Выхавальнікі нашай дашкольнай установы праводзяць работу з рабятамі па фарміраванні нацыянальнай свядомасці праз азнаямленне з нацыянальнай культурай, як неад’емнай каштоўнасцю беларускага народа. Аб гэтым расказала выхавальнік установы адукацыі Алена Лукашова.
Мы імкнемся далучыць сваіх выхаванцаў да прыгажосці роднай мовы, культуры, выхоўваем павагу да гісторыі, традыцый роднага краю.
Так, у кожнай узроставай групе аформлены куток беларускай культуры, што дазваляе дзіцяці ўбачыць малюнкі жыцця нашых продкаў, самабытную культуру свайго краю, прыродную спадчыну, а таксама стэнды з дзяржаўнай сімволікай.
Цікава і змястоўна праходзяць адкрытыя заняткі. Выхавальнікі вучаць хлопчыкаў і дзяўчынак цаніць і берагчы сваю малую радзіму, ганарыцца сваёй краінай і быць яе патрыётам.
Калектыў плануе сваю работу такім чынам, каб абудзіць у дзяцей жаданне ведаць звычаі, абрады і традыцыі свайго народа, цікавасць да ўзораў нацыянальнага беларускага адзення, вышыўкі, побыту беларусаў.
І гэта прыносіць свой плён: выхаванка сярэдняй групы Віталіна Нявінская заваявала другое месца ў раённым конкурсе пошукавых работ. Тэма яе работы — “Беларусь мая сінявокая”.
Працуем з бацькамі выхаванцаў. На агульных сходах, у індывідуальных гутарках, кансультацыях выхавальнікі імкнуцца данесці да дарослых, што Радзіма для дзяцей пачынаецца з сям’і. Бацькі з першых крокаў дзіцяці павінны прывіваць яму любоў і павагу да роднай зямлі, людзей, што жывуць і жылі на ёй. Фарміраванне духоўнага аблічча дзіцяці павінна праходзіць у атмасферы культуры роду, сярод партрэтаў продкаў, радаводаў, паданняў пра славутую даўніну, так як усё гэта спрыяе выхаванню пачуцця гордасці за сваю нацыю і свой народ. Такі нацыянальна выхаваны чалавек заўсёды з павагай і беражлівасцю будзе ставіцца да спадчыны народа, яго звычаяў, традыцый, культуры, а пазней перадасць гэты скарб сваім дзецям.
Адным з прыкладаў такога падыходу з’яўляецца сумесная работа бацькоў і іх дзяцей па складанні сямейных альбомаў. З аднаго боку, дзеці папаўняюць веды пра сваіх продкаў, з другога — гэта садзейнічае актыўнаму ўключэнню бацькоў у сумесную дзейнасць з дзіцяці.
Важна зразумець, што сям’я і ўстанова адукацыі павінны існаваць у гармоніі для паўнацэннага выхавання маленькага чалавека як асобы, грамадзяніна-патрыёта.