Добраўпарадкаваннем тэрыторыі займаюцца ўсе разам

Источник материала:  
28.06.2018 — Разное
Добраўпарадкаваннем тэрыторыі займаюцца ўсе разам

прыгажосць на клумбах — справа рук жанчын, у ліку якіх супрацоўнікі ТЦСАН Алена Лабуць і Анастасія Якушава

Асаблівую ўтульнасць  нашаму невялікаму раёну надаюць прыгожыя добраўпарадкаваныя двары жылых дамоў з вялікай колькасцю рознакаляровых кветак, дэкаратыўных кустарнікаў і раслін, а таксама дагледжаная, з густам аформленая тэрыторыя вакол арганізацый і ўстаноў райцэнтра. Прыгажосць вакол нас ствараюць звычайныя людзі, працавітыя, творчыя, неабыякавыя  да сваёй роднай зямлі. На шчасце, іх вельмі шмат і ў нашым гарадскім пасёлку.

Звяртае на сябе ўвагу шаркаўчан на вуліцы 17 верасня тэрыторыя побач з будынкам былой Шаркаўшчынскай сярэдняй школы, дзе сёння разам з некаторымі іншымі ўстановамі размяшчаюцца аддзяленні тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва — дзённага знаходжання інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту, а таксама аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі. Драўляная альтанка, з густам аформленыя зялёныя астраўкі, прыгожыя кветнікі і клумбы, кампазіцыі з камянёў, добраўпарадкаваныя дарожкі  прывабліваюць увагу шаркаўчан і гасцей  нашага гарадскога пасёлка. А ствараюць такую прыгажосць сваімі рукамі — супрацоўнікі ТЦСАН разам з наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў.

— Пачынаючы з 2010 года паміж тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама існуе дамоўленасць, згодна з якой рабочыя ад аддзела занятасці насельніцтва і сацыяльна-працоўных адносін вясной высаджваюць нам кветкі. А добраўпарадкаваннем свайго двара мы займаемся самі: фарміруем клумбы і стараемся прыгожа іх аформіць, вырошчваем расаду, даглядаем за раслінамі, кустарнікамі і кветкамі, далучаем да гэтай работы сваіх наведвальнікаў, —паведаміла загадчыца аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Таццяна Мар’янаўна Клімза. — Працатэрапія дапамагае людзям з абмежаванымі магчымасцямі навучыцца новым відам дзейнасці. Для многіх догляд за раслінамі стаў сапраўдным захапленнем. І калі наведвальнікі аддзялення прыходзяць да нас на заняткі, іх радуе прыгажосць кветак, клапатліва вырашчаных сваімі рукамі. Таму яны з задавальненнем займаюцца азеляненнем разам з намі. А мы, супрацоўнікі аддзялення, ужо не першы год працуем з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі і таму з упэўненасцю можам сцвярджаць:нашы наведвальнікі — паўнапраўныя грамадзяне нашай краіны, яны працавітыя, добрыя, чулыя, вельмі імкнуцца быць запатрабаванымі грамадствам. А ў пераадоленні жыццёвых выпрабаванняў зачастую могуцбь быць прыкладам мужнасці, мэтанакіраванасці і сілы духа. І ў добраўпарадкаванні дваровай тэрыторыі яны аказваюць нам вялікую дапамогу. У бліжэйшы час усе разам паспрабуем стварыць некалькі кампазіцый з прыродных камянёў. Спадзяёмся, у нас усё атрымаецца.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

Оставить комментарий

Яндекс.Метрика