Доктор маленьких «солнышек». Имя районного педиатра Татьяны Бумаженко занесено на районную Доску почёта

Источник материала:  
15.06.2018 — Разное

Артыкул пра раённага педыятра Т.М.Бумажэнку планавалі даўно. Таму калі незадоўга да Дня медыцынскіх работнікаў даведаліся, што яна знаходзіцца ў водпуску, крыху засмуціліся. Нашай сустрэчы маглі перашкодзіць паездка Таццяны Міхайлаўны на радзіму ў Шуміліна, іншыя асабістыя справы. Але ж ва Ушацкай ЦРБ нас супакоілі і параілі “пашукаць” доктара… у дзіцячым аддзяленні, куды яна заходзіць амаль штодня.

– Яшчэ падчас вучобы ў сёмым класе ведала, што стану педыятрам і ўпарта ішла да гэтай мэты! – адзначае наша суразмоўца. – Таму пасля заканчэння школы паступіла ў Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт і ніколькі не вагалася пры выбары спецыялізацыі.

У 2014 годзе малады медык не баялася па размеркаванні ехаць у незнаёмыя Ушачы: дзецям усюды патрэбна кваліфікаваная дапамога. Больш таго, угаварыла перабрацца сюды і мужа, які працаваў у пажарнай часці Полацка.Доктор маленьких «солнышек». Имя районного педиатра Татьяны Бумаженко занесено на районную Доску почёта

Урач-педыятр – прафесія асаблівая. Трэба валодаць высокім узроўнем прафесійнай падрыхтоўкі, бо малыш часта не можа сам расказаць, што яго непакоіць, умець выклікаць да сабе давер і, самае галоўнае, – любіць сваіх пацыентаў. Авалодваць усімі гэтымі “прамудрасцямі” маладому медыку дапамагалі яе вопытныя калегі Святлана Іванаўна Ерашова і Ніна Васільеўна Літвінава.

Дзень Таццяны Міхайлаўны поўны трывог за пацыентаў дзіцячага аддзялення, работу якога вядзе: ці не павысілася тэмпература, які ў малых апетыт, настрой. Хлопчыкі і дзяўчынкі старэйшага ўзросту знаходзяцца тут без бацькоў, таму для іх прыходзіцца быць крыху і мамай, і выхавальніцай.

Абстаноўка ў аддзяленні максімальна набліжана да дамашняй, каб дзеці адчувалі сябе камфортна, што вельмі радуе доктара. Некалькі гадоў таму тут адбыліся значныя змены: яркімі фарбамі зайгралі сцены, з’явілася новая мэбля і нават асобны гульнявы пакой. Але ж хуткаму выздараўленню малых спрыяюць найперш добразычлівыя адносіны і цёплыя словы самой Т.М.Бумажэнка. Бо інакш як “сонейка” да сваіх пацыентаў яна не звяртаецца. “Дыхай правільна, сонейка! Не плач, сонейка!” – угаворвае яна малышоў, сваім ласкавым і адначасова ўпэўненым голасам супакойваючы заадно і мам.

У спісе важнейшых задач раённага ўрача-педыятра – і выезд па выкліках, і патранаж дзетак да года, і перыядычныя медагляды хлопчыкаў і дзяўчынак, якія маюць хранічныя захворванні, знаходзяцца на дыспансэрным уліку. За дзень, бывае, на прыём да Таццяны Міхайлаўны трапляе да 40 пацыентаў. Найбольш частай прычынай іх недамагання з’яўляецца прастуда, але бываюць і менінгіт, пнеўманія, іншыя захворванні.

– Памятаю, як напярэдадні Новага года да нас у бальніцу ў цяжкім стане прывезлі 10-дзённае дзіця са спайкамі ў брушной поласці – для іх аператыўнага выдалення тэрмінова накіравалі малыша ў Віцебск. Некалькі дзён пасля гэтага тэлефанавала ў абласную бальніцу, цікавілася яго станам. А як было прыемна зноў убачыць яго на прафілактычным аглядзе – здаровага, пухлага, ружовашчокага!

На думку гераіні нашага аповеду, зносіны з маленькімі пацыентамі – лепшая “праверка на трываласць” для любога медыка. Гэта хоць і больш складана, але надзвычай цікава. Яна памятае амаль усіх хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх даводзілася лячыць, ведае іх характары і нават любімых казачных герояў. Напэўна таму Таццяну Міхайлаўну так любяць дзеці і паважаюць бацькі.

Часта даводзіцца педыятру затрымлівацца на рабочым месцы, працаваць у выхадныя і святы, наведваць нядобранадзейныя сем’і, што не заўсёды адказна ставяцца да здароўя сваіх дзяцей. Ну і, канечне, не адмаўляе знаёмым і суседзям, у якіх захварэў малыш, каб увечары наведаць апошняга на доме.

– Пакуль не маю сваіх дзяцей, але з’яўляюся ў пэўным сэнсе мнагадзетнай мамай, нават рэкардсменкай! – смяецца Т.М.Бумажэнка. – Ва Ушацкім раёне на сённяшні дзень крыху больш за дзве тысячы непаўналетніх. І ўсе яны – мае, усіх іх па-свойму люблю!

Зрэшты, такія пачуцці – у большасці сваёй узаемныя. Малышы не баяцца ісці ў бальніцу, радуюцца сустрэчам з “цёцяй Таняй”. Падлеткі ж бачаць у Т.М.Бумажэнка найперш сябра – наладжваюць з ёй зносіны ў сацыяльных сетках, а хлопцы часам нават прызнаюцца ў каханні.

Месцам, дзе дзіцячы доктар адпачывае душой і чэрпае сілы для чарговага рабочага дня, з’яўляецца яе дача ў вёсцы Ваўчо з вялікім прысядзібным участкам, дзе яна завіхаецца ў вольную хвілінку на градках і ў садзе. Вельмі многа тут і ў кватэры сям’і Бумажэнкаў розных кветак, вырашчаных яе клапатлівымі рукамі. Захапляецца і вязаннем – радуе сябе, блізкіх арыгінальнымі цёплымі рэчамі, якія ў халоднае надвор’е здольныя зберагчы здароўе.

У апошнія дні працоўнага водпуску Т.М.Бумажэнка стараецца больш часу праводзіць з сям’ёй, убачыцца з роднымі. Адна з яе сясцёр таксама пайшла ў медыцыну, стала фельчарам, а малодшая пакуль толькі марыць аб прафесіі ветэрынара. Для ўсіх родных, сяброў, знаёмых Таццяна Міхайлаўна – вялікі гонар. Нездарма ж ёй, маладой і не мясцовай, ва Ушацкай ЦРБ даверана надзвычай адказная пасада раённага педыятра, а па выніках работы за 2017 год яе прозвішча занесена на Дошку гонару Ушаччыны.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

←Полный беспредел: на триумфальную арку в Могилеве у горожан будут удерживать деньги из зарплаты

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика