Напярэдадні Дня Незалежнасці ў Беліцкім сельсавеце правялі перапахаванне. У брацкую магілу ў Старой Беліцы леглі рэшткі Мікалая Радзькова, Івана і Веры Бучко, Івана, Марыі і Віктара Бачковых.
… У 1943 годзе на Тройцу, калі многія вяскоўцы спяшаліся на службу ў царкву , пятнаццацігадовыя сябрукі Мікалай Радзькоў, Іван Бучко і Іван Бачкоў кіраваліся ў лес. Іх чакалі ў партызанскім атрадзе, дзе ўжо ваяваў старэйшы брат Мікалая Радзькова Міхаіл. Па дарозе хлопцаў спынілі нямецкія салдаты з мясцовага гарнізона, якія ведалі, куды ішлі падлеткі. Як стала вядома пазней, аб іх намерах ворагам паведаміла жанчына з суседняй вёскі.
Падлеткаў арыштавалі, зачынілі ў склепе. Калі інфармацыя аб гэтым дайшла да родных, маці Івана Бучко і Івана Бачкова кінуліся да фашыстаў з просьбай адпусціць юнакоў. Марыя Бачкова прыйшла ў камендатуру, трымаючы на руках малодшага сына — трохгадовага Віценьку. Але жанчын нават не сталі слухаць, а адправілі да дзяцей у склеп.
Растралялі іх назаўтра ў прысутнасці аднавяскоўцаў. Нягледзячы на просьбы маці і іншых людзей, забілі і малалетняга Віктара Бачкова. Пахаваць целы на могілках не дазволілі, іх закапалі на месцы растрэлу.
У 60-я гады мінулага стагодзя было вырашына сабраць у ваколіцах Беліцы з адзінокіх магіл рэшткі загінуўшых партызан, салдат і перапахаваць у цэнтры вёскі. Над брацкай магілай з’явіўся помнік.
— У тыя гады ў вёсцы яшчэ добра помнілі аб трагедыі 1943 года. Раскапалі і магілу, дзе былі пахаваны падлеткі і іх родныя. Тады рэшткі расстраляных знайсці не ўдалося — вельмі глыбокая была яма, — успамінае Пётр Рацькоў, былы настаўнік Беліцкай СШ, пляменнік аднаго з расстраляных. Менавіта яго будучы бацька чакаў сяброў у партызанскім атрадзе. — Пакуль былі жывыя сведкі трагедыі, за магілай даглядалі родныя, вучні школы. Мая маці на магілу хадзіла рэгулярна, на Тройцу — абавязкова. З часам сітуацыя стала мяняцца, адзінокая магіла аказалася сярод зарасніку. Таму перапахаванне наспела , за што мы, родныя загінуўшых, вельмі ўдзячныя Беліцкаму сельвыканкаму, усім, хто рыхтаваў і правёў жалобную цырамонію.
Удзел у ёй прынялі не толькі афіцыйныя асобы, якія прадстаўлялі сельвыканкам, ваенны камісарыят, краязнаўчы музей. Сабралася шмат жыхароў Беліцы, прыйшлі настаўнікі, вучні мясцовай школы, каб у жалобе схіліць галовы. Службу ў час перапахавання і асвячэнне магілы правёў протаіерэй Свята-Мікалаеўскай царквы Мікалай Валачковіч.
Усё далей адыходзіць у гісторыю вайна. Яе рэха, тым не менш, працягвае напамінаць нам аб той трагедыі, што напаткала старэйшае пакаленне беларусаў.
Аляксандр Яўгенаў.
Фота аўтара.
Ад першай асобы.
Васіль Кошалеў, старшыня Беліцкага сельскага выканаўчага камітэта: ”Пахаванне, расстраляных фашыстамі ў 1943 годзе жыхароў Беліцы, у афіцыйных дакументах нідзе не значылася. Сталі забывацца нават прозвішчы расстраляных. Таму было вырашана перанесці іх рэшткі ў брацкую магілу, а імёны занесці на помнік. Мне здаецца справядлівым, што мы ўшаноўваем не толькі загінуўшых салдат, партызан. Расстраляныя таксама ахвяры той жорсткай вайны, дзе загінуў кожны трэці беларус.