У Оршы ўначы разбіўся матацыкліст, раней яго 41 раз прыцягвалі да адказнасці
Фота: ДАІ
У Оршы ўначы разбіўся 30-гадовы матацыкліст. Ён ехаў на Kawasaki ZX-9R, не саўладаў з кіраваннем і перакуліўся. Паводле папярэдніх дадзеных, мужчына быў без шлема, ад атрыманых траўмаў ён памёр на месцы. 20-гадовая пасажырка была ў шлеме, яе шпіталізавалі.
Як паведаміў "СБ. Беларусь сегодня" начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Казючыц, з 2008 года матацыкліста 41 раз прыцягвалі да адказнасці за розныя парушэнні правілаў дарожнага руху. Сёлета яго ўжо штрафавалі за перавышэнне хуткасці. Перавысіў мужчына яе і падчас сваёй апошняй паездкі. Мяркуецца, што ён не ўлічыў асаблівасці свайго матацыкла (ён, дарэчы, аказаўся незарэгістраваным) і стан дарогі.
Крымінальную справу распачалі па артыкуле "Парушэнне правілаў дарожнага руху ці эксплуатацыі транспартных сродкаў".