10 чэрвеня работнікі сектара культурна-масавай і асветніцкай работы аг.Морына сумесна са старшынёй Іўеўскага сельвыканкама Таісіяй Валянцінаўнай Лось завіталі ў в. Каўкелі, каб наладзіць свята вёскі "Сэрцу любы куток".
Прыгожая, у зеляніне і квецені садоў, вёсачка Каўкелі размешчана на беразе ракі Гаўя. Тут заўсёды жылі, жывуць і будуць жыць руплівыя і дбайныя гаспадары. Заехаўшы ў вёску, погляд адразу ахоплівае прыгожыя дамы і кветнікі. Калісьці быў час, калі ўлетку кожную раніцу звінелі косы на лузе і жывёлы падавалі свае галасы, вёска поўнілася дзіцячым звонкагалоссем. Але з цягам часу ўсё мяняецца.
Так змянілася і вёска Каўкелі. Кожны раз, наведваючы вёску, бачым праявы новага вясковага жыцця. Як грыбы растуць пабудовы, але не простых вясковых хат, а шматпавярховых дамоў. Дамы будуюць тыя людзі, якія калісьці нарадзіліся і выраслі ў гэтай прыгожай вёсцы, а зараз жывуць у горадзе, а таксама іншыя, каму прыйшліся па душы гэтыя цудоўныя мясціны. Зараз яны наведваюцца сюды, каб адпачыць на маляўнічым беразе ракі ад гарадской мітусні.
Мясцовых жыхароў у вёсцы засталося, на жаль, вельмі мала, толькі 9 чалавек, усе старэнькія. Многіх з іх да сябе забралі дзеці. Свята наведала толькі адна жыхарка - Ніна Мікалаеўна Лапата. Але, трэба адзначыць, і гарадскія людзі (дачнікі) былі вельмі ўзрадаваны вясковаму святу, цёплым словам, цудоўным песням, вясёлым гумарэскам і байкам, якія прагучалі для ўсіх прысутных. І нельга было вызначыць лепшых жыхароў, бо ўсе яны заслугоўваюць добрых і шчырых слоў, павагі і пашаны. Сустрэча была можа для кагосьці і неспадзяванай, але цёплай і сардэчнай.
Канцэрт, у якім прынімалі ўдзел творчыя калектывы і выканаўцы аддзела культурна-масавай і асветніцкай работы аг. Геранёны, быў па душы і старому, і малому. Час прайшоў непрыкметна, усе прысутныя на свяце засталіся вельмі задаволены.
Т. ГУДЗЕНЬ, загадчык сектара культурна-масавай і асветніцкай работы аг. Морына ДУК "Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу".