Стаўбцоўшчына спартыўная

Источник материала:  
15.06.2018 — Разное

Стаўбцоўшчына спартыўная

УЗНАГАРОДЫ – З РУК АЛІМПІЙЦА

Традыцыйны лёгкаатлетычны крос на прызы майстра спорту міжнароднага класа, удзельніка Алімпійскіх гульняў у Манрэалі Аляксандра Гоцкага і сёлета вызначаўся масавасцю. Шанц праявіць сябе атрымалі як старшакласнікі, так і хлопчыкі і дзяўчынкі сярэдняй і малодшай узроставых груп. З пачаткоўцаў і пачнём, указаўшы школы, якія яны прадстаўляюць. Пераможцамі ў сваіх першых значных стартах на 500-метровай дыстанцыі сталі Маргарыта Гукалава (Коласаўская СШ) і Глеб Прыгодскі (СШ № 3 г. Стоўбцы), прызёрамі – Гражына Валадзько (Дзераўнянская СШ) і Дар’я Маліноўская (Рочавіцкая СШ), Дзмітрый Андрапай (Вішнявецкая СШ) і Арцём Сямёнаў (СШ № 2 г. Стоўбцы).

Дванаццацігадовыя і трынаццацігадовыя спартсмены адольвалі кіламетровую дыстанцыю. Тут пераможцамі сталі Аліна Чэмка і Данііл Сінкевіч, вучні СШ № 3 г. Стоўбцы. Прызавыя месцы ў Ганны Сіняўскай (Дзераўнянская СШ), Аляксандры Валадзько (СШ № 3 г. Стоўбцы), Максіма Калкоўскага (ДЮСШ) і Аляксандра Шаўко (Вішнявецкая СШ).

Карына Татэвасян ужо шматразовы лаўрэат такіх спаборніцтваў. Сёлета яна падзяліла першае і другое месцы з сяброўкай, вучаніцай той жа школы № 3 г. Стоўбцы Валерыяй Манік, на трэцім месцы – Аліна Цвірко (Навасвержанская СШ). Не раз вызначаўся ў забегах лёгкаатлетычнага кросу Мікіта Ліпніцкі з Цясноўскай школы, цяпер у яго найлепшы вынік.

Наступныя прызавыя прыступкі ў Арцёма Лагуты (СШ № 2 г. Стоўбцы) і Аляксандра Ждана (Рочавіцкая СШ).

Вера Бець з Вішнявецкай і Дзмітрый Маліноўскі з Шашкоўскай школы найлепш праявілі сваё ўменне ў забегу старэйшай групы. Прызавая радасць у Кацярыны Калоша (СШ № 3 г. Стоўбцы), Паліны Сачук (Горкаўская СШ), Арцёма Рынкевіча (Налібацкая СШ) і Віталія Галубца (СШ № 3 г. Стоўбцы).

Зноў пацвердзіла сваё званне самай спартыўнай у раёне, што грунтуецца найперш на майстэрстве і самааддачы выкладчыка фізічнай культуры, трэнера Анатолія Турчановіча, трэцяя гарадская школа. Відавочны плён працы педагогаў Вольгі Ярашэвіч і Генадзія Канановіча. Каманды іх школ (Вішнявецкай і Дзераўнянскай) занялі прызавыя месцы.

Зразумела, уручаючы ўзнагароды, паважаны алімпіец, трэнер рэспубліканскай зборнай па лёгкай атлетыцы Аляксандр Гоцкі быў задаволены. Юныя землякі пры належным старанні могуць спаўна праявіць свае здольнасці ў спорце.

 

НА КАПЫЛЬСКІМ КАЛЬЦЫ

Штогод на адмысловыя старты запрашае Капыль. Папулярным тут стала Капыльскае кальцо: для спрактыкаваных спартсменаў – паўмарафон, адольванне бегавой дыстанцыі даўжынёй 21 кіламетр. Менш працяглая, але таксама няпростая дзесяцікіламетровая траса. А вучні школ спаборнічаюць у эстафеце – 100+200+300+400 метраў. І тут безумоўнымі лаўрэатамі сталі юныя спартсмены Стаўбцоўшчыны. Каманда СШ № 3 г. Стоўбцы, якую падрыхтаваў трэнер Анатоль Турчановіч, паказала лепшы вынік. На другім месцы вучні Дзераўнянскай СШ, выхаванцы Генадзія Канановіча.

Юныя стаўбчане маюць належную падрыхтоўку ў розных відах лёгкаатлетычнай праграмы. Такі вывад робяць і сталічныя трэнеры, якія прысутнічаюць падчас спаборніцтваў, што праводзяцца на спартыўных арэнах Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі. Вось і Спартакіяда ДЮСШ была адзначана для нашых прызавымі ўзнагародамі. Іван Багдановіч паказаў найлепшы вынік у скачках у даўжыню і стаў трэцім у бегу на 300 метраў з бар’ерамі. У Таццяны Дзяргай другое месца ў кіданні кап’я і трэцяе – у штурханні ядра. Аляксандр Гросаў дабіўся трэцяга прызавога месца ў кіданні молата. Гэта лепшыя паказчыкі членаў зборнай Стаўбцоўшчыны, рабят 2003-2004 гадоў нараджэння. Не адсталі і іх таварышы на год-другі старэйшыя. Дзве прызавыя ўзнагароды ў Івана Каваленкі – за другі вынік у скачках у даўжыню і трэці – у трайным скачку. У скачках у даўжыню трэцім стаў Ягор Ключэўскі. Вера Бець паказала другі вынік у бегу на 800 метраў, Віталій Галубец – трэці на дыстанцыі 2000 метраў з перашкодамі.

І яшчэ адзін нядаўні поспех. Вучань СШ № 2 г. Стоўбцы Арцём Лагуцін перамог на двухкіламетровай трасе ў Жодзіне, дзе праводзіўся абласны крос.

 

ДА СТАРТАЎ ІІ ЕЎРАПЕЙСКІХ ГУЛЬНЯЎ

Майстар спорту, член зборнай каманды Беларусі па лёгкай атлетыцы. У нашага земляка Кірыла Борыса добрая перспектыва, падтрымка і выдатныя настаўнікі. Пачынаў спартыўны шлях ён у трэцяй школе горада Стоўбцы, закончыў ДЮСШ, рэспубліканскую школу алімпійскага рэзерву. Як таленавіты спартсмен атрымлівае Прэзідэнцкую стыпендыю. Над удасканаленнем яго майстэрства цяпер працуюць заслужаныя трэнеры Беларусі Таццяна Нарэйка і Уладзімір Полагаў.

Важныя старты Кірыла ў бліжэйшы час – у спаборніцтвах Кубка Беларусі па лёгкай атлетыцы, ён рыхтаваўся выступіць на дыстанцыі 400 метраў з бар’ерамі і ў эстафеце 4х400 метраў. А далей? Зусім верагодна – удзел у спаборніцтвах ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у наступным годзе ў сталіцы Беларусі Мінску.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

←Белорусские сыщики расширяют сотрудничество с ФБР

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика