Маладосць, памножаная на амбіцыі

Источник материала:  
11.07.2018 14:37 — Разное
>

Вікторыя Шкута – студэнтка Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта – прахо­дзіць пераддыпломную практыку ў “АграТурне”, дзе чатыры гады назад атрымала мэтавае накіраванне на вучобу. Ахова раслін і каранцін – яе будучая прафесія. Практыка будзе доўжыцца да кастрычніка, а гэта – магчымасць у самых розных сітуацыях зведаць, як спалучаецца тэорыя з канкрэтнай справай.

На гэтым тыдні ў гаспадарцы поўным ходам ідзе ўборка азі­мага рапсу. На полі ля Дзямянчыц – тры зернеўборачныя камбайны. Тут жа, у “цэху” пад адкрытым небам, і рабочае месца Вікторыі. Яе абавязак – пільна сачыць за тым, каб не было страт, у дадзеным выпадку алейнага зерня, каб пазбегчы прастояў тэхнікі. Ашчаднасць на жні­ве сёлета – па максімуму. Той жа гектар рапсавага поля дае крыху больш за 17 ц зерня, што менш леташняга.

Неўзабаве, з надыходам масавага жніва, калі сялянскі расклад жыцця ўшчыльняецца на вачах, працоўны дзень Вікторыі падоўжыцца. Неспадзяванкай для яе гэта не стане, бо расла ў Лешні, у руплівай сям’і, дзе не ўяўляюць сябе без вялікага па­двор’я і дзе змалку дзеці прывучаны памагаць бацькам, урокі гаспадарання – самі сабой… Таму на пытанне, як бавіць вольны час, Вікторыя пасля паўзы ўдакладніла: “Яго не так і многа, бо дома рознай працы шмат, трымаем пяцёра кароў; мае браты таксама дапамагаюць – калі ўсе разам, дык і няцяжка. Часта бачу афішы ля Дома культуры ў Турне, але маё хобі – люблю займацца манікюрам – таксама адпачынак, да таго ж творчы, што прыносіць радасць і маім сяброўкам…”

Яе бацькі працуюць у “АграТурне”. Ці не таму і вырашылі на сямейным савеце, з улікам меркавання Вікторыі, што сельгас­адукацыя будзе добрай падмогай у жыцці. Ёй імпануе, што ў акцыянерным таварыстве многа моладзі, – з равеснікамі лягчэй знайсці агульную мову, а калі трэба, старэйшыя прыйдуць на падмогу, і не толькі парадай. “Не такая страшная вёска, не трэба баяцца ехаць сюды па размеркаванні,” – сцвярджае Вікторыя Шкута. Аб сваіх планах – нешматслоўна, але з неба зорак не дастаць, калі не паставіць высокую лесвіцу.

Галіна НОВІК.
Фота Міколы ШУМА.

←Что говорил о коррупции бывший заместитель Жарко до своего задержания

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика