Лагер, стрэлы, ваенком

Источник материала:  
21.06.2018 — Разное

НА МІНУЛЫМ ТЫДНІ У ЛАГЕРЫ “ВЕРАСОК” ЧУЛІСЯ СТРЭЛЫ І ВАЕННЫЯ ПЕСНІ.

Лагер, стрэлы, ваенком
У чацвер, 14 чэрвеня, каля 10 гадзін раніцы да варот лагера пад’ехалі тры легкавыя аутамабілі. З іх выйшлі некалькі чалавек. Мужчыны былі ў ваеннай форме, жанчыны ў цывільным адзенні. Некаторыя з мужчын адчынілі багажнікі і ўзялі адтуль гранаты і вінтоўкі. Усё гэта панеслі да варот. Гасцей сустрэлі дзяжурны па лагеру і ўзрушаная старшы выхавацель. Пасля невялікай размовы ўсе прайшлі на тэрыторыю ўстановы. Дзеля чаго ў дзіцячы лагер былі дастаўлены гранаты, і як былі выкарыстаны вінтоўкі, чытайце у рэпартажы.

Лагер, стрэлы, ваенком…Традыцыйна самая першая і самая кароткая змена ў лагеры – ваенна-спартыўная, на яе прыязджаюць толькі дзесяцікласнікі. Але збіраюцца яны з усяго раёна. Сярод хлопцаў і дзяўчат шмат прыхільнікаў спорту, ім даспадобы розныя спаборніцтвы, конкурсы і квэсты. Як і ў мінулым годзе, ваенкамат вырашыў правесці тут ваенна-спартыўную гульню “Зарніца”. Сёлета яе рамкі пашырыліся: дабавілася як конкурсаў, так і каманд, і членаў журы. Калі летась удзел у гульні прымала толькі частка выхаванцаў лагера, то зараз усе 110 чалавек адпачываючых падзяліліся на каманды. Каманд, такім чынам, атрымалася сем, прычым амаль усе выкарысталі ў сваіх назвах культавыя кінастужкі, такія, як “Узвод”, “Крэпасць”, “Воіны святла” і “Рэвальвер”. “Граната Ф-1” была ў меншасці (ці, мо, я проста не ўсё ведаю ў гэтым жыцці)).
Адкрыў гульню ваенны камісар Чэрвеньскага і Бярэзінскага раёнаў падпалкоўнік Артур ЧЭУС. Ён расказаў, як важна падлеткам, будучым прызыўнікам, займацца спортам, берагчы здароўе, весці здаровы лад жыцця. Прадставіў іншых арганізатараў і выканаўцаў праекта гульні: гэта старшыня Чэрвеньскага ДТСААФ Ігар НАВІЦКІ, першы сакратар райкама БРСМ Вячаслаў КЛІМКОВІЧ, падпалкоўнік Вадзім СТАНКЕВІЧ і капітан Максім КЛЮЕЎ, а таксама неваеннаабавязаныя супрацоўнікі ваенкамата. Агульную канцэпцыю гульні і маршруты для кожнай каманды распрацавала вядучы спецыяліст па сацыяльнай абароне і пенсійнаму забеспячэнню ваенкамата Анжэла ПЯТРОЎСКАЯ.Лагер, стрэлы, ваенком
Гульня пачалася з дамашняга задання: інсцэніроўкі ваеннай песні. Потым зарнічнікаў чакалі “станцыі”: “Ваенны эрудыт” (пытанні, звязаныя з вайсковай службай), “Вайсковыя званні”, Меткі стралок” (вось для чаго ў “Верасок” прывезлі пнеўматычныя вінтоўкі!), “Гранатай у цэль” (а вось для чаго ў “Верасок” прывезлі гранаты, дакладней, муляжы).
На станцыі “Санітарный пост” трэба было прадэманстраваць веды па аказанню неабходнай першай медыцынскай дапамогі пры няшчасным выпадку. На станцыі “Шыфроўка” каманды ўдзельнічалі ў нечым накшталт квэста: шукалі ключ да шыфру і расшыфроўвалі тэкст. На станцыі “Сімвалы Беларусі” можна было не толькі асвяжыць веды пра нашы герб і сцяг, але і праспяваць беларускі гімн. Бліжэй да абеду крыху стомленыя, але зацікаўленыя і скіраваныя на перамогу падлеткі дабраліся да апошняга конкурсу: “Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго!” Дарма вы падумалі, што тут удзельнікам выдавалі шпагі і батфорты: не, хлопцы і дзяўчаты перацягвалі канат.
Лагер, стрэлы, ваенкомАкрамя ўсяго гэтага, ваенком Артур ЧЭУС асабіста арганізаваў і правёў конкурс капітанаў. Усе сем каманд выставілі сваіх лідараў. Яны падцягваліся на перакладзіне. Хтосьці адолеў 10 разоў, хтосьці 12, хтосьці, дзе з рыўкамі, дзе з перадыхамі, дацягнуў да 15 ці 17-ці. Ва ўсякім разе, чыстых “сардэлек”, што вісяць нерухома і нават не тузаюцца, не было, усе хлопцы добра падрыхтаваныя фізічна. Павіншаваўшы пераможцу, саракадвухгадовы падпалкоўнік сам выканаў практыкаванне на турніку. Увесь лагер з захапленнем і апладысментамі ўспрыняў гэта! Ваенком паказаў вельмі добры вынік, не горш за маладых хлопцаў.
Салодкія прызы і дыпломы за месцы на п’едэстале лагернай “Зарніцы” атрымалі каманды “Рэвальвер” (3-е месца), “Крэпасць-1” (другое месца) і “Граната Ф-1”. За некаторыя асобныя станцыі таксама былі прызы. Так, за перамогу ў намінацыі “Меткі стралок” узнагароджана каманда “Воіны святла-2”, у намінацыі “Гранатай у цэль” – “Воіны святла-1”, у намінацыі “Шыфроўка” – “Узвод”, а званне “Лепшы капітан” заваяваў лідэр каманды “Граната Ф-1”.

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ.
Фота аўтара

←Вероятным местом встречи Трампа и Путина может стать Вена

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика