Лукашэнка з прэзідэнтамі Германіі і Аўстрыі ў "Трасцянцы"...
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разам з федэральнымі прэзідэнтамі Германіі і Аўстрыі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам і Аляксандрам Ван дэр Беленам наведаў мемарыяльны комплекс "Трасцянец", дзе адбыўся мітынг-рэквіем, прысвечаны памяці ахвяр нацызму.
Кіраўнікі дзяржаў па шляху да мемарыяльных могілак "Благаўшчына" - месца правядзення мітынгу-рэквіема - прайшлі міма архітэктурна-скульптурных збудаванняў, што сімвалізуюць вагоны, у якіх прывозілі людзей у канцлагер. У вокнах гэтых "вагонаў" былі бачны запаленыя лампады і кветкі. Пры гэтым на фанаграме былі чутны гукі поезда, які набліжаецца, галасы людзей на розных мовах, дзіцячыя крыкі.
У ходзе выступлення на мітынгу-рэквіеме кіраўнік беларускай дзяржавы аб'явіў мінуту маўчання. Пра важнасць помніць урокі гісторыі гаварылі прэзідэнты Германіі і Аўстрыі, іншыя высокія госці. Агучана пасланне Прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды.
Увазе ўдзельнікаў мерапрыемства быў прадстаўлены музычны эпізод "Мінута памяці і смутку", які сімвалізуе памяць аб ахвярах фашысціх катаў і заклік не дапусціць паўтарэння жахаў вайны. Прагучалі таксама вершы і музыка ў выкананні зводнага ансамбля скрыпачоў. На завяршэнне ў неба былі выпушчаны белыя галубы, а Прэзідэнт Беларусі і высокія госці ўсклалі кветкі да памятнай пліты мемарыяльных могілак "Благаўшчына".
Лукашэнка заклікае захаваць праўду пра вайну і не дапусціць адраджэння страшнага мінулага
Аб гэтым ён заявіў на мерапрыемстве, прысвечаным памяці ахвяр нацызму на тэрыторыі былога лагера смерці "Трасцянец".
"Маючы ўнікальную магчымасць ведаць праўду той вайны з расказаў відавочцаў, галоўнае, што мы павінны зрабіць, - захаваць гэту праўду, не дапусціць адраджэння страшнага мінулага. Бо гісторыя жорстка паказала, што нельга ігнараваць зло, нават існуючае на стадыі ідэі. Яго трансфармацыя ў рэальную пагрозу ў такім выпадку - проста пытанне часу", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
"Мы - прадстаўнікі розных народаў, веравызнанняў, жыхары розных дзяржаў, палітыкі і грамадскія дзеячы - знаходзімся тут, таму што помнім трагічныя ўрокі агульнай гісторыі. Ведаем, як абясцэніла чалавечае жыццё ідэалогія нацызму, якая перавярнула свет злачынствамі, якім няма роўных па сваёй бязлітаснасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, самай неспасціжнай з'явай Другой сусветнай вайны сталі лагеры смерці. На тэрыторыі аднаго з іх, буйнейшага па колькасці ахвяр, пабудаваны новы памятны аб'ект у Благаўшчыне. "Дарогай смерці тут наканавана было прайсці яўрэям з Берліна, Брэмена, Вены, Дортмунда, Прагі і іншых еўрапейскіх гарадоў. Тут пахаваны прах і беларускага мірнага насельніцтва, падпольшчыкаў і савецкіх ваеннапалонных, якія былі знішчаны, - адзначыў Прэзідэнт. - Каты, замбіраваныя і кіруемыя антыгуманнай нацысцкай ідэяй, знішчалі ўсіх, хто не адпавядаў іх ненармальнаму ўяўленню аб новым парадку і светаўладкаванні".
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што беларускім архітэктарам удалося ўвасобіць у мемарыяле тонкую грань паміж жыццём і смерцю, пераступіўшы якую жывы чалавек ператвараўся ў жменю попелу. Ён выказаў шчырыя словы ўдзячнасці прысутным на мерапрыемстве прэзідэнтам, палітыкам і грамадскім дзеячам, прадстаўнікам рэлігійных арганізацый, кіраўніцтву і жыхарам еўрапейскіх гарадоў, усім неабыякавым людзям, агульнымі намаганнямі якіх захоўваецца памяць аб ахвярах "Трасцянца".
Аляксандр Лукашэнка заклікаў усіх падтрымаць ініцыятыву беларускага боку па стварэнні электроннай Кнігі памяці ахвяр "Трасцянца".
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ўдзельнікаў мерапрыемства сабраў боль памяці аб страшных падзеях Другой сусветнай вайны. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўны сімвал цяперашняй сустрэчы - гэта тое, што ўсе яе ўдзельнікі сабраліся разам, як адна сям'я.
Лукашэнка: сусветная супольнасць зноў сутыкаецца з "дэманамі нецярпімасці"
"Пасляваенны лад на многія дзесяцігоддзі забяспечыў баланс бяспекі і міру на кантыненце. І здавалася, што ўрокі Другой сусветнай вайны, агульныя для ўсіх, назаўсёды засвоены чалавецтвам. Але сёння мы бачым, што мінулае нас не пакідае. Многія не прызнаюць дзяржаўных граніц. Сусветная супольнасць зноў сутыкаецца з "дэманамі нецярпімасці", якія распальваюць нянавісць і правакуюць насілле", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь пераканана ў неабходнасці пачаць новы маштабны міжнародны дыялог, накіраваны на пераадоленне ўсіх супярэчнасцей.
"Дыялог, дэфіцыт якога выразна адчуваецца ў цяперашніх геапалітычных адносінах", - адзначыў ён.
Толькі праз давер, павагу і адкрытую, сумленную размову магчыма прыйсці да рэальнага ўмацавання міжнароднай бяспекі, разам процістаяць варожасці, нянавісці і фанатызму, забяспечыць дзецям шчаслівую будучыню, упэўнены беларускі лідар.
"І абсалютна не важна, дзе адбудзецца гэты дыялог, і нават не важна ў рамках якой арганізацыі - дзеючай ці навастворанай намі, але гэты дыялог нам вельмі патрэбны. І ўсе мы гэта разумеем. Мы адчуваем холад ужо не халоднай вайны. Нам трэба спыніцца. І тое, што мы сёння аб гэтым гаворым, - гэта залог таго, што мы навучыліся атрымліваць урокі з гісторыі. Ніколі больш не павінна паўтарыцца ў свеце трагедыя, якая паставіла пад пагрозу існаванне чалавецтва", - рэзюмаваў беларускі лідар.
"Ідзі і глядзі" - Прэзідэнт Германіі ў "Трасцянцы" паабяцаў захаваць памяць аб ахвярах злачынстваў нацыстаў
Федэральны Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер, выступаючы на мітынгу-рэквіеме на тэрыторыі былога лагера смерці "Трасцянец", паабяцаў не даць згаснуць памяці аб злачынствах нацыстаў у гады Другой сусветнай вайны.
"Чым бліжэй падыходзіш да гэтага месца, тым цяжэй даецца гэты шлях. Веданне аб тым, што тут здарылася, кладзецца на плечы шматтонным цяжарам. Хто прыходзіць сюды, той чытаў або чуў аб злачынствах, якія немцы ўчынілі ў адносінах да беларусаў, сваіх еўрапейскіх суседзяў і сваіх жа землякоў. Той ведае, які спусташальны след пакінула на гэтай зямлі апошняя, кашмарная вайна. Больш за чвэрць насельніцтва Беларусі не перажыло германскую акупацыю", - сказаў Прэзідэнт Германіі.
Франк-Вальтэр Штайнмаер нагадаў аб сюжэце фільма "Ідзі і глядзі" Элема Клімава, які ішоў у кіно шмат гадоў таму, у 1985 годзе. "Гэта быў год, калі жалезная заслона пачала прыпадымацца, і фільм гэтага цудоўнага савецкага рэжысёра паказвалі па ўсёй Еўропе - як на Усходзе, так і на Захадзе. Гэта была сустрэча твар у твар з вайной. Не такой вайной, якая была вядома да гэтага. Не, з той вайной, якая засланіла сабой памяць аб усіх папярэдніх войнах, якая траўміравала цэлыя пакаленні і сказіла аблічча нашага кантынента: гэта быў паход германскага вермахта супраць Савецкага Саюза, і мэтай гэтага пахода было знішчэнне", - канстатаваў германскі лідар.
"Ідзі і глядзі"! Так, цяжка гэта зрабіць. Усё яшчэ цяжка. У нас усяляюць жах сотні тысяч ахвяр, якіх паглынула гэта пекла, якія сталі людзьмі без імені, перш чым іх запхнулі ў лагеры, атруцілі газам або адразу з перона чыгуначнай станцыі ў Малым Трасцянцы пагналі да краю рова і там расстралялі. У нас усяляе жах вайна, планы, загады і метады вядзення якой мелі на мэце татальнае знішчэнне. Беларусі давялося на сабе зведаць, што гэта азначае. Больш за 600 вёсак разам з усімі жыхарамі былі сцерты з зямлі", - сказаў Франк-Вальтэр Штайнмаер.
Ён адзначыў, што тыя падзеі былі вынікам чалавечых спраў, і ў гэтых злачынстваў былі нямецкія імёны - Генрых Гімлер, Райнхард Гейдрых, Эрых фон дэм Бах-Зелеўскі, Оскар Дырлевангер…
"Гэта мястэчка, Малы Трасцянец, захопленае вермахтам як "жыццёвая прастора на ўсходзе", стала месцам смерці. Яно знаходзілася на самым канцы ланцужка дырэктыў, не было абазначана ні на адной геаграфічнай карце, затое значылася ў плане канчатковага рашэння яўрэйскага пытання. Ужо даўным-даўно трэба было вярнуць яго ў гістарычную свядомасць Еўропы, - заявіў Федэральны Прэзідэнт. - Тое, што адбылося тут, пакінула глыбокія раны. Іх бачаць усе, хто хоча бачыць. Ідзі і глядзі! - гэты заклік, якім бы пакутлівым ён ні быў, звернуты да нас, да пакаленняў, якія нарадзіліся пазней".
Франк-Вальтэр Штайнмаер упэўнены, што агульнаеўрапейская адказнасць за тое, каб больш не было вайны, асноўваецца на веданні таго, што людзі рабілі са сваімі блізкімі ў месцах, падобных да "Трасцянца".
Таму важна вывучаць гісторыю і перадаваць яе кожнаму наступнаму пакаленню. "Часткай гэтай гістарычнай памяці еўрапейцаў, а ў першую чаргу немцаў, непазбежна з'яўляецца і гісторыя Беларусі. Пасля амаль трох дзесяцігоддзяў незалежнасці настаў час для таго, каб гэта краіна ў нашай свядомасці і разуменні выйшла з ценю Савецкага Саюза, але перш за ўсё - каб Беларусь успрымалася як дзяржава з уласнай гісторыяй, сучаснасцю і будучыняй", - лічыць ён.
Федэральны Прэзідэнт адзначыў, што мемарыяльны комплекс "Трасцянец" увасабляе не толькі жудасную старонку беларускай гісторыі, але і агульную памяць.
Гэта вынік сумесных намаганняў беларускіх і германскіх гісторыкаў і грамадскіх груп, такіх як міжнародныя адукацыйныя цэнтры ў Беларусі і Германіі. "Без волі Беларусі да прымірэння гэта супрацоўніцтва было б немагчыма. Мы ніколі не павінны забываць: мэта вайны на знішчэнне, развязанай Германіяй, была ў тым, каб сцерці з зямлі краіну і людзей, якія ў ёй жылі. Чым глыбей маё змірэнне, тым больш я ўдзячны людзям у Беларусі за іх волю да прымірэння", - падкрэсліў германскі лідар.
Ён прызнаў, што ў Германіі шлях да памяці аб гэтых злачынствах быў доўгім.
"Нам вельмі шмат часу спатрэбілася для таго, каб усвядоміць гэту адказнасць. Сёння наша адказнасць - не даць згаснуць памяці аб тым, што тут рабілася. Я запэўніваю вас: мы будзем абараняць гэту адказнасць у тым ліку і ад тых, хто гаворыць, што яна загладжана за даўнасцю гадоў. "Ідзі і глядзі"! - гэта доўг, які ніколі не будзе аплачаны. І таму сёння я як Прэзідэнт Германіі, як немец і як чалавек стаю тут перад вамі з пачуццём удзячнасці за знакі прымірэння, з пачуццём сораму і смутку за тыя пакуты, якія немцы прынеслі вашай краіне", - рэзюмаваў Франк-Вальтэр Штайнмаер.
Гісторыя "Трасцянца" вельмі доўга была белай плямай у памяці Заходняй Еўропы - Прэзідэнт Аўстрыі
Аб гэтым заявіў Федэральны Прэзідэнт Аўстрыі Аляксандр Ван дэр Белен, выступаючы на мітынгу-рэквіеме на тэрыторыі былога лагера смерці "Трасцянец".
"Людзі ведаюць "Асвенцім", і гэта важна. Але на фоне "Асвенціма" на задні план часта адыходзяць назвы іншых, не менш жахлівых месцаў. І існуе небяспека, што забыццё назваў канцэнтрацыйных лагераў і лагераў смерці можа прывесці да страты памяці аб незлічоных ахвярах і гіганцкіх маштабах знішчэння. Нацыянал-сацыялісты стварылі сетку тэрору, якая накрыла ўсю Еўропу. Веды аб гэтым мы павінны ў нашых жа ўласных інтарэсах захаваць у калектыўнай памяці Еўропы як перасцярогу", - заявіў Аляксандр Ван дэр Белен.
Паводле яго слоў, цяпер мае месца пераломны момант часу, адыходзяць людзі, якія перажылі буйнейшую катастрофу XX стагоддзя. "І калі аднойчы апошнія відавочцы змоўкнуць, трэба, каб былі месцы памяці, якія маглі б гаварыць замест іх. Усіх ахвяр нацыянал-сацыялістычнага тэрору аб'ядноўвае адно - яўрэяў, камуністаў або асоб, знішчаных па іншых прычынах, - усе яны былі людзьмі, якія зведалі асабліва жорсткае ганенне", - падкрэсліў Федэральны Прэзідэнт.
Аляксандр Ван дэр Белен адзначыў, што нацысцкая Германія прычыніла Беларусі і яе насельніцтву неапісальныя пакуты. Аднак і Аўстрыя, якая стала ў 1938 годзе часткай германскага рэйху, знаходзілася, як і Германія, пад уладай ідэй нацыянал-сацыялізму. "Нацыянал-сацыялізм і халакост як у Аўстрыі, так і ў Германіі - частка гісторыі кожнай сям'і. Гэта значыць, што большасць людзей у той ці іншай ступені сутыкнуліся з гэтымі з'явамі. Па прычыне злачыннага саўдзелу або тады, калі яны самі ці іх родныя сталі ахвярамі ганенняў. Работа з гэтым мінулым, у якім лінія падзелу часта праходзіла паміж членамі сем'яў, ніколі не была простай", - канстатаваў ён.
Федэральны Прэзідэнт расказаў, што пасля вайны воля да крытычнага аналізу нацыянал-сацыялізму была больш чым асцярожна чакальнай, і толькі на працягу трох апошніх дзесяцігоддзяў адбылася паступовая пераацэнка нацыянал-сацыялістычнага мінулага. "Сёння Аўстрыя падзяляе адказнасць за злачынствы нацыянал-сацыялізму, у якіх былі задзейнічаны ў тым ліку аўстрыйцы. Гэта, у прыватнасці, знаходзіць адлюстраванне ў пераробліванні, у тым ліку змястоўным, аўстрыйскай экспазіцыі ў "Асвенціме", што актыўна вядзецца цяпер. У цэлым можна сказаць, што забыццё і выцясненне з памяці ў апошнія гады ўступіла месца ўсё большай волі да ўспаміну і асэнсавання", - сказаў Аляксандр Ван дэр Белен.
Ён выказаў надзею, што падобныя да "Трасцянца" мемарыялы будуць нагадваць будучым пакаленням аб каштоўнасці міру і чалавечнасці.
"Таму я хацеў бы, каб мы аддалі даніну памяці ахвярам Малога Трасцянца з пачуццём аб'яднальнай надзеі. І - як вобразна сказана ў Дэкларацыі Стакгольмскага міжнароднага форуму па халакосце - каб мы "пасеялі насенне лепшай будучыні ў зямлю горкага мінулага", - дадаў Федэральны Прэзідэнт.
Беларусь зацікаўлена ў развіцці дыялогу з Аўстрыяй па забеспячэнні бяспекі ў рэгіёне - Лукашэнка
Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў у час двухбаковай сустрэчы з Федэральным Прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам у Палацы Незалежнасці.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што Аўстрыя адыгрывае значную ролю ва ўмацаванні бяспекі ў Еўропе. "І мы вельмі хацелі б, каб восенню бягучага года на Мінскай канферэнцыі па бяспецы ў нашым рэгіёне прысутнічалі аўстрыйскія прадстаўнікі высокага ўзроўню. Мы хацелі б мець салідны дыялог па развіцці працэсу забеспячэння бяспекі ў нашым рэгіёне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"У 2019 годзе мы прымаем II Еўрапейскія гульні, і мы вельмі хацелі б, каб лепшыя вашы спартсмены былі шырока прадстаўлены на іх. Карыстаючыся выпадкам, я хацеў бы запрасіць і вас наведаць гэтыя гульні", - запрасіў высокага госця Прэзідэнт.
Лукашэнка падзякаваў Германіі за велізарны ўклад у нармалізацыю адносін Беларусі і ЕС
Аб гэтым ён сказаў ў час сустрэчы з Федэральным Прэзідэнтам Германіі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам у Палацы Незалежнасці.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Федэральнага Прэзідэнта Германіі добра ведаюць у Беларусі і яго сённяшні прыезд у Мінск будзе мець вельмі сур'ёзны, станоўчы рэзананс у беларускім грамадстве. "І справа не столькі ў палітычным, колькі ў маральным, этычным аспекце", - выказаў меркаванне беларускі лідар.
"Вы не першы раз у Мінску і ў Палацы Незалежнасці, - падкрэсліў ён. - "Нармандская чацвёрка" гэта ў тым ліку і ваша дзецішча. І было б няправільным, калі б я не падзякаваў за той велізарны ўклад, які вы ўнеслі ў нармалізацыю адносін паміж Еўрасаюзам і Беларуссю. Мы вам за гэта вельмі ўдзячны. Мы гэта помнім, тым больш што ўсё, аб чым мы гаварылі тады з Ангелай Меркель (канцлер Германіі. - Заўвага БЕЛТА), тое, аб чым яна мне гаварыла, мы са свайго боку ўсё рэалізавалі".
Аляксандр Лукашэнка перадаў Ангеле Меркель самыя лепшыя пажаданні ад беларускага народа.
Па матэрыялах БелТА.