За суткі на пажарах загінула 3 чалавекі
На пажары ў Бабруйскім раёне загінуў мужчына. Фота: МНС
За мінулыя суткі на пажарах загінула 3 чалавекі — такія здарэнні адбыліся ў Бабруйскім, Воранаўскім і Клецкім раёнах. Напрыклад, у Бабруйскім раёне ахвярай пажару стаў 59-гадовы мужчына, начальнік участка УПК “Жылкамгасп” — ён загінуў у сваім доме ў вёсцы Гарбацэвічы.
У Воранаўскім раёне пажар з гібеллю чалавека адбыўся ў вёсцы Каркуцяны — там таксама загінуў мужчына ў сваім доме, сам будынак значна пацярпеў ад агню. У Клецкім раёне загінуў жыхар вёскі Каранеўшчына.
Усяго па краіне за мінулыя суткі адбылося 28 пажараў, паведамляе прэс-служба МНС. У Маладзечне супрацоўнікі МНС на пажары ў трохкватэрным жылым доме паспелі ўратаваць жанчыну. У Баранавічах гарэла кватэра ў пяціпавярховіку — выратавальнікі вынеслі з памяшкання гаспадара, які атруціўся прадуктамі гарэння, а таксама меў вострую алкагольную інтаксікацыю. Мужчыну шпіталізавалі.