Дзень нараджэння нашага роднага горада
Як мы паведамлялі, у мінулую суботу стаўбчане ўпершыню адзначылі дзень нараджэння свайго горада. У Стоўбцаў – 425-гадовы юбілей. Спалучаючы векавую гісторыю і сучаснасць, у гонар нашага старадаўняга горада была падрыхтавана вялікая святочная праграма. Безумоўна, першы Дзень горада застанецца ў памяці жыхароў Стоўбцаў і яго гасцей надоўга і ў далейшым будзе выступаць эталонам, узорам таго, як трэба адзначаць гэты дзень.
Па галоўнай вуліцы – з аркестрам
Адразу на максімальна высокі ўзровень ўзнятая планка як у пытаннях добраўпарадкавання і падрыхтоўкі горада да свята, так і арганізацыі святочнай праграмы, далучэння да яе кожнага працоўнага калектыву і жыхара. Па сутнасці, працоўныя калектывы і стаўбчане і сталі галоўнымі дзеючымі героямі, выйшаўшы з раніцы на ўрачыстае шэсце на вуліцу Цэнтральную.
За апошні час гэтую вуліцу, як і ўвесь горад, літаральна не пазнаць. Значна пашырана яе пешаходная зона і аздоблена дэкаратыўнымі насаджэннямі, рознымі зручнымі і ўтульнымі лаўкамі. Рамантычную аўру дапаўняюць новыя стыльныя ліхтары. Кожнаму, хто прыязджае ў наш горад, адразу кідаецца ў вочы кампазіцыя з графіці. На дамах-дзевяціпавярхоўках «паўстаюць» музейныя сядзібы Якуба Коласа. Гэтыя чатыры сядзібы сімвалізуюць сабою розныя поры года, раскручваюць кола жыцця ў родным куце песняра…
На фоне гэтай прыгажосці і прайшло шэсце працоўных калектываў, прысвечанае 425-годдзю Стоўбцаў. Адкрыў яго заслужаны аматарскі калектыў рэспублікі духавы аркестр «Віціны» і ўзорны ансамбль мажарэтак «Феерыя». Услед за імі на вуліцы Цэнтральнай з’явіўся і імправізаваны сімвал нашага горада – віціна, старажытнае гандлёвае судна. Вядома, што ў Стоўбцах была першая прыстань на рацэ Нёман, і пры ёй дзейнічала верф, на якой будавалі віціны. Значыць, у Стоўбцах заўсёды жылі майстравітыя і працавітыя людзі.
Першыя ў святочнай калоне – работнікі ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат», аднаго са старэйшых у нашым горадзе (у наступным годзе камбінат адзначыць 90-годдзе). За імі – работнікі самага вялікага, з больш чым тысячай работнікаў, калектыву, – ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы. Стаўбчане віталі апладысментамі энергетыкаў, лесаводаў, газавікоў, камунальнікаў, транспартнікаў, будаўнікоў, дарожнікаў, сувязістаў і паштавікоў, работнікаў гандлю і Белдзяржстраха, тэрытарыяльнага цэнтра, банкіраў, медыкаў, работнікаў культуры і адукацыі, моладзь БРСМ. Самыя масавыя ўдзельнікі шэсця – прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу. Усе ўдзельнікі шэсця вылучаліся арыгінальнымі касцюмамі і аздабленнем калоны. Пастараліся, несумненна, усе.
Бліжэй да фантана свята віравала
Пасля шэсця свята працягнулася ў парку «Дружба народаў», на стадыёне «Юнацтва» і вуліцы Ленінскай.
Іх кампактнае размяшчэнне дазволіла без праблем выбіраць для сябе найбольш цікавае, займальнае. Многія, у тым ліку і маладыя сем’і з дзеткамі, бабулі з унукамі, пачалі свята са знаёмства з выстаўкай спецыялізаванай тэхнікі. У гэты дзень месца за рулём пажарнай або сельскагаспадарчай машыны ўспрымалася дзетварой не іначай як атракцыён. Госці свята зацікавіліся кампрэсарнымі станцыямі, узоры якіх прадставілі маторнікі.
А ў парку (дарэчы, таксама кардынальна абноўленым, аздобленым фантанам) можна было затрымацца надоўга. Малыя дзеці бясконца цягнулі дарослых да атракцыёна з арэлямі і кропак з салодкай ватай. Дарослыя затрымліваліся каля фотавыставак са старымі і сучаснымі выявамі нашага горада. Адна з такіх выставак, якая ўразіла адразу ў сацыяльных сетках, а потым – на яве, размясцілася акурат на дэкаратыўнай металічнай агароджы стадыёна. «Класна прыдумана!» – не маглі ўстрымацца ад захаплення ўдзельнікі свята. У парку нямала фотастэндаў было падрыхтавана прадпрыемствамі горада. Яны праявілі і іншую актыўнасць.
Да прыкладу, мясакансервавы камбінат раздорваў фірменныя магніты. Лясгас рэалізоўваў свежы мёд, і іх «брэнд» карыстаўся ў гасцей свята павышаным попытам. Мы, праменеўцы, дзяліліся каляровымі календарамі. Беларустурыст і Стаўбцоўскае бюро падарожжаў і экскурсій запрашалі на летняе аздараўленне.
Грунтоўна падышлі да самапрэзентацыі і стварэння гараджанам святочнага настрою работнікі Стаўбцоўскага занальнага вузла электрасувязі. Яны прапанавалі ўдзельнікам свята цэлую забаўляльную праграму, якая ўключала гульнявую зону, фотаздымак з міньёнам, бясплатныя аквагрым і папкорн, памятныя сувеніры з рэкламай пакета паслуг «Ясна». Зона Wi-Fi давала магчымасць кожнаму жадаючаму прысесці за камп’ютар і тут жа «заканэкціць» адну з новых паслуг Белтэлекама. На працягу некалькіх гадзін вядучы прапаноўваў прахожым забаўны інтэрактыў, збіраючы каля павільёна натоўп людзей.
Цікавасць выклікалі выставы падворкаў. Некага паклікалі майстар-класы ад народных майстроў. Захапляльным відовішчам стаў «Рыцарскі гарадок». Паўсюдна гучалі музыка і песні. Бліжэй да поўначы пачалася маладзёжная дыскатэка. У канцэртных праграмах прынялі ўдзел і зоркі беларускай культуры. Сярод іх – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, наш зямляк Аляксандр Крамко.
У рамках народна-патрыятычнай акцыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Мы – разам!» у Стоўбцах выступілі заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева і народны артыст Беларусі Эдуард Ханок. З нагоды Дня нашага горада яны таксама прынялі ўдзел у працоўнай акцыі – пафарбоўцы плоту аднаму з ветэранаў працы – Р. І. Кавецкаму. Пад эгідай ФПБ былі ўшанаваны працоўныя дынастыі, ветэраны прафсаюзнага руху, а ў дзіцячай бібліятэцы была арганізавана сустрэча з паэтам Міколам Маляўкам.
У 23.30 неба над Стоўбцамі расквеціў святочны феерверк.
Няхай Дзень горада стане нашым галоўным святам і напамінкам пра тое, што мы – частка народа Беларусі, са сваёй гісторыяй, лёсам і традыцыямі. Ад нашай адказнасці залежыць не толькі бягучы дзень, але і будучае горада і раёна.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ
Фота аўтара і Васіля ЗЯНЬКО
ПАЖАДАННІ СТАЎБЧАНАМ
«Вялікая работа была зроблена нашымі сумеснымі намаганнямі пры падтрымцы абласнога выканаўчага камітэта, дэпутацкага корпусу, Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Летась, у Год навукі, была зацверджана дата заснавання горада Стоўбцы – 20 чэрвеня 1593 года. Сімвалічна, што ў гэтым годзе, які аб’яўлены Годам малой радзімы, мы адзначаем першы юбілей. Ён увойдзе ў гісторыю горада і ўсяго раёна. Да гэтага юбілею мы ішлі не адзін год.
За апошні час зроблена многае. І гэта – дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, працоўным калектывам і кожнаму жыхару горада. У кароткія тэрміны ўведзены ў эксплуатацыю ФАК. Пабудаваны новы дзіцячы сад. Сёння пераўтварыліся вуліцы горада. Многія нашы прадпрыемствы і арганізацыі – на лідзіруючых пазіцыях у вобласці і рэспубліцы. Мы працягваем ствараць, паляпшаць, удасканальваць».
З выступлення старшыні райвыканкама Юрыя Горлава
«Жыхарам Стаўбцоў – здароўя і дабрабыту, вашаму гораду – стагоддзяў працвітання!»
З выступлення начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва
Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Андрэя Тараруева
«Для адных Стоўбцы – гэта калыска нараджэння, для іншых – месца вечнага спачыну. Большасць набыла тут цэлае жыццё. Для ўсіх вас горад стаў маленькай радзімай. Не забывайце любіць тое, што вам дадзена Богам. Укладзіце ў добраўпарадкаванне свайго горада часцінку душы!»
З выступлення Праасвяшчэннага Паўла, епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага
«Нашы хваляванні з нагоды юбілею горада ўзмацніліся так, што сёння воблакі засланілі сонца. Жадаю, каб Стоўбцы сталі горадам мар, у якім хочацца жыць, каб ён стаў яркім і сонечным на наступныя 425 гадоў!»
З выступлення дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алены Анісім
«Мы прыехалі падзяліць з вамі радасць гэтага свята. Жадаем росквіту і дорым самавар – сімвал Расіі, сімвал моцнай дружбы двух народаў».
З выступлення дэлегацыі горада-пабраціма Азёры Маскоўскай вобласці