Дзіяна Лук’янёнак, Макар Пундзіс і Карына Мядзелец сталі ўдзельнікамі рэспубліканскага балю выпускнікоў
Сёлета ўпершыню на рэспубліканскім узроўні ва ўрачыстай атмасферы ўшанавалі лепшых выпускнікоў агульнаадукацыйных школ краіны. 30 мая ў сталіцы, у “Мінск-Арэне”, сабраліся 10 тысяч юнакоў і дзяўчат на свята “Апошні званок”. Да мінскіх выпускнікоў далучыліся яшчэ 1.200 іх равеснікаў з рэгіёнаў — па 100 лепшых вучняў. А сталічны рэгіён прадстаўлялі на свяце 600 юнакоў і дзяўчат. На такое незабыўнае мерапрыемства пашчасціла трапіць і шаркаўчанам. Наш раён у Мінску прадставілі выпускнікі сярэдніх школ гарадскога пасёлка № 1 і 2 Макар Пундзіс і Дзіяна Лук’янёнак, а таксама выпускніца Германавіцкай СШ, кіраўнік Маладзёжнай палаты, створанай пры Шаркаўшчынскім раённым Савеце дэпутатаў, Карына Мядзелец.
На свяце прысутнічаў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Жарко. Ён зачытаў прывітальны адрас ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі выпускнікам. Шмат найлепшых пажаданняў на будучае самастойнае жыццё ўчарашнім вучням выказаў на ўрачыстасці і міністр адукацыі Ігар Карпенка.
Далей адбылося ўшанаванне выпускнікоў у розных намінацыях. Узнагароды юнакам і дзяўчатам уручалі спявак Аляксандр Саладуха, алімпійскі чэмпіён Аляксандр Багдановіч, міністр адукацыі Ігар Карпенка.
Самай вясёлай атрымалася заключная частка свята, калі перад выпускнікамі выступілі знакамітыя беларускія эстрадныя групы і спевакі. Бадзёры настрой стваралі групы “Тяни-Толкай”. “NaviBand”, ТЕО і Вольга Рыжыкава, Алена Ланская, Георгій Калдун і шмат іншых.
З масай пазітыўных уражанняў, новых знаёмстваў і незабыўных сустрэч вярталіся дамоў нашы выпускнікі-шаркаўчане з рэспубліканскага свята.
Дарэчы, 9 чэрвеня, выпускнікі школ гарадскога пасёлка і Шаркаўшчыны ўрачыста развітваюцца са сваімі навучальнымі ўстановамі на школьным балі. Пасля гэтага ўсе думкі і мары кожнага з іх будуць накіраваныя ў будучыню. Якой яна будзе, шмат у чым залежыць менавіта ад іх саміх.
Сяргей РАЙЧОНАК.