У Віцебску аўтобус урэзаўся ў светлавую мачту, ім кіраваў п'яны вадзіцель
Фота: vk.com/typical_vitebsk
У Віцебску рэйсавы пасажырскі аўтобус урэзаўся ў светлавую мачту. Здарэнне адбылося каля 21:20 у аўторак, 3 ліпеня. Як інфармуе БЕЛТА, аўтобус рухаўся па маршруце Віцебск — Котава. 34-гадовы вадзіцель не саўладаў з кіраваннем, пасля чаго і адбылася аварыя. Высветлілася, што кіроўца быў у стане алкагольнага ап'янення. У выніку здарэння 24-гадовая пасажырка атрымала траўмы і была шпіталізаваная (агулам у салоне знаходзіліся каля дзясятка чалавек).
Калі на месца ДТЗ прыехалі супрацоўнікі ДАІ, кіроўцы яны не знайшлі. Ён адразу пасля аварыі патэлефанаваў жонцы і папрасіў яго забраць і завезці ў бальніцу, паколькі кепска сябе адчуваў. Але знайшлі яго дома. Медасведчанне выявіла алкаголь у крыві ў канцэнтрацыі 2,8 праміле. Мужчына заявіў, што выпіў ужо пасля дарожна-транспартнага здарэння. Яго словы правяраюцца. Адзін з пасажыраў распавёў, што манера язды кіроўцы падчас руху "выклікала падазрэнні".