20 чэрвеня Шаркаўшчынскі раён наведаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Пастаўскай выбарчай акрузе № 29 Сяргей Зямчонак
20 чэрвеня Шаркаўшчынскі раён наведаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Пастаўскай выбарчай акрузе № 29 Сяргей Рычардавіч Зямчонак. “Прамую лінію” з жыхарамі нашага раёна і прыёмы грамадзян па асабістых пытаннях Сяргей Рычардавіч праводзіў спачатку ў Шаркаўшчынскім райвыканкаме, а потым у Германавіцкім, Лужкаўскім і Радзюкоўскім сельскіх Саветах.
У невялікім інтэрв’ю, дадзеным перад пачаткам “прамой лініі”, дэпутат адзначыў, што прыёмы грамадзян — гэта своеасаблівыя індыкатары грамадскай думкі і грамадскіх запатрабаванняў, якія выяўляюць найбольш актуальныя праблемы. Часта людзі, звяртаючыся да дэпутата, спадзяюцца на хуткае і станоўчае вырашэнне іх пытання з дапамогай літаральна аднаго тэлефоннага званка. Але ж у большасці выпадкаў усё атрымліваецца не так проста. Здараецца, што зварот — гэта толькі пачатак работы. Часам, каб разабрацца ў нюансах, неабходна ўзгадаць законы, патрабуюцца кансультацыі спецыялістаў адпаведных органаў і служб. Перад тым, як ажыццявіць дэпутацкі запыт, праводзіцца значная папярэдняя работа.
— Наколькі часта, Сяргей Рычардавіч, жыхары нашага раёна звяртаюцца са сваімі праблемамі і нявырашанымі пытаннямі да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і якое значэнне для вас маюць такія сустрэчы ў рэгіёнах?
— За перыяд маёй дэпутацкай дзейнасці магу адзначыць, што ў Шаркаўшчыне да дэпутата па асабістых пытаннях жыхары раёна звяртаюцца не так часта. Няшмат і грамадска-значных пытанняў, якія ўплываюць на жыццядзейнасць усіх жыхароў вашага рэгіёну. Гэта, безумоўна, станоўчая тэндэнцыя і паказчык таго, што мясцовая улада і службы працуюць належным чынам. А калі і ўзнікаюць пытанні, то вырашаюцца яны самастойна і аператыўна.
І ўсё ж для дэпутата ў яго заканадаўчай, як і ўвогуле ў парламенцкай дзейнасці, адно з галоўных складаемых — асабісты кантакт, адкрытая, шчырая размова з людзьмі па ўсіх праблемах, якія іх хвалююць. А вытокам многіх заканадаўчых навацый па самых розных пытаннях з’ўляецца менавіта дэпутацкая работа ў выбарчых акругах. З рэгіёнаў дэпутаты прывозяць і свае прапановы. Яны ўлічваюцца пры карэкціроўцы заканадаўства, у рашэннях урада і іншых дзяржаўных органах.
— Раскажыце, калі ласка, пра асноўныя накірункі вашай дзейнасці ў якасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і пра тое, што зроблена асабіста вамі за апошнія месяцы на тэрыторыі Пастаўскай выбарчай акругі?
— На тэрыторыі сваёй выбарчай акругі сумесна з кіраўніцтвам Пастаўскага, Шаркаўшчынскага і Браслаўскага раёнаў займаюся рознымі сацыяльна-эканамічнымі пытаннямі. Вырашаю па меры магчымасці і канкрэтныя просьбы грамадзян, якія прыходзяць на мае дэпутацкія прыёмы, звяртаюцца з вуснымі і пісьмовымі зваротамі. Словам, будзённая дэпутацкая работа, як і ў маіх калег. Мы ўсе настроены на тое, каб наша заканадаўчая дзейнасць і праца ў выбарчых акругах прыносілі карысць простаму чалавеку.
Так, напрыканцы мая на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі мною была ўзнята праблема закрыцця ашчадных кас у невялікіх гарадках, пасёлках, на сяле. Пры гэтым ліквідуюцца не толькі сеткі банкаўскіх аддзяленняў, але і знікаюць ці перастаюць нармальна працаваць нават банкаматы. Такая сітуацыя звязана з масавым укараненнем інфармацыйных тэхналогій у беларускіх крэдытна-фінансавых установах. Але ж пажылыя людзі не заўсёды здольныя аператыўна засвоіць і паспяхова выкарыстоўваць новыя тэхналогіі на практыцы, у вялікай колькасці пенсіянераў банальна няма камп’ютара ці смартфона, і яны нават не ведаюць, як карыстацца гэтымі сродкамі. Пасля таго, як праблема была ўзнята, дэпутаты і вышэйшыя чыноўнікі выступілі з патрабаваннем не зачыняць банкаўскія аддзяленні ў невялікіх населеных пунктах. Адпаведны ліст з такой просьбай накіраваны ў Нацбанк і камерцыйныя банкі краіны ад імя першага віцэ-прэм’ера Васілія Мацюшэўскага і старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча.
У апошні час займаўся вырашэннем і многіх іншых пытанняў. У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з’яўляюся намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы.
Некаторыя праблемныя пытанні жыхарамі нашага раёна былі ўзняты і падчас сустрэчы з дэпутатам 20 чэрвеня.
У Германавічах, напрыклад, у апошнія гады павялічылася колькасць бяздомных сабак, якія пачалі збірацца ў зграі. Ужо зафіксаваны выпадкі знішчэння хатняй жывёлы сяльчан, а значыць праблему трэба неадкладна вырашаць. У Лужках на прыём да дэпутата прыйшоў жыхар аграгарадка Верацеі Георгій Пятровіч Каснікоўскі, які звярнуўся з просьбай аказаць дапамогу, каб падключыць у аграгарадку Верацеі і вёсцы Верацеі-2 паслугі высокахуткаснага доступу да сеткі інтэрнэт і інтэрактыўнага тэлебачання ZALA, дзе яны пакуль яшчэ адсутнічаюць. Па кансультацыю па гэтым пытанні Сяргей Рычардавіч звярнуўся да начальніка Шаркаўшчынскага РВЭС Глыбоцкага занальнага вузла электрасувязі Яўгена Валер’евіча Бялевіча, які паведаміў, што на 2019 год план работ ужо зацверджаны, а названыя населеныя пункты ўключаны ў План-прагноз капітальнага будаўніцтва РУП “Белтэлекам” на 2020 год. Раней ажыццявіць гэту работу ў Верацеях не ўяўляецца магчымым. Звярталіся жыхары раёна і з некаторымі іншымі пытаннямі да дэпутата. Ва ўсіх выпадках Сяргей Рычардавіч уважліва выслухаў хвалюючыя мясцовае насельніцтва праблемы і паабяцаў аказаць магчымую дапамогу.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.