Приветствие участникам и гостям «Берагіні»
Паважаныя сябры!
Сардэчна вітаю вас з нагоды правядзення X Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Гэта адзін з адметнейшых і цікавейшых фестываляў, які яскрава сведчыць аб багацці і разнастайнасці беларускай народнай спадчыны. “Берагіня” ўжо атрымала прапіску ў Акцябрскім раёне, бо фальклор быў і застаецца невычарпальнай крыніцай гэтага краю.
Сёлетні фестываль юбілейны, дзясяты, і ён сімвалічна супадае з Годам малой Радзімы. Праз традыцыі, праз усё лепшае, што назапашана ў народнай творчасці, перадаецца моладзі павага і любоў да Радзімы. Не выпадкова ў фестывалі ўдзельнічаюць дзіцячыя і моладзевыя калектывы, а побач з імі і аўтэнтычная творчасць, на якой трымаецца сучасны фальклор, базіруецца нацыянальная культура.
Гэты творчы форум – выдатная форма патрыятычнага выхавання асобы, магчымасць паказаць свае дасягненні, прыняць удзел у разнастайных конкурсных спаборніцтвах, абмеркаваць тэндэнцыі развіцця аўтэнтычнай культуры. Поспех фестывалю забяспечваюць прафесіяналізм арганізатараў і экспертаў, зацікаўленасць удзельнікаў, святочная атмасфера, створаная на легендарнай Рудабельшчыне, добра захаваныя народныя традыцыі рэгіёну, гасціннасць і шчырасць гаспадароў.
Выказваю падзяку кожнаму з удзельнікаў фестывалю за шчодры талент, адданасць і вернасць народнай культуры. Жадаю ўсім калектывам паспяховых выступленняў, творчых адкрыццяў, а гледачам – яркіх і незабыўных сустрэч з прыгожым, непаўторным мастацтвам.
Старшыня Гомельскага
аблвыканкама
У.А.Дворнік