У мінскім парку Чалюскінцаў падчас руху зламаўся атракцыён

Фота: parki.by
У мінскім парку Чалюскінцаў падчас руху зламаўся атракцыён "Калабок". Здарэнне адбылося ўдзень 28 чэрвеня. Як інфармуе тэлеканал АНТ, у кабінцы, якая пачала закранаць асфальт, былі два чалавекі. Яны не пацярпелі.
Атракцыён "Калабок" працуе, дзякуючы васьмі аўтамабільным колам, якія рухаюцца па рэйках. І вось падчас руху адно з іх з рэек саскочыла, з-за чаго апусцілася кабінка з людзьмі. Атракцыён быў спынены. Дзяржпрамнагляд пачаў расследаванне інцыдэнту.
Галоўны інжынер УП "Мінскзеленбуд" Уладзімір Бабіўскі паведаміў БЕЛТА, што "адбылося разбурэнне вядучага вала мацавання апорнага кола паміж ступіцай і кабінкай". Спецыялісты лічаць, што гэта "схаваны дэфект апорнага вала, які выявіўся толькі ўчора". Па словах Бабіўскага, пасля здарэння скаргаў пасажыраў не было, па меддапамогу ніхто не звяртаўся.