Адгучалі выпускныя вечары
Вось і закончыліся выпускныя экзамены. Адгучалі выпускныя вечары ва ўсіх школах рэспублікі. Выпускны баль для адзінаццацікласнікаў школ раёна адбыўся ў мінулую суботу на плошчы Бессмяротнасці г. Стоўбцы.
Гэты дзень паставіў кропку ў школьным жыцці і распачаў перад маладымі людзьмі новы этап. Дарога ў дарослае жыццё адкрылася для 304 выпускнікоў Стаўбцоўшчыны, сярод іх 19 залатых медалістаў і два – сярэбраныя.
З віншаваннямі і парадамі да выпускнікоў школ раёна, іх бацькоў, настаўнікаў звярнуліся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім, намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Людміла Стонька, намеснік начальніка Стаўбцоўскага РАНС Андрэй Герасіменка. Благаславіў выпускнікоў на далейшы шлях у жыццё благачынны прыходаў Стаўбцоўскай акругі протаіерэй Аляксандр Марцінчык.
За высокія дасягненні ў вучобе, працавітасць і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўзнагароджаны медалісты школ Стаўбцоўскага раёна. Пасведчанне аб атрыманні прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў уручылі пераможцу заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах 2017 года Паўлу Камёнку.
Са словамі віншаванняў завіталі на выпускны баль і першакласнікі. Затым з падзякай за мір і шчасце на нашай зямлі выпускнікі ўсклалі кветкі да помніка на плошчы Бессмяротнасці.
Ад імя бацькоў выпускнікоў з віншаваннямі і падзякай настаўнікам, кіраўніцтву райвыканкама звярнулася Людміла Тухолка. І, безумоўна, слова дадзена самім выпускнікам. Раённая кніга–летапіс выпускнікоў Стаўбцоўскага раёна перадаецца Жанне Мікалаеўне Лысай.
І… развітальны школьны вальс.
Кружил вечер пары в вальсе,
Чаруя, пленяя, неся.
И пожелаем побольше счастья,
Удачи, радости, добра!
У добры шлях, дарагія выпускнікі!
Нэлі АСТРЭЙКА, фота аўтара