24-гадовы хлопец у Гродне заснуў і вываліўся з акна трэцяга паверху
Фота: БЕЛТА
Незвычайнае здарэнне адбылося ў Гродне. Два хлопцы з вёскі Лойкі прыехалі да сябра на вуліцу Ліможа ў абласным цэнтры. Для аднаго з іх паездкі ледзь не скончылася трагічна.
Як паведамляе прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама, хлопцы выпілі на траіх бутэльку каньяку і пайшлі спаць. Пад раніцу 24-гадоваму госцю стала горача. Ён адчыніў акно, лёг на прываконне і абапёрся аб сцяну. Неўзабаве ён заснуў, страціў раўнавагу і пачаў хіліцца ў бок адчыненага акна.
У гэты час па вуліцы ішоў мужчына, які пабачыў, што з трэцяга паверха вось-вось вываліцца чалавек. Ён набраў тэлефон міліцыі, але паведаміць нічога не паспеў: малады чалавек пачаў падаць з трэцяга паверха. Мінак стаў лавіць заснулага хлопца. Яму ўдалося змяніць траекторыю падзення, бо ў месцы, куды падаў малады чалавек, з зямлі тырчала арматура.
Дарэчы, пасля падзення хлопец падняўся, заявіў, што з ім усё ў парадку, і хацеў ісці ў кватэру, з якой вываліўся, каб спаць далей. Але мінак не даў яму сысці, а выклікаў "хуткую дапамогу". Лекары выявілі ў яго ўдар па хрыбце.
Цяпер ідзе праверка па гэтым выпадку.