Знайшлася жанчына, якая ўцякла з рэанімацыі ў Наваполацку

Фота: sb.by
Знайшлася 39-гадовая жанчына, якая ўвечары 11 чэрвеня ўцякла з рэанімацыі Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы. З таго часу яна хавалася ў лесе, а пасля сама выйшла да людзей, папрасіла выклікаць ёй "хуткую дапамогу", інфармуе сайт sb.by.
З панядзелка жанчыну шукалі міліцыянеры і валанцёры з атрада "Анёл". Пасля вяртання яна прызналася, што ў рэанімацыі была "ў засмучаных пачуццях", таму і рашылася на ўцёкі. У лесапаркавай зоне ўцякачка заблукала. Выйсці да людзей яна саромелася, паколькі была без адзення. Але пасля другой ночы, якую правяла пад адкрытым небам, пайшла да бліжэйшага дома. Гаспадыня кватэры патэлефанавала ў "хуткую".
Цяпер жанчына знаходзіцца пад наглядам медыкаў. Дарэчы, дагэтуль невядома, з-за чаго яна трапіла ў рэанімацыю.