Хто ў ярэмічах хоць раз пераначуе, назаўсёды тут застанецца. Так здаўна гаварылі пра сваю вёску мясцовыя жыхары. У гады вялікай айчыннай вайны, калі па сёлах хадзіла шмат жабракоў, вяскоўцы падаянне давалі, а вось начлег не прапаноўвалі: насельніцтва тут расло літаральна ў геаметрычнай прагрэсіі.
Аб гэтым мне расказвае мясцовы ўраджэнец, у недалёкім мінулым урач Бабруйскай гарадской паліклінікі Мікалай Аляксандравіч Жук, які ўжо некалькі гадоў пасля выхаду на пенсію жыве ў бацькоўскім доме, абуладкоўвае радавое гняздо.
— Пасля заканчэння медыцынскага фсінстытута я трапіў па размеркаванні ў Бабруйск, — расказвае ён, — жаніўся яшчэ на апошнім курсе. Жонка Ліля таксама мясцовая, з Антанёва. Увесь час мяне цягнула дадому, на Ярэміччыну. За столькі гадоў да горада я так і не прывык, і кожны водпуск за 250 кіламетраў ляцеў сюды, у бацькоўскі дом, да роднага Нёмана. Нібыта магнітам, як птушак з далёкага выраю, што кожную вясну абавязкова вяртаюцца на Радзіму, цягнула сюды і мяне.
Род Жукоў, альбо па-вулічнаму Мікітаў, на Карэліччыне ведаюць добра. Родны брат Мікалая, Анатолій Жук – Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, пісьменнік, паэт (на жаль, амаль 10 гадоў таму яго не стала). З самага дзяцінства браты былі не толькі прызвычаены да нялёгкай сялянскай працы, але раслі ў творчай, нават артыстычнай атмасферы. Маці Алена Васільеўны была вельмі працавітай, зямной жанчынай, ведала цану працы. Тата Аляксандр Аляксандравіч, дыякан мясцовага храма, быў пагружаны ў свет літаратуры, “Новую замлю” Коласа ведаў на памяць, быў музыкам-самавучкам, ладзіў у мясцовым клубе пастаноўкі. У гэтым своеасаблівым дамашнім тэатры ігралі абодва яго сына. Будучы ўрач Коля іграў на баяне, а Толік, якому праз некалькі гадоў пакарыліся сталічныя тэатральныя падмосткі, дэкламаваў вершы і байкі. Мікіты выступалі не толькі на сцэне мясцовага клуба, але гастраліравалі па ўсім раёне, з задавальненнем прымалі прапановы выступіць яшчэ і яшчэ.
— Бацькі хацелі, каб я стаў урачом, а Толік інжынерам, — расказвае субяседнік, — я іх паслухаўся, а брат пайшоў наперакор. Мама пазычыла дзесьці 10 рублёў і дала яму з сабой, а бацька, раззлаваны, не даў ні капейкі. Памятаю, праз некалькі месяцаў пасля ўступных іспытаў у інстытут прыйшоў наш сусед і кажа: “Саша, пра твайго Толю ў газеце напісалі”. Маці забожкала: “Што ён там нарабіў?” Аказалася, цэнтральная газета расказала пра таленавітага вясковага юнака, які стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Канешне, потым бацькі ганарыліся Толем, але спаўна так і не змаглі нацешыцца яго трыумфам: рана пайшлі з жыцця.
Мікалай Аляксандравіч, які сёння беражэ бацькоўскую сядзібу як зрэнку вока, успамінае, што пэўны час дом пуставаў:
— Ведаеце, у кожнага была свая работа, клопаты, сям’я. Нават неяк узнікла думка прадаць хату, але Толя катэгарычна сказаў: “Не!” Я і дагэтуль яму ўдзячны. Брат у бацькоўскай хаце напісаў свае лепшыя творы. Напрыклад, верш “Край мой, край…” са зборніка «Туга»:
Край мой, край! Няма нічога
Майму сэрцу даражэй
Твайго Сонца, твайго Бога,
Тваіх Птушак і Людзей.
Ўсё, што маеш — да расінкі,
Да апошняга лістка
Я нясу, нібы радзімку,
Ў сваім сэрцы да Хрыста.
Каб Ён даў мне блаславенне —
Век не страціць гэты рай.
Калі ёсць ад мук збавенне —
Дык твой воблік, родны край!
— Ён гаварыў: “Коля, ярэміцкая зямля – яна своеасаблівая. Магчыма, яе магнетызм звязаны з тым, што тут выгінаецца Нёман. І людзі тут сапраўдныя самародкі”. Жыла тут калісьці гадалка, якая дакладна прадказвала будучыню. А чаго толькі каштаваў пячнік Міця, які нідзе не вучыўся, але так па-майстэрску рабіў печы, што яго ведалі нават у Мінску. Узяць хоць бы аматарскае аб’яднанне “Закрытыя твары”, якое вядома далёка за межамі раёна сваімі арыгінальнымі маскамі і тэатралізаванымі выступленнямі.
Мікалай Аляксандравіч ганарыцца тым, што і наступныя пакаленні Жукоў не менш любяць свае карані, чым іх продкі:
— Мае трое ўнукаў кожнае лета прыязджаюць з Бабруйска ў Ярэмічы і жывуць тым жыццём, якім калісьці жылі мы з братам. Нёман, вудачка, парное малако і ніякіх гаджэтаў. Хлопцы ўмеюць і скасіць, і цвік забіць, і кол зачасаць. А яшчэ чытаюць кнігі. Мой бацька заўсёды нам з братам гаварыў: “Хлопцы, без кнігі нічога не будзе!” І я сваім кажу: “Чытайце больш, вершы вучыце. Інакш пра што вы з дзяўчатамі размаўляць будзеце?”
За лёс сваёй малой радзімы Мікалай Жук спакойны. Сын Сяргей, вядомы ў Бабруйску пластычны хірург, якому не раз прапаноўвалі з’ехаць на працу за мяжу, заўсёды адмаўляецца, гаворыць: “Дзе нарадзіўся, там свае сілы аддаваць буду”. І зноў з пакалення ў пакаленне спрацоўвае ён, магнетызм зямлі, прыцягненне роднай старонкі.
Іна ЛЕЙКА.
Фота аўтара, Аксаны ЯНУШ і з архіва
Карэліцкага раённага краязнаўчага музея.
З біяграфіі Анатолія Аляксандравіча ЖУКА
Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь. У 1970 годзе пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута працаваў у Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі ў Бабруйску, дзе ўвасобіў 50 роляў. Роля Нік-Ніка ў пьесе “Нік-Нік, ці Дон-Кіхот з праектнага бюро” Бурсана і Панко – пастаўлена ў 1971 годзе – была адзначана граматай Міністэрства культуры СССР на фестывалі румынскай драматургіі ў 1971 годзе.
З 1975 года працаваў у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача. Шматгранны талент Анатолія Жука прынёс беларускай літаратуры шмат выдатных твораў. У якасці пісьменніка ён выдаў некалькі зборнікаў прозы: “Помста матылькоў” (1991), “Пагаварыць трэба” (1993), “Дзённае паляванне на луну” (2002), скандальны раман “Бульвар”(2009) пра жыццё багемы, зборнік вершаў “Туга” (2007). На шырокім экране з поспехам ішла айчынная кінастужка “Кадэт” рэжысёра Віталія Дудзіна, дзеянне якой адбываецца ў Заходняй Беларусі ў першае пасляваеннае лета. Работа над гэтай стужкай стала магчымай дзякуючы таму, што літаратурная першакрыніца Анатолія Жука была адзначана на конкурсе сцэнарыяў, праведзеным “Беларусьфільмам”.
У Тэатры юнага гледача ў А. Жука былі тры вызначальныя ролі: валявы і адначасова пластычны верны ваявода князя Уладзіміра Дабрыня (“Палачанка” А. Дударава), высакародны граф Дарэнкур (“Маленькі лорд Фаунтлерой” М. Воранава па Ф. Бернетт) і Палкоўнік Кінчын (“Матылёк” П. Гладзіліна).
Ролі, выкананыя акцёрам у Тэатры юнага гледача, увайшлі ў кладзезь нацыянальнага тэатральнага мастацтва Беларусі. Сярод іх – Несцерка (“Несцерка” В. Вольскага), Трыгонін (“Чайка” А. Чэхава), Рабінін (“Юнацтва бацькоў” Б. Горбатава), Луі Лепал (“Эдзіт Піаф” В. Легентава), Міканор (“Подых навальніцы” І. Мележа), Важак (“Бэмбі” Ф. Зальтэна), Жухрай (“Як загартоўвалася сталь” М. Астроўскага) і многіх другіх. Зняўся ў мастацкіх фільмах “Пушча”, “Маці ўрагана”, “Душа мая Марыя”, “Паміж жыццём і смерцю”.
У 2007 годзе атрымаў Трэцюю прэмію конкурсу Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” на лепшы сцэнарый паўнаметражнага мастацкага і тэлевізійнага фільма “За каханнем каханне, ці Адзін”.