэва ператвараюцца ў шэдэўры. Пры выкананні такіх тонкіх мастацкіх работ адным непрадбачаным рухам можна сапсаваць усю задуму, усю працу. Дзіву даешся, як можна ўдыхнуць у драўляныя вобразы жыццё, надзяліць іх характарам, індывідуальнасцю. Які патрэбна мець талент, каб свае пачуцці выразіць стамескай і разцом. Гэта карпатлівая, складаная работа, якая патрабуе навыкаў і абавязкова творчага натхнення, асаблівага стану душы. Шэдэўры Леаніда Сенькі не раз былі ацэнены высокімі ўзнагародамі розных конкурсаў і фестываляў. У пленэрах манументальнай скульптуры ён удзельнічаў больш за 10 разоў. Дзякуючы гэтаму дзераўнянскага разьбяра па дрэве Леаніда Сеньку ведае ўся рэспубліка.
Святлана ЖЫБУЛЬ