В Амбросовичах лагерь «Дружба» принял на первую смену 110 детей
1 чэрвеня аздараўленчы лагер “Дружба” РУП “Віцебскаблгаз” прыняў першую змену адпачываючых – 110 дзяцей з Полацка, Наваполацка, Шуміліна, Оршы, Чашнікаў, Докшыц і іншых гарадоў. У гэтым годзе адпачынак у аздараўленчым лагеры арганізаваны ў чатыры змены, кожная з якіх доўжыцца 18 дзён. Усяго за лета ў “Дружбе” адпачнуць 440 хлопчыкаў і дзяўчынак.
«Лагер у Амбросавічах карыстаецца вялікай папулярнасцю. Многія школьнікі, якія адпачывалі ў нас летась, прыехалі зноў, – расказала начальнік лагера Святлана Вязіцкая. – У нас адпачываюць дзеці і з Расійскай Федэрацыі».
Да адкрыцця летніку рыхтаваліся загадзя: пабудавалі новыя душавыя кабіны, рэканструявалі амфітэатр, дзе праходзяць культурна-масавыя мерапрыемствы і дыскатэкі. Упершыню ў гэтым годзе ў лагеры працуюць культарганізатар і псіхолаг. Як лічыць Святлана, сёлета тэрыторыя летніка значна папрыгажэла, бо тут з’явіліся новыя архітэктурныя формы.
Рэжым дня ў летніку складзены такім чынам, што большую частку часу дзеці праводзяць на свежым паветры. Яны гуляюць, танцуюць, малююць, лепяць, працуюць з прыродным матэрыялам. Шмат мерапрыемстваў накіравана на здаровы лад жыцця. І падчас нашага прыезду дзеці гулялі ў мяч, бавілі час на валейбольных ці баскетбольных пляцоўках, тэнісным корце, у басейне, гулялі ў більярд.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №44 ад 08.06.2018 г.