Падзівіліся навінкамі, парадаваліся за ўласную прадукцыю

Источник материала:  
08.06.2018 — Разное
>
Падзівіліся навінкамі,  парадаваліся за ўласную прадукцыю

Фото Оксаны Манчук, БЕЛТА.

На выставе «Белагра-2018» пабывала і дэлегацыя нашага раёна. Узначальваў яе першы намеснік старшыні райвыканкама Генадзій Лютынскі. Карэспандэнт «Пастаўскага краю» Анна Анішкевіч папрасіла яго падзяліцца ўражаннямі.

— У складзе дэлегацыі былі спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Валерый Мурза, Марыя Кірылава, Таццяна Андрэева, кіраўнікі ААТ «Хацілы-агра» Вячаслаў Крыштафовіч, «Ярэва-агра» — Раман Вырвіч, «Янавіца-агра» — Андрэй Кажурна, «Навасёлкі-Лучай» — Юрый Шымчык, а таксама спецыялісты гэтай гаспадаркі Яўгеній Вішнеўскі, Аляксандр Міхалевіч і Міхаіл Дайлідзёнак, — расказваў Генадзій Іосіфавіч. — Выстава ўразіла памерамі. Тут жа можна было ўбачыць і агрэгаты, якія працавалі ў полі да Вялікай Айчыннай вайны, і навінкі айчынных і замежных вытворцаў. Толькі на адкрытай пляцоўцы больш за 300 узораў сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікі. Увагу прыцягнуў суперкамбайн «КЗС-2124КР» вытворчасці «Гомсельмаша». Ён абсталяваны шматлікімі опцыямі, сярод якіх ёсць нават сістэма дакладнага земляробства, у ім удасканалена рабочае месца. Машына распазнае вільготнасць збожжа, фіксуе ўраджайнасць. Не мае аналагаў у свеце яшчэ адна мадэль газаматорнага камбайна «КЗС-4118К». Рухавік магутнасцю 350 конскіх сіл адносіцца да экалагічнага класа і працуе на кампрыміраваным прыродным газе. Мінскі трактарны завод прадставіў трактар «Беларус-3522» на гусенічным хаду. Напэўна, кожны, хто праходзіў міма свое­асаблівага робата-трансформера, рабіў з ім сэлфі.

На экспазіцыі «Белферма» дэманстраваліся апошнія распрацоўкі ў галіне жывёлагадоўлі: кармушкі для жывёлы і абсталяванне для яе ўтрымання, даільныя ўстаноўкі, халадзільнікі і многае іншае. У вальерах красаваліся дасягненні племянной жывёлагадоўлі: высокапародныя каровы, магутны бык вагой 1100 кілаграмаў, коні.

Цікава было пазнаёміцца з інавацыйнымі ветэрынарнымі прэпаратамі для лячэння і прафілактыкі многіх захворванняў буйной рагатай жывёлы, маладняку, свіней.  

На выставе арганізавана «рыбацкая вёска», у якой наведвальнікаў частуюць наварыстай юшкай, прапануюць прадукцыю вядучых рыбгасаў, сярод якіх і нашы «Навінкі». А самая «смачная» частка «Белагра» — экспазіцыя «Белпрадукт»: прадукты харчавання высокай якасці з усёй краіны. Прыемна, што шмат наведвальнікаў пастаянна ля выставы Пастаўскага малочнага завода. Чулі найлепшыя водгукі пра смакавыя якасці прадукцыі.

У шматлікіх павільёнах можна было прадэгуставаць не толькі беларускія прысмакі, але і замежных краін, палюбавацца крэатыўным афармленнем вітрын. Напрыклад, шчырую ўсмешку выклікала сялянка, вырабленая з каўбасак, замілаванне — сукенка нявесты …з белага зефіру, здзіўленне — лінейка з шакаладу.

Пабываць на выставе «Белагра» заўсёды цікава. Вось і на гэты раз па­дзівіліся навінкамі, парадаваліся за ўласную малочную прадукцыю і прадукцыю рыбгаса «Навінкі».

←Входящие в G7 страны Европы согласовали общую позицию по возможному возвращению в группу России - против

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика