80 чалавек з розных куткоў Беларусі і Расіі. У вёсцы Пірагова Мушынскага сельскага Савета адбыўся Дзень земляка

Источник материала:  
12.07.2018 — Разное

80 чалавек з розных куткоў Беларусі і Расіі. У вёсцы Пірагова Мушынскага сельскага Савета адбыўся Дзень земляка

Душэўны і напоўнены ўспамінамі дзень прайшоў у вёсцы Пірагова Мушынскага сельскага Савета. Сюды з розных куткоў краіны і Расіі прыехалі ўраджэнцы вёскі, каб вярнуцца да сваіх каранёў і прыгадаць гады дзяцінства.

80 чалавек з розных куткоў Беларусі і Расіі. У вёсцы Пірагова Мушынскага сельскага Савета адбыўся Дзень земляка

— З ініцыятывай правесці гэтае свята ў Год малой радзімы выступіла дэпутат раённага Савета дэпутатаў Валянціна Воўк, — расказала старшыня Мушынскага сельвыканкама Алена Міхневіч. — Жыхары вёскі арганізавалі суботнік і заняліся добраўпарадкаваннем: абкасілі вуліцы і падворкі, таксама прыбралі могілкі, звезлі смецце. Пра сустрэчу больш змястоўна пагаварылі і падчас правядзення ў Пірагове дня вёскі. Абвясціць і запрасіць усіх на свята вырашылі праз сацыяльныя сеткі. І людзі пачалі актыўна адгукацца.
Зараз у Пірагове пражывае 17 жыхароў.

Гэта месца з даўняй гісторыяй. Вёска ўпершыню ўзгадваецца ў 1510 годзе.

У Пірагова дзейнічала земская школа і пражывала 322 жыхары, а пасля ўсталявання Савецкай улады тут пачалі дзейнічаць працоўная школа, бібліятэка. У 1931 годзе вёска была падзелена на Малое і Вялікае Пірагова. У першай вёсцы арганізавалі калгас імя У.І. Леніна, а ў другой — «Ударная праца», але ў 30-ыя гады Пірагова зноў стала адной вёскай. У гады Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі 39 двароў. Пасля вайны вёска была адноўлена.

— На дзень земляка сабраліся каля 80 чалавек, — адзначае Алена Уладзіміраўна. — Гэта нашы землякі з Масквы, Магілёва, Мінска, Мсціслава разам са сваімі дзецьмі, унукамі і праўнукамі. Сустрэча пачалася з паніхіды на могілках вёскі, якую адслужыў настаяцель Свята-Вазнясенскага храма іерэй Міхаіл.

Каб сустрэча атрымалася больш гасціннай і ўтульнай, на свой падворак шматлікіх гасцей запрасіла сям’я Надзеі Рыбаковай. Надзея Іванаўна разам са сваімі роднымі таксама прыклала шмат намаганняў для таго, каб свята ў вёсцы прайшло на самым лепшым узроўні.

Госці і жыхары з задавальненнем размаўлялі, узгадвалі сваіх родных, суседзяў, дзяліліся навінамі.

Старэйшая жыхарка вёскі Антаніна Трубінская расказала і пра гады ваеннага ліхалецця, калі гітлераўцы ў верасні 1943 года спалілі амаль усе двары:

— У тыя страшныя часы пірагоўцы выстаялі, — расказвала жанчына. — Пасля пажару засталося ўсяго 6 дамоў. Нікога не пакінулі на вуліцы, усім далі прытулак. У тыя гады людзі падтрымлівалі адзін аднаго і шанавалі.

80 чалавек з розных куткоў Беларусі і Расіі. У вёсцы Пірагова Мушынскага сельскага Савета адбыўся Дзень земляка

Антаніна Фёдараўна з радасцю прымала ўдзел у свяце, бо яе любімае Пірагова зноў, як у былыя гады, ажыло і загаманіла.
Святочны настрой падарыў удзельнікам свята і калектыў Мушынскага сельскага клуба. Артысты загадзя даведаліся пра самыя любімыя песні вяскоўцаў і выканалі іх для ўсіх прысутных. Госці і жыхары з задавальненнем падпявалі выканаўцам і нават пускаліся ў скокі.
Вельмі шмат добрых слоў выказалі аднавяскоўцам і далёкія маскоўскія госці Алена і Віктар Вяркеенкі, якія амаль 25 гадоў не былі на радзіме продкаў:

— Калі мы даведаліся, што ў Беларусі быў аб’яўлены Год малой радзімы, то адразу вырашылі, што патрэбна сюды прыехаць, убачыць вёску, аддаць даніну павагі сваім родным і суседзям. Сустрэча атрымалася такой цёплай, што нават не хацелася пакідаць вёску.

80 чалавек з розных куткоў Беларусі і Расіі. У вёсцы Пірагова Мушынскага сельскага Савета адбыўся Дзень земляка

— У 2020 годзе Пірагова адзначыць 510 гадоў, — гаворыць Алена Уладзіміраўна. — Гэта юбілейная дата — добрая нагода для чарговай сустрэчы і правядзення свята. Пра гэта дамовіліся госці і жыхары падчас дня земляка. Вёска павінна жыць, а Пірагова жыве ў сэрцах яго ўраджэнцаў, якія доўгія гады захоўваюць цёплыя ўспаміны пра сваю малую радзіму.

Вам может быть интересно

 (оригинал новости)
←Трамп пригрозил НАТО выходом США из Альянса

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика