Інтэлект, спорт і талент. Напярэдадні свайго свята петрыкаўская моладзь паўдзельнічала ў конкурсна-забаўляльнай праграме
У мінулую суботу ў Петрыкаве прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Дню моладзі.
Нягледзячы на дрэннае надвор’е, петрыкаўская моладзь, апрануўшыся не па-летняму цёпла, прыняла ўдзел у гарадскім квэсце “Петрыкаў скрозь час”. 7 каманд змагаліся за першае месца. Па правілах конкурсу, удзельнікам патрэбна было знайсці лакацыі па старых фотаздымках горада і сфатаграфавацца з імі. Наступны этап – адказаць на пытанні, якія тычыліся гісторыі нашага краю.
Мацнейшай стала каманда “Я не ведаю” ў складзе Тоні Дашкевіч і Кацярыны Клімовіч. Другімі былі Марыя Кудравец і Антон Боскін, якія аб’ядналіся ў каманду пад назвай “023”, а трэцяе месца дасталося камандзе “Лятучы Галандзец”, за якую выступалі Аляксандр Ермалюгін, Вадзім Мякіш і Аляксандр Грыб.
Яшчэ адзін з этапаў святочнай праграмы праходзіў на аўтадроме ДТСААФ, дзе мясцовыя аматаркі ваджэння змагаліся за выхад на абласны этап конкурсу “Аўталедзі-2018”.
Дык вось, у Гомель паедзе пераможца конкурсу Юлія Туравец. За сваю перамогу дзяўчына атрымала ў падарунак картку на vip-мыйку аўтамабіля.
На працягу дня ў гарадской бібліятэцы праходзіла акцыя “Чытаючы Петрыкаў”, а гісторыка-краязнаўчы музей запрашаў моладзь на бясплатную экспазіцыю.
Канцэртная праграма “Моладзь – гэта маладосць, сіла і прыгажосць!” пачалася ў 20 гадзін. Падарункамі ўзнагароджвалі таленавітых прадстаўнікоў моладзі.
Раённая арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” узнагародзіла прызёраў конкурсу па выбары брэнду Петрыкаўскага раёна, а таксама пераможцаў творчага конкурсу сярод маладых журналістаў.
Т. СЯРГЕЕВА.
Фота А. ГУСЕВА, У. ЕСІПАВА.