Неяк у студэнцкія гады я набыў у Гомелі, дзе на той час вучыўся ва ўніверсітэце, невялічкі зборнік лірыкі Міхася Стрыгалёва “Ростань”. Прывёз дахаты ў Патапаўку. Маці, убачыўшы кнігу на стале, сказала: “А прозвішча наша, недайскае”. Зазірнуўшы ж у выходныя даныя і ўбачыўшы імя па бацьку, дадала: “Здаецца, я нават ведаю, чый ён”. І не памылілася. Паэт і насамрэч родам з Недайкі. Нарадзіўся 23 мая (па пашпарце 25-га) 1938 года. Пасля заканчэння мясцовай сярэдняй школы год працаваў у калгасе імя Ф. Энгельса. Адтуль паехаў у Мінск, дзе ў 1961 годзе скончыў энергетычны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута.
А потым лёс закінуў нашага земляка ў горад Перм, куды, ва Уральскую ваенную акругу, яго, выпускніка-інжынера, прызвала Міністэрства абароны і дзе ён пражыў сямнаццаць гадоў. Як жа ўзрадаваўся беларус, калі на будынку, адведзеным пад жыллё, убачыў мемарыяльную дошку, прысвечаную Якубу Коласу. Аказваецца, і наш народны пісьменнік служыў тут! Пазней у сваіх успамінах Міхась Стрыгалёў напіша: “З таго моманту ўсё маё жыццё як бы асвяцілася неўміручым коласаўскім святлом – святлом Белай Русі”.
Пасля службы ў войску ён працаваў на інжынерных пасадах у розных будаўнічых трэстах Пярмі, літкансультантам абласной пісьменніцкай арганізацыі, у Доме народнай творчасці, рэдактарам шматтыражнай газеты. У 1969 годзе скончыў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве. І толькі ў 1978 годзе вярнуўся ў Беларусь – у горад Барысаў. Вярнуўся не з пустым багажом: на яго рахунку ўжо былі зборнікі паэзіі “Хмель” (1966) і “Цвет времени» (1971), кніга перакладаў “Четыре ветра: поэзия народов Прикамья” (1970), якія выйшлі ў Пярмі, а таксама выдадзеныя ў Беларусі паэтычныя зборнікі “Белая Русь” (1967) і “Ростань” (1974). Праўда, членам Саюза пісьменнікаў Міхась Лаўрэнавіч стане толькі ў 1988 годзе, выдаўшы перад гэтым яшчэ дзве кнігі – “Чырвоныя казармы” (1978) і “Кола фартуны” (1981). Пры жыцці паэта выйшаў і зборнік рускамоўнай паэзіі “Третья стража” (1999). Кнігі ж “Яшчэ да снегу” (2008) і “Белый монах” (2012) пабачылі свет пасля яго смерці – пра іх выданне парупіўся сын Аляксандр. Удваіх з бацькам яны пераклалі на рускую мову і зборнік чарнобыльскай паэзіі Міколы Мятліцкага “Бабчын” (1997).
Хоць наш зямляк доўгі час працаваў і жыў па-за межамі Беларусі, і свой першы зборнік вершаў выдаў па-руску, аднак малую радзіму не забываў ніколі. Яна была не толькі ў яго сэрцы, а і прабівалася ў паэтычныя, самыя светлыя радкі-ўспаміны. У трыпціху “Жытанежжа” са зборніка “Кола фартуны” Міхась Стрыгалёў шчыра прызнаецца:
Прывакзальны парк у Будзе.
Сэрца вабіць даль дарог.
Мне касмічнай кропкай будзе
і трывогай той парог.
Ад цярплівага чакання
цягніка ў таемны Мінск
удзялю вершаскладанню
не адзін даўжэзны міг.
Пэўна, тады яшчэ, будучы студэнтам палітэха, “у цярплівым чаканні цягніка ў таемны Мінск” і пісаліся радкі, якія (хай сабе і не гэтыя) упершыню з’явіліся ў 1956 годзе ў інстытуцкай шматтыражнай газеце “Советский инженер”. Ёсць у згаданым вершы і такая страфа: “Днепр і Буда-Кашалёва // ўспыхнуць словам аржаным, // васільковым, верасовым – // Жытанежжам, ім адным…” А гэта ўжо, відаць, адтуль, з Урала: “Ёсць недзе на свеце Смычок і Алба, // галёкае рэха ў чырвоным бары – // то піянерская грае труба // на школьным, маленства майго, двары”, бо, як прызнаецца паэт у вершы “Зямля маіх продкаў”:
Здаецца, я з кручы збягаю
к Дняпру
пад плёскат і хваль, і лазы.
Зямля маіх продкаў,
Белая Русь,
ад Камы ў дняпроўскія
цягне лясы.
Сум па радзіме не пакідае паэта ўдалечыні ад яе, наадварот, абвастраецца з большай сілай. Услед за Грыбаедавым, які сказаў, што “дым Отечества нам сладок и приятен”, наш зямляк таксама паўтарае: “Толькі вензелем з коміна дым // затрымціць на нябёс абрусе, – // бачу Бацькаўшчыну ў ім, // чую рэха Белае Русі…” Інакш ён і не называе радзіму, як “любоў мая гордая – Белая Русь”. І здалёк вітае яе: “Дзень добры, Буда-Кашалёў!”, згадваючы пры гэтым, як “аўтобус “Гомель – Жлобін” млява // праз сем гадоў вязе дамоў, – // і дзеўчына, з Жытоўлі мо, // ўступае месца мне ласкава” ці то праз далеч гадоў чуючы рэхам, “як равуць у Будзе – // у Кашалёўскай – цягнікі”, “а на Дзікаве антоны // долу падаюць з платоў”.
Жыццёвы век Міхася Стрыгалёва абарваўся 22 снежня 2005 года. Але яго справу плённа працягвае сын Аляксандр, які таксама, па прыкладзе бацькі, закончыў Літаратурны інстытут імя М. Горкага, стаў членам Саюза пісьменнікаў. Ён – аўтар некалькіх кніг паэзіі і перакладаў вершаў беларускіх паэтаў на рускую мову. У спіс апошніх трапіў і я. А нядаўна Аляксандр папрасіў мяне прачытаць і выказаць сваю думку пра рукапіс падрыхтаванай ім кнігі вершаў для дзяцей. Я прачытаў і думаю, што такая кніга ўпаўне мае права на жыццё.
Рыхтуючы гэты артыкул, знайшоў я ў сваім архіве і нумар газеты “Гомельская праўда” за 30 жніўня 1974 года. У ім апублікавана мая рэцэнзія “На ростані лёсаў і дум” на першы набыты мной у студэнцкія гады і ўжо згаданы на пачатку артыкула паэтычны зборнік земляка “Ростань”. З таго часу з-пад майго пяра выйшаў не адзін дзясятак рэцэнзій на новыя кнігі беларускіх пісьменнікаў – як старэйшых, так і маладых. Але тая асабліва памятная, бо яна – першая. І як крытык я пачаўся менавіта з Міхася Стрыгалёва.
Ёсць у мяне і верш, адрасаваны паэту-земляку. Шкада толькі, што напісаны ён пасля смерці Міхася Лаўрэнавіча і прысвечаны яго светлай памяці. Часам я чытаю гэты верш на сустрэчах з чытачамі. Можа, ён і чуе мае паэтычныя радкі там, на нябёсах? У любым выпадку тут, на зямлі, дзе пісьменнік пакінуў прыкметны след, яго памятаюць.
Анатоль ЗЭКАЎ.
Спіць лес альховы
Мой родны кут – мой цуд
вясковы,
Іграе зоркай небакрай,
Маланка жыхае – грамовы
Гуляе гул – грукоча гай,
І косіць хвалі гай раскуты,
Як мора, грае ў вышыні,
Мы ў ім – малыя шалапуты –
Збіраем зёлкі дзень пры дні.
Блішчаць расой бальшак
пуховы,
Луг аксамітны, траў абрус.
Тут матчын сон – сніць лес
альховы
Абранку з імем Беларусь!