Няма ў свеце мястэчка радней

Источник материала:  
02.07.2018 — Разное

Няма ў свеце мястэчка радней

У Налібацкім сельсавеце ў адзін дзень ладзілася свята трох невялікіх вёсак – Несцеравічы, Церабейнае і Целяхі. У жыхароў кожнага населенага пункта свае погляды і традыцыі, але ўсіх іх аб’ядноўвае адно – яны любяць родную старонку, прыгожы пушчанскі край з яго непаўторнымі краявідамі і адметнай гісторыяй. Шануюць малую радзіму і не забываюць яе тыя, хто тут нарадзіўся і вырас, але воляю лёсу працуе далёка за яе межамі.

У вёсках панаваў прыўзняты настрой. На свята дзеці прыехалі да бацькоў з унукамі і праўнукамі. У дружнай вясковай сям’і і дачнікі. Гукі духавога аркестра абуджалі навакольную цішыню і разносіліся па акрузе, склікалі людзей на свята. Хлебасольныя гаспадары вёсак пастараліся на славу! Яны праявілі фантазію і накрылі багатыя сталы з разнастайнымі стравамі, сярод якіх і дары пушчанскага лесу. Спяклі адмысловыя караваі. Зрабілі выставы твораў мясцовых майстроў. Людзі тут і сапраўды жывуць таленавітыя, яны і вышываць, і вязаць умеюць, майстраваць і з густам аздабляць свае падворкі. Вяскоўцы сустракалі гасцей добрым словам, вершамі і звонкімі песнямі, услаўляючы свае родныя і любімыя вёсачкі.

Спачатку прынялі гасцей жыхары вёскі Церабейнае, якая размешчана сярод ляснога масіву паміж Кляцішчам і Налібакамі. Мястэчка гэтае самабытнае, там цяпер пастаянна і дружна пражываюць семдзесят чалавек. Першы стол накрыла Галіна Міхно, якая шчыра запрашала ўсіх паспытаць прыгатаваныя стравы. Гасцінна расчыніла ў свой двор веснічкі вялікая сям’я старасты вёскі Ніны Мусік. Ніна Віктараўна – былая настаўніца, выхавала разам з мужам Іосіфам Пятровічам пяцёра дзяцей, якія прыехалі на свята разам са сваімі сем’ямі. Усе яны спявалі і весялілі гасцей. Мусікі ў ліку пераможцаў конкурсу «Лепшы падворак». Адмыслова аздоблена сядзіба Станіславы Мазун, у жанчыны шасцёра дзяцей і ўжо сямнаццаць праўнукаў. А таксама ў Станіслава і Ірэны Кураш, якія ўвесь час працавалі ў жывёлагадоўчай галіне. У Несцеравічах вылучыліся ў конкурсе падворкаў Юзэфа Ярчак і Міхаіл Агейка. Усім гэтым людзям старшыня сельвыканкама Аляксандр Пілінкевіч уручыў граматы і падарункі.

Праз вёску з прыгожай назвай Несцеравічы пралягае шлях на жамчужыну Стаўбцоўшчыны – возера Кромань. Дарога вясковая ажыўленая – не засумуеш. Гонар паселішча – яго людзі. Тут жывуць старэйшыя жыхаркі Налібацкага сельсавета Валянціна Губар, Стэфанія Агейка, Клаўдзія Шэйна і маці мясцовага старасты Уладзіміра Грыгаровіча Ірына Грыгаровіч. Усе жанчыны – заслужаныя работніцы, якія плённа шчыравалі ў калгасе.

Целяхі прыезджыя называюць вёскай двух крутых паваротаў, бо дарога да яе змейкай круціцца. У другую сусветную вайну вёска была спалена фашыстамі, але людзі адрадзілі паселішча. Сёння тут жывуць не толькі старажылы, а і перадавікі сельскагаспадарчай вытворчасці. Гэта аператар машыннага даення Алеся Дубіцкая, тэхнік-асемянатар Святлана Даргевіч, якая адначасова з’яўляецца старастам вёскі.

Затым свята прадоўжылася на імправізаванай сцэне ля Налібацкага сельскага дома культуры. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Шэсцель падзякаваў людзям за шчырасць і гасціннасць. Усе яны добра падрыхтаваліся, добраўпарадкавалі тэрыторыю. Сяргей Яўгеньевіч адзначыў, што правядзенне святаў вёсак стала ў раёне традыцыяй, а сённяшняе – 31-е па ліку. Вясковыя людзі зберагаюць і працягваюць традыцыі продкаў, яны ўмеюць добра працаваць і робяць усё для таго, каб вёскі нашы развіваліся, каб прыгажэў наш стаўбцоўскі край. А пакуль жыве вёска, будзе працвітаць і наша краіна.

Са словамі ўдзячнасці за шматгадовую і старанную работу ўручыў падарункі руплівым працаўнікам і ветэранам працы дырэктар мясцовага таварыства Віталій Кушнер. Дастойны ўклад у развіццё сваёй малой радзімы ўнеслі і работнікі другіх сфер дзейнасці: настаўнікі, медыцынскія работнікі, працаўнікі лясной гаспадаркі, якія таксама былі ўшанаваны.

Святочную праграму падрыхтавалі і віншавалі людзей у вёсках удзельнікі народнага фальклорнага ансамбля «Гарэзы» Шашкоўскага сельскага дома культуры. Выступілі з канцэртам вядомыя артысты эстрады са сталіцы. Завяршылася свята дыскатэкай.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара

←Вдохновляющая история успеха Олега Тинькова

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика